Вы тут

Аб жыцці князя Брачыслава Ізяслававіча (?—1044)


Аб жыцці князя Брачыслава Ізяслававіча летапісы пакінулі некалькі радкоў. Вядома, што ў 1021 годзе Брачыслаў заваяваў Ноўгарад. На зваротным шляху ў Полацк ён сустрэўся на рацэ Судоме з войскам кіеўскага князя Яраслава і быў пераможаны. Указвалі летапісы і год смерці Брачыслава — 1044-ты.


Мас­так А. Кры­вен­ка.

Амаль палову стагоддзя ўладарыў Брачыслаў у Полацку, і гэты час нам невядомы. Можна толькі здагадвацца, што адбывалася ў гэты перыяд. Гэтак, аналізуючы «Сагу аб Эймундзе», прыходзім да высновы, што ў Полацку была моцная ўлада веча. Брачыслаў па сутнасці з'яўляўся выканаўцам вечавых пастаноў. Веча мела заканадаўчую ўладу, заключала дамовы, слала пасольствы. Менавіта веча прыняло на службу Полацку варажскую дружыну Эймунда. З «Сагі...» даведваемся, што вайну з Полацкам першы пачаў кіеўскі князь Яраслаў. Ён прыслаў Брачыславу патрабаванне ўступіць частку земляў. Але Брачыслаў апярэдзіў Яраслава і нанёс удар па Ноўгарадзе. Выдатным па выніках трэба назваць гэты паход на Ноўгарад. Брачыслаў хутка сабраў моцнае войска, імкліва рушыў на Ноўгарад і ўзяў яго. Паводле польскага храніста Яна Длугаша, Брачыслаў авалодаў усім Наўгародскім княствам і паставіў у гарадах сваіх намеснікаў. Відавочна імкненне Брачыслава не проста падарваць магутнасць суседняга княства, а пазбавіць яго палітычнай незалежнасці і поўнасцю далучыць да Полацкага княства. У Ноўгарадзе Брачыслаў таксама пакінуў свайго намесніка і з вялікім палонам выступіў у Полацк. На рацэ Судоме палачан сустрэў з войскам кіеўскі князь Яраслаў. Адбылася бітва, і перамог Яраслаў. Быў заключаны мір. Брачыслаў вызваліў Наўгародскае княства, а Яраслаў узамен перадаў яму гарады Віцебск і Усвят — важныя цэнтры на гандлёвых шляхах.

Аднак «Сага...» маўчыць пра бітву. Паводле яе, варагі з Эймундам падпільнавалі і захапілі ў палон Яраслававу жонку Інігерд. Таму Яраслаў, каб вызваліць яе, вымушаны быў пайсці на перамовы і ўступіць Віцебск і Усвят. Звесткі «Сагі...» уяўляюцца нам больш праўдзівымі за летапісныя. Не трэба забываць, што кіеўскія летапісы маглі проста прыпісаць «перамогу» свайму князю. Падобнага роду фальсіфікацый шмат у летапісах.

Паход Брачыслава прынёс свае важныя вынікі. Полацкая зямля даходзіла да вярхоўяў Заходняй Дзвіны і Дняпра, што дазволіла палачанам кантраляваць гэты ключавы адрэзак вялікага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі», г. зн. з краін Скандынавіі ў Візантыю. Нельга адмаўляць сцвярджэнне сагі, што Яраслаў уступіў Брачыславу кіеўскі пасад. З летапісаў вядома, што Яраслаў нейкі час жыў у Ноўгарадзе і кіраваў Кіевам праз сваіх намеснікаў. Верагодна, на Русі ўсталяваўся дуумвірат. Брачыслаў правіў у Кіеве. На гэта можа ўказваць яго згода быць з Яраславам «знадзін», а таксама наяўнасць у Кіяеве «двара Брачыслаўля». Пэўна, нядоўга прасядзеў Брачыслаў у Кіеве і вярнуўся ў Полацк. Інтарэсы Бацькаўшчыны былі вышэй за палітычныя амбіцыі і хвіліннае задавальненне самалюбства.

Пры Брачыславе Полацкая зямля афармляецца як самастойная, незалежная дзяржава. Магчыма, Брачыслаў пашырыў яе межы на паўночны захад. У гэтым кірунку знаходзім шэраг населеных пунктаў, якія носяць ягонае імя (а значыць, ён заснаваў іх). Перш за ўсё гэта горад Брачыслаўль (Браслаў), Браслаў (Абрэнскі раён у Латвіі), Браслаў за 20 км на поўнач ад Оршы.

І, што самае важнае, у час праўлення Брачыслава Полацкая зямля не спазнала варожых нашэсцяў — рэдкі перыяд у гісторыі старажытнай Беларусі. І за гэта Брачыслава можна назваць Вялікім, бо самая вялікая заслуга ўладара перад народам — захаванне міру і спакою на роднай зямлі.

Вітаўт Чаропка

Загаловак у газеце: Брачыслаў Ізяслававіч (?—1044)

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.