Вы тут

Удзельная вага палітычных партый павялічыцца


Гонка за выбаршчыкам пачалася. Пасведчанні ўжо атрымалі 522 кандыдаты. У тым ліку паспяхова прайшлі рэгістрацыю 331 з 387 кандыдатаў, вылучаных ад партый. Чаго чакаць ад палітычных сіл падчас барацьбы за месцы ў Палаце прадстаўнікоў, расказаў малодшы навуковы супрацоўнік Цэнтра сацыяльна-філасофскіх і антрапалагічных даследаванняў Інстытута філасофіі НАН Беларусі Пётр ПЯТРОЎСКІ.


— Як праяўляюць сябе палітычныя партыі падчас гонкі за дэпутацкае крэсла?

— У гэтым годзе даволі актыўна. Гэта звязана перш за ўсё са зменамі ў заканадаўстве. Калі раней палітычныя партыі маглі вылучаць кандыдатаў толькі ў тых акругах, дзе ў іх былі рэгіянальныя прадстаўніцтвы, то зараз — па ўсіх 110 выбарчых акругах, — ёсць і такі прыклад. Але пытанне ў іншым: ні ў адной партыі не былі зарэгістраваныя ўсе вылучаныя кандыдаты. Гэта звязана, перш за ўсё, з тым, што адсутнічае палітычная культура ў перадвыбарных штабах. Яны не могуць якасна запоўніць элементарную дакументацыю, робяць памылкі.

Другі фактар — частка не вельмі актыўных партый ажывілася.

У гэтым годзе з'явілася на 136 кандыдатаў больш, чым на мінулых парламенцкіх выбарах. Гэта звязана з трэцім фактарам — грамадскія аб'яднанні вылучаюць шмат сваіх прадстаўнікоў.

Мой прагноз — па выніках гэтай парламенцкай кампаніі ўдзельная вага палітычных партый павялічыцца ў Палаце прадстаўнікоў, але не павялічыцца радыкальна. Рост будзе, таму што актыўнасць палітычных партый, якая мае месца, прыцягне ўвагу часткі электарату.

— Наколькі можна ацаніць палітычную культуру прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат?

— У большасці сваёй яны дзейнічаюць у прававым полі. Але частка з іх выходзіць за яго межы. Парушэнні шэрагам прэтэндэнтаў выбарчага заканадаўства звязаныя з тым, што ў момант збору подпісаў праводзілася агітацыя. Таму некаторыя не змаглі стаць зарэгістраванымі кандыдатамі. Яны праводзілі мітынгі, канцэрты ў сваю падтрымку. Гэта з'яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства. Некаторыя наогул хацелі зарэгістраваць свае ініцыятыўныя групы нават тады, калі яны не мелі на гэта выбарчага права, таму што знаходзіліся ў пэўным прававым рэжыме.

— Чаму гэта ўзнікае? Гэта мэтанакіраванае дзеянне (спецыфічны палітычны піяр) або ўсё-ткі адсутнасць палітычнай культуры?

— Праблема ў тым, што ўсе палітычныя партыі сёння маюць пэўны кадравы голад. У грамадстве адсутнічае запыт на іх, нягледзячы на ўсе стымулы дзяржаўнай улады і заканадаўчыя змены, якія мелі мэту стымуляваць развіццё палітычнай сістэмы. Грамадства ім не давярае, яно не разумее, для чаго яны патрэбныя, і не бачыць у іх сэнсу.

— З чым звязана такое стаўленне?

— На мой погляд, з тым, што палітычныя сістэмы нашых суседзяў, дзе прысутнічаюць партыі, маюць не вельмі чысты паліттэхналагічны падтэкст. Асабліва гэта бачна ва Украіне. І на гэтым фоне грамадства не хоча імпартаваць дадзеныя палітычныя сістэмы і набліжацца да іх. Ёсць пэўны ўзровень недаверу.

З іншага боку, стымуляванне развіцця палітсістэмы прыводзіць да таго, што кожная з палітычных партый сёння пачынае распрацоўваць сваю праграму. Яна становіцца больш артыкуляванай: гэта ўжо не набор лозунгаў. Бачна мэта, жаданне мець рэалістычныя задачы.

