Вы тут

У дзяцей і падлеткаў Петрыкаўшчыны ёсць усе ўмовы для заняткаў спортам


Аб ролі фізкультуры і спорту, парадку на зямлі і гаспадарскіх адносінах разважае старшыня Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандр Наўныка.


— Кожны, хто праз некаторы час зноў наведваецца на Петрыкаўшчыну, не прамінае адзначыць пазітыўныя змены як у добраўпарадкаванні населеных пунктаў, так і ў навядзенні парадку на зямлі. Якое ваша меркаванне наконт гэтага?

— Цалкам згодны с тымі, хто лічыць, што наш райцэнтр з'яўляецца ўтульным гарадком, своеасаблівым зялёным аазісам, дзе і вуліцы чыстыя, і парк са скверамі прыгожыя. Ды і вёскі апошнім часам набываюць больш прывабны выгляд. Адным з галоўных фактараў гэтага з'яўляецца ажыццяўленне Дзяржаўнай праграмы 2010—2015 гадоў па далейшым развіцці Прыпяцкага Палесся, да якога адносіцца і наш раён.

Асобна хочацца сказаць, што свой унёсак у добраўпарадкаванне населеных пунктаў робіць Петрыкаўскі райжылкамгас. Не з'яўляецца выключэннем і сёлетні год. На добраўпарадкаванне раёна выдзелена 305 610 рублёў. Па стане на 1 жніўня за выкананыя работы аплачана 155 680 рублёў.

Праводзіўся рамонт дарог, выконвалася грэйдзіраванне вуліц сектара індывідуальных пабудоў, высаджана больш за 1 500 кветак, звыш 150 дрэў і кустоў, разбіты газоны плошчай 2,3 гектара, абсталяваны дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі.

— Па выніках мінулага года раён выйшаў пераможцам абласнога спаборніцтва ў намінацыі «Зберажэнне рэсурсаў». Што ўдалося зрабіць у гэтым кірунку і што намечана ажыццявіць надалей?

— Петрыкаўскаму раёну летась паказчык па эканоміі рэсурсаў быў устаноўлены ў памеры мінус 0,5%. Фактычна за студзень-снежань 2015 года па арганізацыях, якія знаходзяцца ва ўласнасці Петрыкаўскага раёна, гэты паказчык склаўся на ўзроўні мінус 10,5%.

Прадпрыемствамі камунальнай уласнасці ажыццяўлялася рэалізацыя такіх арганізацыйных, эканамічных і тэхнічных мерапрыемстваў, як аптымізацыя транспартных выдаткаў шляхам распрацоўкі рацыянальных схем і маршрутаў руху; паляпшэнне якасці прадукцыі, якая рэалізуецца прадпрыемствамі раёна; аптымізацыя колькасці работнікаў; набыццё новага энергаэфектыўнага і мадэрнізацыя існуючага абсталявання, а таксама інжынерных сетак.

Рэалізацыя ўсяго гэтага працягваецца і сёлета. Па кожнай арганізацыі, якая знаходзіцца ва ўласнасці Петрыкаўскага раёна, распрацаваны канкрэтныя меры па зніжэнні выдаткаў. У іх уключаны: рэалізацыя малака гатункам «экстра» і вышэйшым гатункам не менш за 70 % ад агульнай рэалізацыі малака і таварнасць малака не ніжэй за 90 %; збалансаванае і своечасовае ўнясенне мінеральных угнаенняў, апрацоўка пасеваў сродкамі абароны згодна з патрабаваннямі тэхналагічных рэгламентаў; своечасовае і якаснае правядзенне планава-папераджальных рамонтаў і тэхнічнага абслугоўвання тэхнікі; правядзенне кадравай дыягностыкі з мэтай выяўлення патэнцыйна залішняй колькасці работнікаў і аптымізацыі колькасці адміністрацыйна-кіраўнічага персаналу; недапушчэнне фактаў безгаспадарчасці, парушэнняў тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны; забеспячэнне захаванасці матэрыяльных каштоўнасцяў.

Ма­ры­на Літ­він­чук і На­дзея Ля­пеш­ка на алімпійскай дыстанцыі ў Рыа.

