Вы тут

Ваенны педагог Уладзімір Свякла: "Люблю сваю працу ўсім сэрцам"


Больш як 9 з паловай тысяч курсантаў і афіцэраў з 25 краін свету ён навучыў ваеннаму майстэрству за гады выкладчыцкай дзейнасці ў Ваеннай акадэміі Беларусі. Яго выпускнікі — сённяшнія генерал-лейтэнанты і дэпутаты, кіраўнікі воінскіх падраздзяленняў і начальнікі кафедраў ваеннай альма-матэр. Для ўсіх вучняў 80-гадовага педагога аднымі з найважнейшых пастулатаў і сёння з'яўляюцца гонар, маральная годнасць і сумленне афіцэра. Менавіта гэтай найважнейшай навуцы — выхаванню асобы — прысвяціў сваё жыццё ганаровы педагог Ваеннай акадэміі з 45-гадовым стажам, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры сацыяльных навук, палкоўнік у адстаўцы Уладзімір СВЯКЛА.


Ула­дзі­мір СВЯК­ЛА —  вы­клад­чык Мінск­ага вы­шэй­ша­га ін­жы­нер­на­га  зе­ніт­на-ра­кет­на­га ву­чы­лі­шча (ця­пер Ва­ен­ная ака­дэ­мія). 1970 год.

— Люблю сваю працу ўсім сэрцам, — кажа ў пачатку нашай размовы 80-гадовы педагог. — Пакуль жыву, буду вучыць і выхоўваць у курсантах асобу. Бо лічу, без высокіх маральных пачаткаў — прыстойнасці, сумленнасці, сілы духу і патрыятызму — не можа адбыцца ні салдат, ні лейтэнант, ні генерал.

Уладзімір Свякла — з кагорты тых афіцэраў-педагогаў, хто і сёння застаецца на перадавой лініі барацьбы за духоўнасць, культуру, патрыятызм у армейскіх радах, а значыць, за выхаванне асобы з вялікай літары. І выхоўвае ён асабістым прыкладам, распавядаючы пра гады афіцэрскай службы ў вялікіх і малых, у самых аддаленых гарнізонах, пачынаючы з Далёкага Усходу і заканчваючы роднай Беларуссю.

Першай марай шэравокага хлапчука з невялікай беларускай вёсачкі Барова, што за паўтара кіламетра ад Нёмана, была мара стаць ваенным лётчыкам. Яго бацька пайшоў на фронт і не вярнуўся. Радавы пяхоты, ён загінуў у баі і быў пахаваны ў Інстэрбургу. У гады вайны Барова называлі Масквой — гэта мястэчка знаходзілася на тэрыторыі партызанскага краю, і бараўчане, чым маглі, дапамагалі партызанам. Уладзімір Іванавіч успамінае, як іх сям'я на свой страх і рызыку хавала ў хаце на печы чырвонаармейца Сашу Карэліна з Архангельскага краю. Пазней той пайшоў у партызанскі атрад і загінуў у дазоры. Ужо пасля Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Свякла пачаў пошукі загінуўшага салдата праз Падольскі ваенны архіў і газету «Красная звезда», але, на жаль, беспаспяхова.

Буквар будучы педагог першы раз у рукі ўзяў толькі ў сорак чацвёртым, ужо пасля вызвалення беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Скончыўшы сямігодку, вучыўся ў Іўеўскай сярэдняй школе, дзе быў адным з найлепшых вучняў. Трое хлопчыкаў, бацькі якіх загінулі на франтах Вялікай Айчыннай, атрымаўшы атэстат, прынялі рашэнне пайсці ў ваеннае вучылішча. Уладзімір Свякла і яго сябар з суседняй вёскі Генка Пінчук, бацьку якога за сувязь з партызанамі расстралялі фашысты, разам прыйшлі ў ваенкамат.

Курсантам Арзамаскага ваеннага вучылішча сувязі Уладзімір Свякла стаў у 1954 годзе. І, паколькі быў выдатнікам, меў права сам выбіраць першае месца сваёй службы — Групу савецкіх войскаў у Германіі. Першая воінская пасада — камандзір радыёўзвода 74-га гвардзейскага Валдзінскага танкавага палка. Па выніках першага года службы лейтэнанта яго ўзвод заняў першае месца ў дывізіі. Ужо тады ў маладога афіцэра праявіліся задаткі і добрага арганізатара, і настаўніка. І справа тут не столькі ў прафесійнай падрыхтоўцы афіцэра, колькі ў яго адносінах да службы, да людзей і падначаленых.

