Вы тут

Трагічную гісторыю вёскі Горваль дапамагаюць разгадаць школьнікі


Непадалёку ад Рэчыцы, там, дзе Бярэзіна ўпадае ў Дняпро, раскінулася вёска з прыгожай назвай Горваль. Акрамя назвы, населены пункт можа ганарыцца яшчэ і найцікавейшай гісторыяй. Амаль тысячу гадоў таму на яго месцы знаходзілася старажытнае славянскае паселішча, дзе працавалі рамеснікі, віравала жыццё... Нядаўна на месцы былога пасялення вяліся раскопкі, а дапамагалі археолагам вучні з тутэйшых школ. Нашы карэспандэнты наведаліся да юных гісторыкаў у госці...


У ла­ге­ры ўсе пра­цу­юць ад­ноль­ка­ва, не­за­леж­на ад по­лу і ўзрос­ту.

Жыхары вёскі даўно ведалі, што жывуць побач з гістарычнымі артэфактамі. Ды і як не ведаць, калі былое гарадзішча пачынаецца адразу за тваім дваром? Дастаткова зрабіць колькі крокаў за веснічкі, падняцца на адно ўзвышша, другое — і вось ты ўжо на месцы былога дзядзінца. Зараз у цэнтры пляцоўкі — роўная прамавугольная яма. Слой за слоем дзеці і дарослыя здымаюць «культурныя пласты», перабіраюць зямлю, чысцяць ад бруду знойдзенае...

— Насамрэч, каля вёскі знаходзяцца ажно дзве археалагічныя пляцоўкі, — гаворыць аспірант кафедры гісторыі Беларусі новага і навейшага часу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр ПЕТУХОЎ. — Другая за два кіламетры на ўсход, на месцы былога Горвальскага замка XVІ-XVІІ стагоддзяў. Пра тое збудаванне вядома больш, яно згадваецца ў шматлікіх крыніцах. Замак належаў самой каралеве Боне Сфорцы, якая выменяла яго на горад Ковель. Фартыфікацыя згарэла падчас Паўночнай вайны. А вось славянскае гарадзішча сур'ёзна вывучаецца, па сутнасці, упершыню. Мяркуецца, што гэта быў старажытнарускі Горваль, які згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XІV стагоддзя. Якраз гэтаму падчас раскопак мы і знайшлі некаторыя пацвярджэнні: прасліца, шкляныя бранзалеты, якія з прыходам татар у Кіеў перасталі вырабляцца, значна старэйшыя за звычайныя сярэднявечныя вырабы з металу, кераміка...

Гісторык кажа, што многія артэфакты раскрываюць трагічную старонку ў гісторыі старажытнага Горваля. На невялікім участку былі знойдзены рэшткі пяці чалавек, у тым ліку дзяцей. Гэтыя людзі не былі пахаваны, пра што сведчаць іх ненатуральныя позы. Хутчэй за ўсё, на паселішча напалі ворагі, якія не пашкадавалі яго жыхароў. Сляды ў гліне і шматлікія наканечнікі стрэл падштурхоўваюць да думкі аб раптоўным захопе і спаленні Горваля. На думку навукоўцаў, рабаўнікамі былі мангола-татары.

Раскопкі распачаліся ў пачатку жніўня, кіраваў імі прафесар кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Сяргей Рассадзін. Спачатку каманда ў складзе двух навукоўцаў, аднаго мясцовага краязнаўцы і дзясятка школьнікаў працавала на замкавым гарадзішчы, пазней перамясцілася на больш старажытную пляцоўку. Усе раскопы вядуцца па тэхналогіі: участкі разбіваюцца на квадраты, кожны з іх апрацоўваецца паслойна, пасля закопваецца. Па прызнанні Аляксандра Петухова, дапамога дзяцей прыйшлася да месца: аб'ёмы працы вялікія, а юнацкі імпэт і энергічнасць заўважна паскараюць работу.

