Вы тут

Трэнер Міхаіл Захараў: «Я прыйшоў працаваць, калі лёд чысцілі ўручную»


Пра самыя яркія моманты сваёй кар'еры і перспектывы нашай зборнай на алімпійскай кваліфікацыі.

Міхаіл Захараў у беларускім хакеі асоба неардынарная. Хтосьці яго недалюблівае за шчырасць, рэзкую пазіцыю і адкрытую крытыку. Камусьці такая імпульсіўнасць, насупраць, сімпатызуе. Але лепш за ўсё, як і пра кожнага чалавека-прафесіянала, пра яго кажуць дасягненні.


Кар'еру гульца Міхаіл Міхайлавіч скончыў вымушана, гэта адбылося з-за сур'ёзнай траўмы. Практычна адразу ён распачаў трэнерскую дзейнасць і на настаўніцкай сцежцы — вось ужо 20 гадоў. Гэта стала добрай нагодай пагаварыць з адным з найлепшых хакейных трэнераў краіны пра яго шлях, мары і ўвогуле хакей.

— Міхаіл Міхайлавіч, як пачалася ваша трэнерская работа?

— Калі я быў гульцом, перажыў цяжкую траўму — шайба трапіла ў галаву. Арганізм стаў па-іншаму ўспрымаць нагрузкі, таму працягваць выступаць на ранейшым узроўні я ўжо не мог. Былі нядрэнныя прапановы з Расіі, але пасля чэмпіянату свету вырашыў завяршыць гульнявую кар'еру.

— Памятаеце, як прайшла першая трэніроўка ў новай ролі?

— Вядома! Калі гаварыць па шчырасці, першае, што я падумаў, — гэта «якія ж слабыя хакеісты». З імі сталі адразу працаваць над «фізухай», таму што з гэтым былі сапраўдныя праблемы.

— Хутка адчулі ўпэўненасць на новай пасадзе?

— Вядома, прыйшлося перастройвацца, не схаваю, было цяжка. Да таго ж наш хакей быў тады ў жахлівым стане. На катку ў Парку Горкага ў нас не было залівальнай машыны. Дакладней, яна стаяла на складзе і нам яе проста не давалі, таму лёд чысцілі ўручную. У той час я і падумаць не мог, што нашы хакеісты калі-небудзь будуць гуляць на Алімпійскіх гульнях.

— Усе адразу ўспрымалі вас сур'ёзна?

— Так, выконвалі ўсе практыкаванні без пярэчанняў. Трохі «пазвяздзіць» маглі толькі маладыя Міша Грабоўскі і браты Касціцыны. Яны і сёння ўспамінаюць, што я мог з-за гэтага пагаварыць з імі ў грубай форме, а вось мне не хацелася б гэта ўзгадваць. Хоць цяпер хлопцы самі адзначаюць, што з іх не атрымаліся б класныя хакеісты, калі б я так сябе не паводзіў. Нягледзячы на ўсё, мы з імі захавалі выдатныя адносіны.

— Для вас сярод трэнерскага цэха ёсць аўтарытэты?

— Наогул я самавучка, але шмат чытаю Юрыя Ніканава і Анатоля Тарасава. Сваім настаўнікам назаву і Уладзіміра Крыкунова. У яго я пераняў падыход у працы на зямлі: трэніроўкі да знямогі ў летнюю пару, заняткі ж на лёдзе, наадварот, не павінны быць доўгімі, але інтэнсіўнымі і з барацьбой.

— Дзе знаходзіце матывацыю, каб кіраваць клубам на працягу дзесяцігоддзя?

— Хакей у чэмпіянаце Беларусі ў 2003 годзе і зараз — не адно і тое ж. Раней мы маглі прайграць «Віцебску» і «Брэсту», хоць «Юнацтва-2003» мацнейшае за цяперашняе ў два разы. Тады ў нас гулялі Андрэй Расолька, Алег Мікульчык, Сяргей Ярковіч, Сярога Шыткоўскі, Ілья Бякін, Юрый Івашын.

Сёння наш хакей валіцца ў прорву. Калі вы паставіце мне задачу выйграць у «Брэста» з лікам 15:0, то мы зробім гэта. Скажыце, што трэба два матчы выйграць, мы зноў выйграем.

— Вас даволі часта крытыкуюць заўзятары, як да гэтага ставіцеся?

— Раней у мяне быў клубны аператар, які любіў выбраць самыя непрыемныя водгукі з форумаў. Я з павагай іх чытаў. Гэта было на Алімпіядзе ў Ванкуверы. Цяпер за гэтым больш не сачу. Калі мяне нехта абражае, нічога страшнага — перажыву. Перш за ўсё, ведаю, як да мяне ставяцца хакеісты. Для мяне гэта самае галоўнае. Павага, напрыклад, Шэлега і Калюжнага — гэта вельмі важна.

