Вы тут

Як жывуць нашчадкі беларускіх перасяленцаў у Сібіры?


Ужо больш як два дзесяцігоддзі ў Іркуцку існуе маладзёжны клуб «Крывічы». Яго ўдзельнікі — сібіракі ў некалькіх пакаленнях, але іх продкі — дзяды, прадзеды — з Беларусі. Днямі ў Мінску, у Літаратурным музеі Петруся Броўкі, прайшла сустрэча з заснавальнікам «Крывічоў» Алегам РУДАКОВЫМ і актыўнай удзельніцай клуба, спявачкай і майстрыхай Вольгай ГАЛАНАВАЙ.


Клуб «Крывічы» наладзіў работу ў многіх кірунках: гэта студыя аўтэнтычных спеваў, навучанне бытавым і сярэднявечным танцам, рамесная майстэрня, дзе займаюцца вырабамі з саломкі, шыюць, ткуць ручнікі, робяць старажытныя фібулы. Удзельнікі клуба арганізоўваюць этнаграфічныя вандроўкі па вёсках перасяленцаў з Беларусі, вывучаюць беларускую мову і праводзяць беларускія традыцыйныя святы. Таксама «Крывічы» ладзяць штогадовы міжнародны фестываль «Беларускі кірмаш», куды часта запрашаюць музыкаў і гурты з Беларусі.

— Аснова нашай дзейнасці — правядзенне старажытных беларускіх свят, — расказвае Алег Рудакоў. — Усё пачалося ўвосень 1995 года. Тады ў мясцовай газеце «Советская молодёжь» я надрукаваў аб'яву з прапановай да сяброў-беларусаў аб'яднацца. Але калі мы першы раз сустрэліся, то не маглі вырашыць, чым будзем займацца ўсе разам. Нехта прапаноўваў хадзіць на паляванне, нехта — вудзіць рыбу. Дарэчы, аказалася, што беларускую мову, акрамя мяне, амаль ніхто з іркуцкіх беларусаў не памятаў, але менавіта святы сталі момантам, які аб'яднаў літаральна ўсіх. Многія памятаюць Купалле, Каляды, Гуканне вясны і пэўныя абрады, што іх суправаджаюць.

Цяпер для суполкі «Крывічы» беларускія святы сталі пэўнага кшталту брэндам, у іх удзельнічаюць не толькі беларусы, але і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, што жывуць у Іркуцку. Сюжэты пра адметныя святкаванні часта з'яўляюцца на тэлеканалах, а неяк беларуская калядная Каза нават віншавала з тэлеэкранаў усіх жыхароў Іркуччыны з Новым годам.

Адным з асноўных кірункаў работы «Крывічоў» з'яўляюцца этнаграфічныя экспедыцыі па сібірскіх беларускіх вёсках.

— Мы пабачылі, што нацыянальныя традыцыі шмат дзе захаваліся, шмат дзе пра іх памятаюць, — кажа спадар Алег. — Таму і вырашылі больш увагі ўдзяліць вандроўкам, запісваем песні, танцы, гісторыі пра тое, як вёскі ўтвараліся, якія людзі перасяляліся. У хуткім часе будзем актыўна працаваць над выданнем матэрыялаў з экспедыцый.

Алег Рудакоў кажа: прыязджаючы ў вёску, адразу бачыш, што яе заснавалі беларусы. Тут абавязкова ёсць прамая галоўная вуліца, ад яе адыходзіць некалькі перпендыкулярных адгалінаванняў. Часта форма вёскі нагадвае фігуры беларускага арнаменту. Перад хатамі — акуратныя клумбы з кветкамі, кустамі. Таксама пра беларускасць вёскі сведчаць бялявыя валасы дзетак. Кажуць, што з цягам часу яны цямнеюць, але нараджаюцца немаўляты пераважна светлавалосымі. Таксама часта вуліцы ці асобныя раёны вёсак маюць беларускія назвы: Гомель, Краіна, Забока, Баравуха.

