Вы тут

Усё больш людзей у Гродна робяць на вуліцы ранішнюю размінку


Колькі ні гаворыцца пра карысць заняткаў фізкультурай і, у прыватнасці, ранішняй размінкі, наўрад ці можна сцвярджаць, што гэтая ідэалогія надта моцна ахапіла шырокія народныя масы. Хаця, канешне, прыхільнікаў нямала і, пэўна, становіцца ўсё больш. У гэтым можна пераканацца кожную раніцу на пляцоўках гродзенскіх мікрараёнаў і ў лесапарках.


Ра­ніш­няя раз­мін­ка ў ле­са­пар­ку Пыш­кі: і хадзь­ба, і трэ­на­жо­ры пад ад­кры­тым не­бам.

Раніца. Да пачатку працоўнага дня яшчэ больш за дзве гадзіны. Чым заняцца? Паглядзець тэлевізар? Сесці за камп'ютар? А можа, прыслухацца да вядомых парад і аддаць перавагу фізкультуры? Для людзей, якія ўжо даўно прызвычаіліся да ранішняй размінкі, ніякай дылемы тут не існуе. А вось пачаткоўцам зрабіць выбар на яе карысць — прычым не на дзень, два, а ў рэгулярным рэжыме — даволі няпроста. Перашкаджае элементарная лянота. То настрою няма, то надвор'е не надта пасуе, то не хапае часу... Ніхто тут не дапаможа — толькі ўласная сіла волі.

• У тэму

Спецыялісты сцвярджаюць, што карысць ад фізічных практыкаванняў, якую арганізм атрымлівае падчас ранішняй фізкультуры, вялізная. Яна дапамагае хутчэй «перавесці» арганізм у рабочы рэжым пасля сну, павышае тонус. Паляпшаецца стан сэрца і нерваў, прачышчаюцца энергетычныя каналы, умацоўваецца мускулатура, адступае бяссонніца, нармалізуецца маса цела. Размінка прынясе максімальную карысць, калі з часам практыкаванні будуць удасканальвацца і ўскладняцца. Аднак пры гэтым трэба пазбягаць празмернай нагрузкі на арганізм. Калі ёсць пачуццё стомленасці, то нагрузку трэба знізіць.

Пачынаю размінку прама ў кватэры. Хвілін пяць займаюся фізічнымі практыкаваннямі, а затым выходжу на вуліцу. Шукаць зручную пляцоўку для хадзьбы ці прабежкі не трэба. Нашай шматпавярхоўцы пашанцавала: побач ёсць каток (зімой, калі дазваляе надвор'е, сюды прыходзяць з канькамі і клюшкамі), а вакол яго — асфальтаваная дарожка. Па маім прыблізным падліку, адзін круг па ёй складае каля 300 метраў, і, такім чынам, кожны можа вызначыць аптымальную для сябе дыстанцыю для ранішняй размінкі. Пры гэтым нішто не перашкаджае спалучаць хадзьбу ці бег з «паўзамі» для заняткаў тымі ці іншымі практыкаваннямі.

Але, можа, такія ўмовы ёсць толькі ў нашым і суседніх дамах, а ў іншых заняцца ранішняй размінкай проста немагчыма? Спецыяльна прайшоўся па нашым мікрараёне і ўбачыў, што практычна ўсюды побач з жылымі дамамі альбо блізка ад іх адпаведнае месца ёсць. Прычым раніцай, калі аўтамабільны рух яшчэ не пачаўся, транспарт праблем для аматараў размінкі не стварае.

Зрэшты, займацца ранішняй размінкай зусім неабавязкова толькі каля дома. Гэта зручна, але ёсць і больш казырны варыянт з пункту гледжання экалогіі, чыстага паветра — лесапаркі Пышкі і Румлёва, якія прырода падарыла жыхарам горада над Нёманам. Яны знаходзяцца ў межах горада, літаральна побач з жылымі мікрараёнамі. Гродна — не мегаполіс, і дабрацца на гэтую «тэрыторыю здароўя» шмат часу не зойме. Хтосьці прыходзіць пешшу, а я, напрыклад, пад'язджаю да лесапарка Пышкі на аўтамабілі, пакідаю яго на стаянцы і накіроўваюся па маршруце з сімвалічнай назвай «Сцяжына здароўя». Як правіла, праходжу 3,5-4 кіламетры, а таксама карыстаюся бясплатнымі паслугамі трэнажораў для заняткаў варкаўтам — фізкультурай пад адкрытым небам. Гэтую пляцоўку ў Пышках абсталявалі зусім нядаўна, але яна ўжо, як бачна, прыцягвае вялікую колькасць аматараў ранішняй размінкі.

Калі ж пагодныя ўмовы неспрыяльныя, моцны дождж, то лагічна зрабіць размінку прама ў кватэры. Адпаведныя комплексы практыкаванняў у інтэрнэце так і «просяцца», каб вы звярнулі на іх увагу. Можна нават стаць каля камп'ютара і выконваць тое, што прапануе відэасюжэт.

• У тэму

Ва Упраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама зараз ствараюць інтэрактыўную карту аб'ектаў вобласці для заняткаў фізкультурай і спортам — з пералікам паслуг і рэжымам работы. Акрамя стадыёнаў, спартыўных, трэнажорных і фітнес-залаў, будуць пазначаны адпаведныя пункты пракату, крамы, базы адпачынку, а таксама аб'екты ўстаноў адукацыі, якімі могуць скарыстацца жыхары мікрараёнаў. Гэтая карта будзе размешчана на сайце Упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама са спасылкамі на яе на іншых інтэрнэт-рэсурсах рэгіёну.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Зрабіць ранішнюю размінку

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.