Вы тут

Ажынавае варэнне


Дачка назбірала ажын недалёка ад нашага лецішча. Дома мы рашылі зварыць варэнне. Яшчэ перад выхаднымі калега хваліўся, што яны з жонкай наварылі смакаты, калі змяшалі ажыны з грушамі. Мы задумалі паэксперыментаваць, і наступнай раніцай пайшлі з мужам на рынак купіць груш. Выбар быў неблагі. Разгаварыліся з дзядзькам, які прывёз з Кобрынскага раёна некалькі скрыняў фруктаў. Грушы яго вельмі вялікія, сакавітыя, але на выгляд — крышачку недаспелыя. Паводле слоў прадаўца, могуць яшчэ паляжаць. «Нам на варэнне», — патлумачыла я. — «О, калі б вы прыйшлі ўчора пад канец дня, то я пераспелыя і крыху пабітыя фрукты гаспадынькам на варэнне так аддаваў», — сказаў кобрынскі фермер. У такога добразычліўца захацелася абавязкова купіць. Прадавец узважыў па нашай просьбе чатыры кіло груш, і мы пайшлі варыць варэнне.


Галоўны кансультант у справе любых нарыхтовак, мая сястра сказала, што лепей грушы папярэдне здрабніць на мясарубцы, тады ў варэння будзе больш вытанчаны смак. Мы з дачкой захапіліся працэсам, але разышліся ў меркаваннях наконт колькасці цукру. Я рашыла патэлефанаваць яшчэ адной прызнанай у нашым асяродку гаспадыні — былой аднакурсніцы. Пагаварылі, вядома, не толькі пра варэнне, успомнілі сямейныя падзеі, падзяліліся навінамі. І неяк раптоўна зразумелі, што ні я ў яе, ні яна ў мяне ў гасцях не былі добрую пяцігодку.

— Трэба неадкладна выпраўляць становішча, — сказалі мы ледзь не ў адзін голас. І я запрасіла Ірыну да сябе. Яна, хоць мае звычку планаваць выхадныя загадзя па прычыне вялікай колькасці спраў, нечакана лёгка згадзілася. І праз нейкую гадзіну пад'ехала. Да гэтай пары мы сабралі на стол што-нішто да чаю. Ірына, як аказалася, нядаўна прыехала ад сваякоў з Расіі, нават флэшку з сабой захапіла, каб паказаць некаторыя фотаздымкі. Расказ яе быў трохі сумбурным, але ад гэтага не менш цікавым. У першай частцы свайго аповеду прыяцелька катэгарычна заявіла, што ў суседняй краіне большыя маштабы, большы размах нават у мысленні людзей і адпаведна — большыя магчымасці для самарэалізацыі, стварэння ўласнага дабрабыту, перспектыў і гэтак далей. Прыкладам могуць паслужыць гісторыі яе некаторых сваякоў. А ў канцы яна згадала пра тых суайчыннікаў, хто вечна ўсім незадаволены. На яе думку, іх варта было б пасадзіць у аўтобус і правезці кіламетраў шэсцьсот па расійскіх дарогах, пасля чаго крытычнага імпэту ў песімістаў паменшае.

Варта зазначыць яшчэ адну асаблівасць характару Ірыны: яна мае бясконцае мноства знаёмых. Як сама кажа, некаторыя з іх — «дзіўныя» знаёмыя, іншыя ўзнікаюць аднекуль невядома як, але факт застаецца фактам: да яе людзі цягнуцца. Таму, калі зайшла гаворка пра магчымы пошук кватэры ў Мінску для маёй дачкі, якая паступіла летам у сталічную ВНУ, даўняя прыяцелька сказала, што мае на прыкмеце адну энергічную пенсіянерку, якая раней брала на кватэру студэнтаў. І мы, вядома, запісалі, адрас.

Наша размова зацягнулася да вечара. Муж тым часам выйшаў у суседні дом да калегі-навукоўца за новай брашурай апошняга і, як часта бывае, забыўся мабільны дома. Мы з Ірынай яшчэ раз пакаштавалі варэння і перад тым, як апошні раз давесці да кіпення, вырашылі дабавіць трохі цукру. Спатрэбілася тэрмінова яго купіць. Каб папрасіць аб гэтым мужа, я набрала хатні нумар яго калегі. Да тэлефона падышла жонка, мы пагаварылі пра справы. Валянціна сказала, што на наступныя выхадныя яны збіраюцца ў Гродна — проста пагуляць па горадзе, і запрасіла нас далучыцца, каб весялей было.

І вось у мінулую суботу мы з такім задавальненнем гулялі па вуліцах самага прыгожага горада Беларусі! Пакланіліся мурам старажытнай Каложы, пахадзілі па славутых мясцінах Замкавай гары, наведалі Музей гісторыі рэлігій, заехалі на кароткі час у турыстычны комплекс «Каробчыцы». А да гэтага я столькі часу збіралася ў Гродна, намячала паездкі, потым адкладвала іх і стагнала, што Гродна сам да мяне ў Брэст не прыйдзе, а таксама цытавала калегу, якая даўным-даўно пісала ў нашай газеце: «Гародня — гэта ж не Парыж, бярыце білет і едзьце!» Паездка выдалася нечаканай і ад гэтага яшчэ больш прыемнай.

А пачыналася ўсё, калі памятаеце, з ажынавага варэння. Я ўсё гэта да таго, дарагі чытач, што трэба больш сустракацца з сябрамі, знаёмымі, сваякамі, а не замыкацца ў сценах кватэры і лецішча, узвальваць на сябе цяжар праблем і насіцца з імі як дурань з маляванай торбай. Прыемныя нечаканасці бываюць побач, трэба толькі ўважліва глядзець навокал.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.