Але частка партый, якая асабліва афіляваная з заходнімі структурамі, працягвае старую рыторыку. Гэта звязана з тым, што, па-першае, іх палітычныя ідэі не звязаныя з каштоўнасцямі большасці грамадства. Тыя, хто выступае за выхад з інтэграцыйных аб'яднанняў, змену канстытуцыйнага ладу, з'яўляюцца выразнікамі ідэй меншасці. Але пры гэтым яны пазіцыянуюць сябе як правацэнтрысцкая кааліцыя, якая адлюстроўвае меркаванне большасці грамадства.

І тут атрымліваецца такі нонсэнс: частка палітычных партый жывуць у пэўным «палітычным гета», у кокане. Яны наогул не чуюць, што вакол іх адбываецца, з аднаго боку, з'яўляюцца часткай нейкай вузкай групы насельніцтва, фокус-групы, з другога — вельмі звязаныя са сваімі знешнімі заказчыкамі, якія іх фінансуюць. Нягледзячы на тое, што яны гэтага не прызнаюць. Тая ж правацэнтрысцкая кааліцыя была заснавана не ў Беларусі, а ў Бруселі на з'ездзе Еўрапейскай народнай партыі. Атрымліваецца, што адна з кааліцый, якая сёння ідзе адзіным спісам кандыдатаў у дэпутаты ў беларускі парламент, была заснавана не на тэрыторыі Беларусі і не з падачы грамадзян Рэспублікі Беларусь. Гэта таксама феномен. І калі яны кажуць, што іх не фінансуюць з-за мяжы, — гэта проста смешна.

А што яны прапануюць? Альбо нічога, альбо досыць радыкальныя меры, якія могуць падарваць грамадскую і эканамічную бяспеку. Гэта сведчыць аб тым, што некаторыя партыі аддзеленыя ад рэальнай палітыкі.

— Як на выбарчы працэс паўплывае ўвядзенне сістэмы галасавання ў адзін тур?

— Гэта сістэма, калі выйграе не той кандыдат, які набраў пераважную колькасць галасоў (50% + 1 голас), а той, які атрымлівае арыфметычную большасць. Нават набраўшы 16%, можна перамагчы, калі канкурэнты набяруць менш. Другога тура не аб'яўляецца. Гэта дае магчымасць выйграваць не таму, хто атрымлівае большасць сімпатый у акрузе, а таму, хто больш актыўны, прыкметны і ў каго электарат больш згуртаваны. А часам нават па волі выпадку. Мэтай кандыдата становіцца максімальная мабілізацыя электарату ў пэўнай акрузе, каб выбаршчыкаў, якія аддадуць за яго свой голас, стала больш.

Ёсць дзяржавы і з аднатуравым, і з двухтуравым галасаваннем. Што будзе ў нас з гэтай сістэмай, цяжка сказаць. Традыцыйна ў нас людзі больш галасуюць за непартыйных кандыдатаў — за прадстаўнікоў мясцовай эліты, людзей з акруг, якіх больш-менш хтосьці ведае. Гэта ўрачы, дырэктары школ і гімназій, прадпрыемстваў, якія маюць пэўны сацыяльны статус і вопыт. Пытанне ў іншым: гэтыя людзі дастаткова занятыя на сваіх месцах працы ў адрозненне ад партыйных дзеячаў, для якіх партыя з'яўляецца месцам працы. Яны аддаюць ёй увесь свой вольны час. У іх агітацыя будзе больш актыўнай. І наогул у партыйных структур ёсць інстытуцыянальная магчымасць больш актыўнага правядзення палітычных кампаній, нягледзячы на вузкасць электарату.

— Наколькі, на ваш погляд, будзе эфектыўнай агітацыя ў інтэрнэце?

— Некаторыя пачалі яго асвойваць яшчэ гадоў 15 таму. Але ёсць партыі, якія толькі пачынаюць працаваць з віртуальнай прасторай. Перад гэтымі выбарамі ў многіх партыях адміністрацыйным шляхам паставілі задачу, каб усе кандыдаты былі прадстаўленыя ў сацыяльных сетках. І гэта досыць вялікая праблема. Для непадрыхтаванага кандыдата гэтая старонка можа прынесці больш адмоўнага, чым станоўчага. У кожнай сацыяльнай сетцы знаходзіцца пэўны сегмент беларускага грамадства. У адной — моладзь, у большасці сваёй апалітычная. У другой — інтэлігенцыя, бізнес, больш палітызаваная публіка. У трэцяй — старэйшае пакаленне. І ў кожнай з гэтых сацыяльных сетак трэба знаходзіць свае формы работы.

