Вы тут

Чаму падчас Алімпійскіх гульняў у свеце не сціхаюць ваенныя канфлікты?


Як вядома, са старажытных часоў усталявалася адно з галоўных спартыўных правілаў: калі пачынаюцца Алімпійскія гульні, то мусяць прыпыняцца ўсе войны. Праз гэтае правіла алімпійскі рух давала чалавецтву надзею на мір, магчымасць пераасэнсаваць канфлікты паміж народамі, пазбегнуць новых ахвяр.


На жаль, у нашы дні гэта правіла выглядае як нейкі атавізм ці казка з далёкіх часоў. Нікога ўжо і не здзіўляе, што падчас чарговай Алімпіяды ў свеце няспынна працягваюцца крывавыя войны, нават узрастаюць іх маштаб і інтэнсіўнасць. Сёння вядучыя інфармацыйныя агенцтвы свету падаюць адно за другім то апошнія навіны са спартыўных пляцовак Рыа-дэ-Жанэйра, то жудасныя паведамленні з гарачых кропак планеты.

Да бясконцых кадраў разбурэнняў і чалавечай пакуты з Блізкага Усходу, дзе сёння ўсе ваююць супраць усіх, мы ўжо нават і прызвычаіліся. Хаця, здавалася б, як да такога ўвогуле можна прызвычаіцца? Але ж адначасова ўсё больш трывожныя навіны прыходзяць з Данбаса. Там мы якраз ужо было пачалі прызвычайвацца (ці проста так нам вельмі хацелася думаць) да хай сабе хісткага, але ж перамір'я. Пасля Мінскіх пагадненняў, падпісаных у беларускай сталіцы ў лютым 2015 года, дыпламаты і эксперты прыкладалі велізарныя намаганні, каб перавесці канфлікт у стабільна замарожаны стан і пасля ўжо рухацца ў бок яго ўрэгулявання і, дай Бог, вырашэння.

А тут пачынаецца Алімпіяда — і мы зноў назіраем аднаўленне баёў і ўзаемныя пагрозы бакоў, Кіева і ДНР з ЛНР, перайсці да паўнамаштабных баявых дзеянняў. Да таго ж, у больш шырокім кантэксце ўкраінска-расійскага канфлікту пачынаецца новае абвастрэнне праз апошнія падзеі ў Крыме: Масква абвінаваціла Міністэрства абароны Украіны ў падрыхтоўцы тэрарыстычных акцый на паўвостраве і заявіла пра чалавечыя страты падчас спецаперацыі супраць дыверсантаў. Што і як адбылося насамрэч, пакуль незразумела, але замалёўка для алімпійскага сезона яшчэ больш непрыемная.

У такіх міжнародных трэндаў ужо, на жаль, не першы год ёсць свой сімвал: падзеі Абхазіі і Паўднёвай Асеціі 2008 года. Тады, як і зараз, толькі распачаліся Алімпійскія гульні і гледачы з усяго свету атрымалі асалоду ад прыгожай цырымоніі іх адкрыцця і параду міру ў Пекіне з удзелам лепшых спартсменаў, — на Каўказе выбухнула. Актыўныя баявыя дзеянні тады цягнуліся толькі пяць дзён, але ж паказальны і сімвалічны сам факт.

Вайна, на жаль, зноў становіцца штодзённай часткай сучасных міжнародных адносінаў, хаця некалі здавалася, што пасля жудасных трагедый мінулага стагоддзя гэтая з'ява будзе пакрысе сыходзіць на перыферыю чалавечых стасункаў, стане абсалютным выключэннем з усіх правіл. Тым больш на еўрапейскім кантыненце.

Невядома, ці дойдзе чалавецтва калі-небудзь да такога ўзроўню развіцця, калі гуманістычныя каштоўнасці зробяць войны і асобныя ўзброеныя канфлікты немагчымымі. Але, на жаль, дакладна зразумела, што сёння трэнд развіцця ідзе хутчэй у адваротным кірунку. І можна доўга абурацца з гэтай нагоды, абвінавачваць вялікія дзяржавы, ААН ці яшчэ каго, але, на жаль, міжнародная рэчаіснасць ад гэтага не зменіцца.

Бадай, самае важнае, што ў гэтай складанай і вельмі небяспечнай сусветнай рэчаіснасці застаецца рабіць невялікім краінам, у тым ліку і Беларусі, — гэта быць рэалістамі.

Як бы банальна гэта ні гучала, але ж у выніку заўсёды выйграюць тыя краіны, чый нацыянальны інтэлект аказваецца вышэйшы, чым у знешнепалітычных партнёраў і канкурэнтаў. А для маленькай краіны інтэлект, прафесіяналізм і прагматызм — гэта ўвогуле адзіныя рэсурсы, на якія можна абаперціся ў часы глабальных выклікаў. Ды і ў штодзённым жыцці для невялікай і беднай на прыродныя выкапні краіны гэта адзіны фактар уласнай бяспекі і канкурэнтаздольнасці.

Іншымі словамі, трэба жыць згодна з добра вядомым алімпійскім дэвізам: «Cіtіus, Altіus, Fortіus!» («Хутчэй, вышэй, мацней!»). Можна нават сказаць, што алімпійцам у сённяшніх умовах мусіць стаць амаль кожны — на сваім працоўным і грамадскім месцы. Менеджар прадпрыемства, які кожную секунду павінен думаць пра тое, як зрабіць сваю прадукцыю самай канкурэнтаздольнай, а не пра тое, як выцягнуць з дзяржаўнага бюджэту паболей субсідый. Чыноўнік, які мусіць пастаянна ствараць найлепшыя і сучасныя ўмовы для працы нашых бізнесменаў, стартапаў і даўно існуючых прадпрыемстваў, прыцягнення ўнутраных і знешніх інвестыцый. Інтэлектуал і аналітык, якія ў сваёй працы і парадах ураду ці грамадству абавязаныя трымацца далёка ад рознага кшталту канспіралогій і зашоранасці. Патрэбны вынік.

Асаблівае месца тут мусіць належыць і парламенту, які павінен быць цэнтрам інтэлектуальнай і экспертнай дыскусіі ў краіне. Сёлетняя кампанія па выбарах яго будучых дэпутатаў якраз у самым разгары. Але пакуль, на жаль, асабліва не бачна напружанай барацьбы ідэй і праграм кандыдатаў, а таксама палітычных партый, якія шмат хто з іх прадстаўляе. Зноў больш увагі амаль з усіх бакоў надаецца працэдурным спрэчкам, а не канкурэнцыі мадэляў развіцця краіны і яе рэгіёнаў.

Будзем спадзявацца, што характар парламенцкай кампаніі зменіцца цяпер пасля афіцыйнага пачатку стадыі агітацыі. І што кандыдаты на дэпутацкія крэслы, як і спартсмены, будуць займацца ў гэтыя няпростыя часы не фармалізмам ці папулізмам, а арыентавацца на галоўны прафесійны стандарт — хутчэй, вышэй, мацней!

Яўген Прэйгерман

Загаловак у газеце: Хутчэй, вышэй, мацней

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».