— Міхаіл Міхайлавіч, пра што вы марыце?

— Усе, напэўна, ведаюць. Не хацелася б лішні раз гаварыць на гэтую тэму, таму што зноў народ стане крывіцца, а вялікія кіраўнікі нашага хакея — нервавацца.

Прыйдзе час, калі ўсе зразумеюць: з адной камандай у КХЛ мы нічога не зробім. На чэмпіянатах свету наша зборная змагаецца за дванаццатае, трынаццатае, чатырнаццатае месцы — а там ужо і вылет з элітнага дывізіёна. Нічога, пройдзе алімпійская кваліфікацыя і яшчэ адзін чэмпіянат свету — і людзі зразумеюць, што я меў рацыю.

І другая, і трэцяя беларуская каманда ў КХЛ мінскаму «Дынама» не патрэбныя, але асабіста я дзеля гэтай ідэі пацярплю яшчэ год-два, можа, тры. А потым, дарэчы, Расія нас можа ўжо не пусціць да сябе. Кітайцы ў гэтым годзе зайшлі ў лігу адной камандай. Наколькі я ведаю, з наступнага года казахі паспрабуюць заявіць другі свой калектыў.

— Што скажаце пра чэмпіянат Беларусі?

— Ён павінен быць, але толькі ў варыянце маладзёжнага першынства, накшталт АХЛ.

— Які момант у сваёй кар'еры назвалі б самым паспяховым?

— Дрэнныя я не памятаю, а што датычыцца добрых успамінаў, то назаву Алімпійскія гульні ў Ванкуверы, дзе працаваў са зборнай у якасці галоўнага трэнера. Калі ўспомніць пра кар'еру гульца, то ў ёй галоўныя дасягненні выпалі на той момант, калі я выступаў у складзе маладзёжнай зборнай СССР.

— Чаго вы чакаеце ад удзелу «Юнацтва» ў Лізе чэмпіёнаў?

— Хацелася б годна згуляць, адчуць гэты турнір. Кантынентальны кубак мы ж таксама не з першага разу выйгралі! Не ведаю, колькі ўсяго разоў гулялі ў ім. Даходзілі то да фіналу, то да паўфіналу. А потым два разы забіралі трафей сабе.

— Зараз Беларусь прэтэндуе на правядзенне ў 2021 годзе чэмпіянату свету. Як лічыце, ці ёсць у нас шанцы?

— Гэта неалімпійскі год, можа, ён нам і не патрэбны. Я так разумею, мы проста закідваем вуду, каб атрымаць чэмпіянат 2022 года. Самі разумееце, атрымаць першынства свету ў год Алімпіяды будзе прасцей. Даю дзвесце працэнтаў, што
ЧС-2022 нам аддадуць. Усе ведаюць, як добра мы справіліся з першым чэмпіянатам у 2014 годзе, пра што паўтараў і прэзідэнт ІІХФ Рэнэ Фазель. З другім мы справімся значна лепш, чым у мінулы раз.

— Як лічыце, наша зборная зможа заваяваць пуцёўку на Алімпіяду ў Пхёнчхан?

— Шчыра, я за зборнай не сачу. Прыходжу на матчы толькі для таго, каб паглядзець гульню, пахварэць за сваіх выхаванцаў і Радзіму. Шанцы на поспех — пяцьдзясят на пяцьдзясят.

Біяграфічная даведка

Міхаіл Міхайлавіч Захараў нарадзіўся 22 студзеня 1962 года ў Усць-Каменагорску. У мінулым савецкі і беларускі хакеіст, галоўны трэнер мінскага хакейнага клуба «Юнацтва». Заслужаны трэнер Беларусі. Майстар спорту СССР міжнароднага класа.

Трэнерскую кар'еру пачаў у спартыўнай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву «Юнацтва» (з 1996 па 2003). Трэніраваў зборную Беларусі з 1996 па 2001 год. Галоўным трэнерам ХК «Юнацтва-Мінск» з'яўляецца з 2003-га па цяперашні час.

Дасягненні ў трэнерскай дзейнасці:

  • пераможца чэмпіянату свету ў першым дывізіёне (2004);
  • пераможца чэмпіянату свету сярод маладзёжных каманд у першым дывізіёне (2003);
  • пераможца чэмпіянату свету сярод юніёрскіх каманд у першым дывізіёне (2001);
  • чэмпіён Беларусі (2004, 2005, 2006, 2009, 2010, 2011);
  • сярэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі (2008);
  • бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі (2007);
  • уладальнік Кубка Беларусі (2005, 2009, 2010).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».