Куль­мі­на­цыя дня — чар­го­вая зна­ход­ка!

— Ідэя такога праекта ў нас узнікла даўно, гады тры таму, — распавядае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Глыбаўскай сярэдняй школы Ірына НЯВОЛЬКА. — Але летась усё нарэшце склалася: вясною на нас выйшлі прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, і мы пачалі рыхтавацца да адкрыцця міжшкольнага аздараўленчага лагера «Кентаўрык». У яго склад увайшлі вучні трох школ: першай і другой азершчынскай, а таксама глыбаўскай. Усяго тут 15 дзяцей з 9-11 класаў, але раскопкі наведваюць і многія энтузіясты, напрыклад выпускнікі нашай школы. Усё робіцца на добраахвотнай аснове, грошай дзеці не атрымліваюць. Пры падтрымцы раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў арганізаваныя падвоз на школьным аўтобусе і харчаванне. Ужо сфарміраваўся асноўны касцяк дзяцей-актывістаў, якім праца прыйшлася даспадобы, прымушаць нікога не трэба. Мяркую, што пару-тройку будучых гісторыкаў ці археолагаў мы ўжо выхавалі.

Працуюць юныя археолагі з 9 да 13 з перапынкамі на 15 хвілін кожную гадзіну — больш не дазваляе заканадаўства. Разам з імі ў летніку знаходзяцца пяцёра школьных педагогаў.

— Я заўжды марыла пабываць на раскопках і некалі нават планавала паступаць на гісторыка, — кажа адзінаццацікласніца Азершчынскай школы №1 Ганна ВАРОНА. — Дзякуючы летніку мая мара спраўдзілася. Мне тут падабаецца, гэта незвычайна — шукаць у зямлі рэчы, якім сотні гадоў. А якія эмоцыі перажываеш, калі нешта знаходзіш, — не перадаць! Працу мы асабліва не дзелім, капаюць усе, у тым ліку і дзяўчаты. Хаця хлопцы, безумоўна, паспяваюць больш.

— Мне пра летнік распавяла наша завуч, — дадае яе аднакласніца Ганна КАЛЕСНІК. — Дома летам сядзець не хацелася, я палічыла, што тут будзе цікава. Шчыра скажу, не прагадала: не кожны дзень можна трапіць на сапраўдныя раскопкі і патрымаць у руках каштоўныя артэфакты. Акрамя таго, прафесар Рассадзін распавядае нам шмат цікавых рэчаў з гісторыі Беларусі...

Па­ля­ван­не на ар­тэ­фак­ты ў боль­шас­ці школь­ні­каў  вы­клі­кае за­хап­лен­не.

Заўважна, як бурна дзеці рэагуюць на любыя знаходкі і рэчы, як прафесіянальна ставяцца да іх. Усё гэта — навуковыя артэфакты, якія апісваюцца ў дакументах і перавозяцца на захаванне ў мясцовы фельдшарска-акушэрскі пункт. Нават шкілеты старажытных горвальцаў юных гісторыкаў не пужаюць.

— Падобныя атрады ўжо некалі працавалі ў Светлагорскім раёне, пад Оршай, — распавядае другі сакратар ЦК БРСМ Сяргей КЛІШЭВІЧ, з якім мы наведалі архелагічны лагер. — Гэта было даўно, на пачатку 2000-х. Вельмі сімвалічна, што менавіта ў Год культуры мы змаглі аднавіць такую практыку і стварылі добраахвотніцкі атрад у Рэчыцкім раёне. На мой погляд, эксперымент атрымаўся. Мы спадзяёмся, што гэтая практыка працягнецца... Безумоўна, хацелася б зрабіць нешта такое і ў фармаце студэнцкага атрада, аднак для гэтага патрабуецца спонсарская падтрымка.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Мінск — Рэчыцкі раён — Мінск

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Трагічная гісторыя Горваля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.