Цікава, што бураты, якія спрадвеку жывуць у Сібіры, нават узімку выпускаюць кароў у поле. Яны амаль не нарыхтоўваюць сена. Але ж беларусы не перанялі такой звычкі. І сёння яны зімою трымаюць кароў у хлявах, а ўлетку сушаць для іх шмат сена.

Падзяліўся спадар Алег і некалькімі цікавымі назіраннямі з экспедыцый у асобныя беларускія паселішчы.

Вёска Чарчэт Тайшэцкага раёна была заснавана беларускімі перасяленцамі ў 1903 годзе, тут і сёння захавалася шмат старых традыцый. Адна з тутэйшых адметнасцяў — на сценах дамоў, на платах, брамах толькі тут можна пабачыць традыцыйныя васьміканцовыя зоркі. Як патлумачылі мясцовыя людзі — гэта абярэгі, што бароняць хату ад маланак і пажараў. Ёсць у вёсцы музей, дзе збіраюць старажытныя рэчы, і клуб «Крыніцы», дзе займаюцца этнаграфічнымі даследаваннямі, запісваюць і спяваюць старажытныя песні, ладзяць святы. Таксама тут ужо некалькі гадоў працуе свая батлейка, лялькі і спектаклі для якой рыхтуюць разам з дзецьмі.

У вёсцы Жызнёўка Заларынскага раёна сёння жыве шмат прадстаўнікоў роду Петрусёвых. Сюды ў 1912 годзе з Беларусі прыехалі тры браты Ціхан, Архіп і Карп Петрусі, яны былі аднымі з заснавальнікаў вёскі. Сёння ў родзе Петрусёвых (з цягам часу прозвішча змянілася) — каля 240 чалавек. Мясцовыя распавядаюць, што адзін з братоў-заснаваль-
нікаў — Ціхан — быў чарадзеем. Яшчэ ў Беларусі стары млынар навучыў яго чараваць. Калі прыехаў у Сібір, яго ўсе баяліся, казалі, што Ціхан быў страшным чалавекам, умеў змей загаворваць, кіраваць стыхіяй. А неяк у вёсцы было вяселле, куды яго не запрасілі, дык мужчына прыгразіў, што коні спыняцца і не паедуць на вяселле. Так і сталася.

А ў Андрушыне Куйтунскага раёна раней у адным канцы жылі перасяленцы з Гродзеншчыны, а ў другім — з Віцебшчыны. На рэчцы, што дзяліла вёску на дзве часткі, збіраліся на мосце і біліся каламі. Адна бабуля расказвала, што раней нават замуж дзеўкі не выходзілі за прадстаўнікоў іншага канца вёскі...

Што да песень і танцаў, якія яшчэ помняць старажылы сібірскіх беларускіх вёсак, часам іх версіі аказваюцца больш старажытнымі, чым тыя, што бытуюць у Беларусі. Думаецца, работа па іх вывучэнні, запісе і захаванні можа быць карыснай не толькі для сібіракоў-беларусаў, але і для ўсіх прадстаўнікоў нашага народа. Гэта магчымасць яшчэ больш даведацца пра адметнасці нашай культуры, беларускага светаўспрымання. Таму чакаем новых сустрэч з «Крывічамі», выдання матэрыялаў з экспедыцый клуба і жадаем плёну ў новых вандроўках.

Вольга Галанава расказала, што, паводле апошняга афіцыйнага перапісу, на тэрыторыі Іркуцкай вобласці жыве каля 50 тысяч беларусаў. Аднак лічба меншая, чым ёсць насамрэч: і гэта пацвярджаюць перапісы, што праводзіліся раней. Часта таксама здараецца, што мясцовыя ўлады ніякіх перапісаў у аддаленых вёсках не праводзяць, а проста запісваюць беларусаў рускімі. Сама ж Вольга, у якой ужо трэцяе пакаленне сям'і жыве ў Сібіры, дакладна не ведае, адкуль з Беларусі паходзяць яе продкі. Кажа, што дзядулі з бабулямі ніколі пра гэта не расказвалі. Ведае толькі, што яе прадзед у 1930-я гады быў рэпрэсіраваны і 10 гадоў правёў за кратамі.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Яднанне праз традыцыі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.