Вы тут

У сталіцы тэледэбаты пройдуць ва ўсіх акругах


Кандыдаты на дэпутацкі мандат зарэгістраваны, некаторыя з іх ужо пачалі актыўна нагадваць пра сябе. Тым часам актывізавалася кампанія па вылучэнні членаў верхняй палаты парламента. Зараз у Савет Рэспублікі ідзе вылучэнне кандыдатаў. Яно працягнецца да 19 жніўня, а з 20 па 24 жніўня ў Цэнтральнай камісіі адбудзецца рэгістрацыя членаў Савета Рэспублікі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміла Лідзія ЯРМОШЫНА, старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.


Па яе словах, ужо ўсе рэгёны, акрамя Мінска, вылучылі кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі і далі звесткі пра іх. Яна звярнула ўвагу, што сярод вылучаных ёсць і вядомыя людзі: старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў, дырэктар комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Рыгор Бысюк, старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук. Сярод вылучаных — (без уліку сталічнага рэгіёна) 11 жанчын.

Калі казаць пра выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, то, як вядома, кандыдаты ўжо зарэгістраваны. Некаторыя з тых, хто не атрымаў рэгістрацыю, падаюць скаргі ў абласныя камісіі.

— Калі казаць пра сярэднюю напаўняльнасць акруг — па колькасці кандыдатаў, то самая высокая напаўняльнасць у Мінску — 5,9 чалавека на дэпутацкае крэсла і ў Магілёўскай вобласці — 5,3 чалавека, найменшая напаўняльнасць у акругах Мінскай вобласці — 3,9, — прывяла статыстычныя даныя старшыня Цэнтрвыбаркама. — У цэлым па краіне на адно месца ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прэтэндуюць 4,7 кандыдата.

Калі казаць пра адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты, то больш за ўсё іх было ў Віцебскай вобласці — 21, менш за ўсё — у Гомельскай (6 адмоў) і Брэсцкай (4 адмовы) абласцях.

Што да скаргаў, то ў абласную выбарчую камісію Брэсцкай вобласці былі пададзены дзве скаргі, у задавальненні іх было адмоўлена, у Віцебскай вобласці былі пададзены 4 скаргі — адна пакінута без разгляду ў сувязі з пропускам тэрмінаў падачы, у задавальненні трох было адмоўлена. У Гомельскай вобласці была адна скарга. У Гродзенскай вобласці было пададзена 9 скаргаў, адмоўлена ўсім. У Мінскую абласную камісію пададзена 6 скаргаў, у іх задавальненні адмоўлена. У Мінскую гарадскую пададзена 4 скаргі, двум прэтэндэнтам адмоўлена, яшчэ дзве скаргі знаходзяцца ў стадыі разгляду.

У Магілёўскай вобласці пададзена 5 скаргаў, і адна скарга задаволена Магілёўскай абласной камісіяй. Такім чынам, вырасла і агульная колькасць зарэгістраваных кандыдатаў па краіне — іх стала 522.

Старшыня Цэнтрвыбаркама не выключае, што кандыдатаў у дэпутаты можа стаць яшчэ больш, калі адпаведныя рашэнні прымуць, напрыклад, абласныя суды, куды могуць звяртацца патэнцыяльныя кандыдаты.

— Не выключаю, што ёсць неабгрунтаваныя адмовы. Але пакуль казаць аб значным павелічэнні колькасці кандыдатаў не даводзіцца. Хутчэй частка кандыдатаў сама добраахвотна сыдзе з дыстанцыі, — адзначыла старшыня ЦВК.

Расказала старшыня Цэнтральнай камісіі і пра тое, выбаршчыкам якіх рэгіёнаў можна будзе паглядзець на дэбаты кандыдатаў.

У Віцебскай і Магілёўскай абласцях тэледэбаты плануюцца ва ўсіх выбарчых акругах. У Гомельскай вобласці тэледэбаты плануюцца ў 10 акругах з 17, у Брэсцкай — у 8 з 16. У Гродзенскай вобласці дэбаты плануюцца толькі ў трох з 13 акруг. У Мінскай вобласці — у 4 з 17. У сталіцы дэбаты запланаваны ва ўсіх акругах.

— Як вы ведаеце, гэта колькасць ужо не павялічыцца, можа толькі паменшыцца, таму што заяву на тэледэбаты трэба было падаваць адразу пасля рэгістрацыі, калі адбывалася лёсаванне эфірнага часу, — патлумачыла Лідзія Ярмошына.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Агітацыя ў разгары

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.