Трэба не забываць, што сацыяльныя сеткі пакуль не могуць замяніць рэальнай агітацыйнай працы. У большасці выпадкаў апалітычныя людзі не рэагуюць у інтэрнэце на палітычныя пасты і рэкламу. Трэба да сацыяльных сетак таксама ставіцца крытычна, нельга казаць, што яны ўсё вырашаюць. Працуючы толькі ў сацыяльных сетках, партыі прапусцяць вялікі сегмент электарату. А ў парламенцкіх выбарах — гэта асабліва важна. У нас людзі не сядзяць рэгіянальнымі групамі ў сацсетках. Праз іх вельмі складана праводзіць кампанію.

Але, з іншага боку, палітычным партыям трэба таксама выходзіць у інтэрнэт, як і органам дзяржаўнай улады. У нас пастаўлена задача да канца пяцігодкі стварыць электронны ўрад. Таму партыі, як частка палітычнай сістэмы, таксама павінны прысутнічаць у сеціве і мець зваротную сувязь.

— Якія формы агітацыі найбольш эфектыўныя на парламенцкіх выбарах?

— Тут павінен прысутнічаць комплекс мер: і інфармацыйная, і візуальная актыўнасць. Гэта значыць — пікеты, праца па месцы жыхарства людзей, сустрэчы з выбаршчыкамі. Многія лічаць, што добра правесці шмат пікетаў, акцый, перформансаў — быць прыкметным. Але часам гэтая эпатажнасць, наадварот, адпужвае людзей. Беларусы кансерватыўныя, таму яны будуць разважаць так: чалавек хоча прыцягнуць да сябе ўвагу — а што ён прапаноўвае? У гэтым годзе была такая асаблівасць: людзі праяўлялі агрэсію да занадта актыўных пікетаў.

На мой погляд, самы эфектыўны метад — «ад дзвярэй да дзвярэй». Размаўляць непасрэдна з людзьмі. «Плюс» збору подпісаў у тым, што кандыдаты змаглі сябе пазначыць ўжо на гэтым этапе. Калі чалавек вылучаецца толькі адным метадам — ад палітычнай партыі, то ён знаходзіцца ў горшых умовах. Кандыдат ад збору подпісаў ужо вядомы ў акрузе, а гэты будзе толькі зараз бачны. Некаторыя палітычныя партыі вылучалі сваіх кандыдатаў двума спосабамі, каб, калі не збяруць подпісы, яны ішлі ад партыі, а пакватэрны абход — гэта добры фактар, каб іх пазнавалі на гэтым участку.

— На думку сацыёлага, чаму заўсёды па выніках выбараў у сталіцы самая нізкая яўка?

— Гэта характэрная рыса для ўсіх краін і звязана перш за ўсё з асаблівасцямі ладу жыцця. У сталіцы больш людзей свабодных прафесій, больш людзей ліберальнай накіраванасці. Яны не любяць сацыяльнай адказнасці. Для іх гэта з'яўляецца пэўнай цяжкасцю, таму яны менш дысцыплінаваныя. Яны лічаць, што такім чынам праяўляецца іх свабода. Гэта ментальная асаблівасць часткі сталічнага насельніцтва.

А ў рэгіёнах прысутнічае нейкая дысцыплінаванасць, больш адчуваецца грамадская салідарнасць. Там менш бамонду, больш людзей практыка арыентаваных прафесій. Гэтым, дарэчы, адрозніваюцца палітычныя перавагі сталіцы. У нас няма рэгіянальных адрозненняў, але Мінск галасуе асобна ад абласных і раённых цэнтраў. Гэта ўжо пэўная электаральная традыцыя.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Культура

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

Горад, «дзе былі помнікі і прыгожыя будынкі, зялёныя бульвары і ціхія хаткі на ўскраінах, дзе быў нават універсітэт, а значыцца, існавала г

Грамадства

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак

Для паспяховых школ характэрны клiмат высокiх чаканняў.

Грамадства

Гродзенец наводзiць парадак на зямлi i аднаўляе старажытны млын

Гродзенец наводзiць парадак на зямлi i аднаўляе старажытны млын

Гэтыя мясцiны Яўген Дарагуш памятае з дзяцiнства.