Вы тут

Жыхары вёскі Расохі ўспамінаюць фашысцкую расправу як страшны сон


Многія беларускія вёскі ў гады Вялікай Айчыннай вайны напаткаў лёс Хатыні. Тыя трагічныя падзеі і зараз нагадваюць пра сябе абеліскамі, якія стаяць на месцах, дзе раней былі вёскі.


Пом­нік на мес­цы тра­ге­дыі  ў вёс­цы Ра­со­хі.

Пра трагедыю ў лагойскай вёсцы Расохі няма звестак ні ў літаратуры, ні ў інтэрнэце. Пра тое, што тут загінулі мірныя жыхары, маўкліва сведчыць толькі помнік у вёсцы. Самой жа вёскі няма ні ў адным афіцыйным спісе спаленых з людзьмі населеных пунктаў Беларусі. А ўсё таму, што вогнішча ў той дзень не кранула ні адной хаты паселішча, — жудасная смерць напаткала людзей у пуні.

Расохі знаходзяцца за 8 кіламетраў ад Плешчаніц. На абеліску, які стаіць на месцы спаленай з людзьмі адрыны, напісана: «Тут 20 мая 1944 года фашысцкімі захопнікамі былі спалены жыхары вёскі Расохі...». Побач — прозвішчы дваццаці мясцовых жыхароў. Толькі, па ўспамінах сведак, ахвяр там магло быць больш: у вёсцы хаваліся ад блакады людзі з суседніх паселішчаў.

Любоў Апаноўская, старажыл вёскі, была ў той дзень у Расохах. Вось што ўспамінае жанчына:

— Акружыўшы вёску, немцы з паліцаямі сагналі нас усіх у пуню. Затым сказалі: «Хто хворы, не можа ісці або ў каго дзеці малыя, тых павязуць на машыне». А хто яго ведае, куды павязуць? Стаяць людзі і чакаюць. Потым адабралі старых і хворых. Мы, дзеці, з мамай стаялі. Сястрычка мая была інвалідам. У нашай суседкі таксама хлопчык-інвалід. Яна і прапанавала забраць дзяўчынку да сябе, а маме быць тут, з астатнімі дзецьмі. Разам з іншымі іх павезлі ў іншую адрыну. Навошта, мы зразумелі, калі неўзабаве праз шчылінкі нашай пуні ўбачылі дым.

Такі лёс чакаў і астатніх, каб не «свой» чалавек у паліцыі. Доўгі час іх трымалі ў пуні, потым адпусцілі. Толькі не ўсіх: моладзь, якая засталася ў вёсцы, адправілі на работы ў Германію. Любоў Апаноўская са старэйшай сястрой аказалася на заводзе ў Альтэнбургу.

Пра той страшны дзень у Расохах добра ведае і Ніна Лубнеўская. Яе муж, Казімір, быў родам з гэтай вёскі. Толькі цудам бацька Казіміра (інвалід, хадзіў на мыліцах) не апынуўся ў той адрыне, якая ўспыхнула, як свечка. Лёс усцярог і жыхароў суседняй вёскі Праходы, што таксама трапілі ў пуню, якую гітлераўцы ўжо гатовы былі падпаліць.

— Паліцаі акружылі нашу вёску і загадалі ехаць у Расохі, — успамінае Алена Атрашкевіч. — Выехалі на дарогу, бачым: Расохі гараць. Вымушаны былі ехаць насустрач смерці. У адной пуні людзей ужо палілі. Чакала чаргі другая. Дзякуй Богу, адзін чалавек, які працаваў на немцаў, пагаварыў з імі, і ўсё адмянілі. Можа, пры іншых абставінах гэтага не зрабіў бы, але з намі была яго жонка.

Жыхар вёскі Праходы Вячаслаў Вярбіцкі ў той дзень выратаваўся двойчы. Спачатку яго хацеў застрэліць немец, потым ён трапіў у адрыну, якая мусіла ўспыхнуць другой.

— Каля вёскі партызаны пабудавалі дзоты, рабілі гэта і мясцовыя мужыкі, — расказвае Вячаслаў Вярбіцкі. — Магчыма, за тое, што дзоты знаходзіліся ля вёскі, гітлераўцы вырашылі правесці расправу сярод мясцовых жыхароў. Гналі ў Расохі і нас. Калі мы ўбачылі, што ўдалечыні нешта гарыць, пачалі разбягацца. Уцячы не ўдалося. Калі сталі заганяць у пуню, зразумелі — будуць паліць. Мне ўжо 17 гадоў споўнілася. Не хацеў я такой смерці: думаў, лепш няхай застрэляць.

Набраўся юнак смеласці і даў немцу па твары. Але замест аўтамата ў руках фашыста быў бярозавы калок. Як пачаў ён біць смельчака, што ажно кіёк зламаўся. Зазлаваўшыся, пайшоў за вінтоўкай.

— На мне быў апрануты мой саматканы пінжак, а пад ім — братаў, — расказвае ўдзельнік тых падзей. — Я перапрануўся, шапку вывернуў на іншы бок і сярод баб схаваўся. Хадзіў-хадзіў немец, але так мяне і не знайшоў. Тым часам усіх загналі ў пуню, якую зачынілі на замок. Падклалі салому. У дзвярах паставілі кулямёты. У людзей пачалася паніка: развітваюцца, цалуюцца, моляцца...

На шчасце, бяда мінавала. Быў у той пуні і Анатоль Матусевіч, жыхар вёскі Траянец. Праўда, мог апынуцца ў той, якую спасціг трагічны лёс.

— Зайшлі да нас у хату немцы, а мы на печы ляжым, — узгадвае Анатоль Матусевіч, якому тады было сем гадоў. — А ў нас галовы павязаныя — быццам хворыя на тыф. Адзін, рускамоўны, падышоў і кажа, каб скідалі павязкі. Гэта і выратавала нас ад той пуні, дзе палілі хворых і нямоглых.

У кожнага з іх — свая гісторыя выратавання. Але, безумоўна, найперш у гэтым заслуга нейкага чалавека, які працаваў на гітлераўцаў у Плешчаніцах або (ёсць і такая версія) быў партызанскім сувязным. Нягледзячы на тое, што яго згадваюць усе сведкі, імя гэтага чалавека ўжо не засталося ў памяці. У адрозненне ад таго дня, які людзі, што яго перажылі, без слёз успамінаць не могуць.

Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ. г. Мінск

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Расохі. Невядомая трагедыя

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.