Вы тут

Што стаіць за трэндам Pockemon Go?


Памятаю, калі мне было гадоў дзесяць, я спяшаўся са школы дадому, каб паглядзець чарговую серыю мультфільма пра Эша і яго кішэннага сябра Пікачу. Дваццаць хвілін радасці штодзень! Але ўсё прыемнае калі-небудзь заканчваецца. Скончыўся і мультсерыял. Праз некалькі гадоў пра пакемонаў пачалі забываць, а неўзабаве з'явілася пакаленне дзяцей, для якіх вобраз жоўтага зайца з чырвонымі шчокамі (стваральнікі чамусьці сцвярджаюць, што гэта мыш) роўным чынам нічога не азначае. Але ў выніку франшыза вярнулася, прычым, здаецца, яшчэ больш трыумфальна, чым раней. Цяпер усе спяшаюцца не да тэлевізара, а... пахадзіць па горадзе, уткнуўшыся ў экран смартфона.


Усё пачалося ў 2012 годзе: кампанія Nіantіc Labs выпусціла для смартфонаў гульню Іngress, пабудаваную на прынцыпах дапоўненай рэальнасці. Сумяшчэнне рэальнага і віртуальнага прыйшлося аўдыторыі даспадобы, а забава займела даволі вялікую папулярнасць. Як аказалася, праект быў толькі падмуркам для нечага большага. Скарыстаўшыся дадзенымі з Іngress, усё тая ж кампанія стварыла новы прадукт аналагічнай канцэпцыі, але гэтым разам пабудавала ўсё ў гульнявым свеце паўзабытых Pockemon. Цяпер кожны можа стаць Эшам з анімэ 90-х! Скажу шчыра, напачатку задума мне спадабалася. Нарэшце нехта змог падняць зацятых геймераў з крэслаў і выцягнуў іх на вуліцу! Няхай падыхаюць свежым паветрам, пабачаць свет...Але аказалася, што рэальнае асяроддзе надта агрэсіўнае для заўзятых гульцоў у Pockemon Go.

Цэлы шэраг здарэнняў, у тым ліку і трагічных, пачаў адбывацца ў самых розных кутках зямлі. Дзесьці лаўцоў пакемонаў прынялі за зладзеяў і абстралялі, у іншым месцы надта захопленыя экранам смартфона гульцы не заўважылі небяспеку... Pockemon Go стала адной з галоўных інфармацыйных нагод лета, прычым далёка не заўсёды радасных. Некаторыя арганізацыі аператыўна адрэагавалі на новы трэнд: РУП «Мінскэнерга», напрыклад, размясціла ў сваім «Фэйсбуку» папярэджанне аб тым, што шукаць пакемонаў побач з энергетычнымі аб'ектамі смяротна небяспечна.

Вядома, адразу ж зайшла размова пра тое, што небяспечную гульню трэба неяк заканадаўча абмежаваць ці нават зусім забараніць. З усіх бакоў гучаць папрокі: маўляў, ну які нармальны чалавек будзе ўвесь свой час праводзіць, ловячы віртуальных монстраў? Асабліва вылучаюцца прадстаўнікі старэйшага пакалення, якія адпускаюць з'едлівыя жарты пра гульцоў. У адказ чуюць: «Як пакаленне, якое зараджала ваду каля тэлевізара пад выступленне Чумака, можа смяяцца з пакалення, якое ловіць пакемонаў?» У кожнай генерацыі свае забабоны, пытанне толькі ў канкрэтных людзях. Ёсць жа старая беларуская прыказка пра дурня, якога прымушаюць Богу маліцца. Вось і разбіваюць сабе зацятыя аматары Pockemon Go ілбы, смартфоны, ламаюць канечнасці. А старэйшыя з вялікім задавальненнем па-свойму далучаюцца да гульні: у Расіі, напрыклад, казакі шукаюць на вуліцах гарадоў лаўцоў і праводзяць з тымі «выхаваўчыя» размовы. Пагадзіцеся, не менш дзіўны занятак...

Я не прыхільнік розных канспіратыўных тэорый (часам можна пачуць думкі, што Pockemon Go — гэта ледзь не шпіёнская праграма, якая збірае дадзеныя пра мясцовасць і асабістае жыццё гульцоў), і без іх відавочна, што стаіць за новым трэндам. Самыя розныя кампаніі пачалі карыстацца гульнёй для сваіх акцый. Кавярні і рэстараны размяшчаюць так званыя lure-модулі ў сваіх памяшканнях, прыцягваючы ўвагу наведвальнікаў, іншыя выпускаюць спецыяльныя аксесуары для «палявання» на пакемонаў, банкі прапаноўваюць гульцам страхоўкі... Адна з беларускіх сетак аўтазаправак ужо прапаноўвае кліентам набываць пернікавых пакемонаў і атрымліваць за гэта падарункі. Калі ёсць магчымасць зарабіць на новай хвалі папулярнасці «кішэнных монстраў», чаму б гэтага не зрабіць? Галоўнае, каб была зацікаўленая публіка, а «паляўнічыя» на яе знойдуцца. Толькі хто каго ў такім выпадку ловіць?..

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Хто каго ловіць?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.