Немалы вопыт умелага арганізатара і кіраўніка афіцэр набыў на Далёкім Усходзе, дзе служыў на пасадзе прапагандыста 504-га зенітна-ракетнага палка. Афіцэр марыў аб выкладчыцкай дзейнасці. Нават накіраваў ліст начальніку аддзела кадраў палітупраўлення і атрымаў адказ: «Пры станоўчай атэстацыі з вайсковай часці і неабходнасці ў кадрах будзеце накіраваны педагогам».

Ула­дзі­мір СВЯК­ЛА (зле­ва)  пад­час па­ра­да ў Маск­ве, пры­све­ча­на­га 50-год­дзю  Вя­лі­кай Каст­рыч­ніц­кай  са­цы­я­ліс­тыч­най рэ­ва­лю­цыі.

У 1971 годзе Уладзімір Свякла прыбыў на новае месца службы. І з таго часу выкладае ў сценах Ваеннай акадэміі Беларусі адну з самых складаных навук — філасофію, застаючыся для курсантаў не толькі патрабавальным настаўнікам, але і добрым дарадцам, верным таварышам.

З першага вучэбнага занятку выкладчык вядзе дзённікі. Сёння іх — 45. У гэтых тоўстых агульных сшытках ён запісвае экзаменацыйныя адзнакі курсантаў, тэмы гутарак з імі — адным словам, складае сацыяльны партрэт навучэнца для таго, каб знайсці да кожнага індывідуальны падыход, каб лепш зразумець курсанта і выявіць яго творчыя здольнасці.

Ён любіць працу, якой аддаў 45 гадоў свайго жыцця, і вучыць любіць прафесію ваеннага будучых афіцэраў. Уладзімір Іванавіч распавядае пра тое, як вучыліся курсанты сямідзясятых гадоў, як умелі сябраваць і шанаваць гэтае сяброўства. Распавядае пра гады навучання ў Ваенна-палітычнай акадэміі імя Леніна ў Маскве і пра тое, як прыбыў у Ваенную акадэмію (тады Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча). Ва Уладзіміра Іванавіча шмат нявыдуманых гісторый. Пра тое, як ён, курсант Арзамаскага ваеннага вучылішча сувязі, купіў першы ў жыцці наручны гадзіннік; пра цяжкі пасляваенны час, калі маці, Валянціне Уладзіміраўне, і двум яго малодшым сястрычкам прыходзілася выжываць... І як ён сустрэў сваю другую палову — жонку Святлану Дзмітрыеўну. Яна па прафесіі таксама педагог (з дынастыі выдатных настаўнікаў), а па жыцці — сапраўдная баявая сяброўка.

У Ваеннай акадэміі дацэнта Свяклу называюць архіварыусам кафедры сацыяльных навук. Ён можа не толькі расказаць пра гісторыю кафедры і вопыт падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў, а і пра насычаную выкладчыцкую дзейнасць педагогаў. З'яўляецца членам Ваенна-гістарычнага савета акадэміі, удзельнічае ў міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, аўтар мноства метадычных рэкамендацый, брашур, навуковых артыкулаў, кніг, публікацый.

Летась палкоўнік у адстаўцы стаў ганаровым педагогам Ваеннай акадэміі. Я пацікавілася: якія сакрэты выхавання ў аднаго з найстарэйшых афіцэраў-педагогаў? Уладзімір Іванавіч, як заўсёды, шчыра адказаў: «Перш за ўсё выкладчык павінен сам быць асобай і сваім асабістым прыкладам выхоўваць курсантаў. І яшчэ афіцэр-педагог імкнецца прытрымлівацца і вучыць курсантаў наступным пастулатам: не рабіць іншым таго, чаго не жадаеш сабе, быць добрым і спагадлівым у адносінах да навакольных, ставіцца да кожнага чалавека паважліва, быць самому і вучыць іншых быць годнымі людзьмі, жыць па сумленні».

Трэба сказаць, што і ранейшыя, і цяперашнія курсанты ўдзячныя Уладзіміру Іванавічу за гэтую навуку жыць па сумленні.

Ірына БУРАК

Фота з архіва Уладзіміра СВЯКЛЫ

Загаловак у газеце: Ваеная навука — гонар і сумленне

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.