— Не толькі Петрыкаўшчына, але і ўся наша краіна ганарыцца алімпійскімі медалістамі: легкаатлетам-дзесяціборцам Андрэем Краўчанкам, веслярамі Марынай Літвінчук (Палтаран) і Надзеяй Ляпешка (Папок), якія першыя крокі ў спорце рабілі ў раёне пад кіраўніцтвам мясцовых трэнераў. Ці натхняе іх прыклад сучасную моладзь на дасягненне спартыўных вышынь?

— Цяпер сапраўднымі зоркамі айчыннага спорту з'яўляюцца сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2008 года ў лёгкаатлетычным дзесяціборстве, чэмпіён і прызёр сусветных і еўрапейскіх спаборніцтваў Андрэй Краўчанка, бронзавыя прызёры Алімпійскіх гульняў 2012 года па веславанні на байдарках і каноэ, пераможцы і прызёры шматлікіх чэмпіянатаў Марына Літвінчук і Надзея Ляпешка. Нашы зямлячкі ўвайшлі ў склад алімпійскай зборнай і прымаюць удзел у ХХХІ Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра.

Безумоўна, на гэтых знакамітых землякоў раўняецца і моладзь Петрыкаўшчыны. У дзяцей і падлеткаў, навучэнцкай і працоўнай моладзі, а таксама дарослага насельніцтва раёна ёсць усе ўмовы для заняткаў фізічнай культурай і спортам. Сваё спартыўнае майстэрства яны адточваюць на шматлікіх спартыўных аб'ектах: у залах і на стадыёнах, на пляцоўках і спартыўных кутках па месцы жыхарства.

Гэтаму садзейнічае правядзенне чатырох круглагадовых спартакіяд: сярод школьнікаў, працоўных калектываў арганізацый і прадпрыемстваў, сельскагаспадарчых арганізацый, сельскіх Саветаў. А таксама пастаянны ўдзел лепшых спартсменаў у спаборніцтвах і турнірах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

Так, у абласной спартакіядзе школьнікаў 2014-2015 навучальнага года па групе раёнаў Петрыкаўскі стаў пераможцам. Летась Моніка Міцкевіч (выхаванка трэнера па таэквандо дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Міхаіла Сыцько) стала ўладальніцай адкрытага Кубка Беларусі сярод кадэтаў, а Канстанцін Адаменка заваяваў сярэбраны медаль чэмпіянату Рэспублікі Беларусь.

Сёлета вучаніца Капцэвіцкай сярэдняй школы Аксана Віктаровіч стала бронзавым медалістам чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы. Ганарымся мы і дасягненнямі двухразовага чэмпіёна свету па пажарна-прыкладным спорце Уладзіміра Стральчэні.

Традыцыйна радуюць юныя прадстаўнікі лёгкай атлетыкі. Летась вучань 3 класа сярэдняй школы № 2 горада Петрыкава Дзмітрый Вяракса прыняў удзел у фінальнай частцы рэспубліканскага праекта па лёгкай атлетыцы «300 талентаў для каралевы». Вучні Новагалоўчыцкага дзіцячага сада-базавай школы Анжаліка Лагута, Кацярына Бажок і Дзяніс Лазараў (трэнер-выкладчык Сяргей Пятрэнка) на ХХVІІ абласной спартакіядзе школьнікаў у мінулым годзе занялі другое каманднае месца, а сёлета ўжо на ХХVІІІ спартакіядзе Кацярына Бажок стала бронзавым прызёрам у асабістым заліку ў кіданні кап'я.

Падрыхтоўку спартыўнага рэзерву ажыццяўляе дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Петрыкаўскага раёна, у якой функцыянуе 5 аддзяленняў: па таэквандо, цяжкай і лёгкай атлетыцы, футболе і валейболе. У спартыўных секцыях ДЮСШ займаецца 439 дзяцей і падлеткаў.

За апошнія пяць гадоў у вучылішчы алімпійскага рэзерву і спецыялізаваныя школы вобласці перайшлі дзесяць выхаванцаў раёна, падрыхтаваны тры майстры спорту: Максім Паторскі, Георгій Шатырын і Арцём Прысада.

Віктар БОЙКА

Загаловак у газеце: Ад школьных секцый да Алімпійскіх гульняў

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.