Вы тут

Якія прэміяльныя чакаюць алімпійскіх чэмпіёнаў розных краін


Па даўняй традыцыі спартсмены, якія заваёўваюць узнагароды на галоўных стартах чатырохгоддзя, у сябе на радзіме не застаюцца абдзеленымі не толькі ўвагай, але і грашыма. Яшчэ ў Старажытнай Грэцыі пераможцы Алімпіяд карысталіся пэўнымі прывілеямі ў грамадстве: чэмпіёнам выплачвалі 500 драхмаў, ім высякалі мармуровы помнік на поўны рост, а таксама да канца дзён бясплатна кармілі ў грамадскіх сталовых і пускалі на першыя рады тэатраў. Цяпер, зразумела, усё па-іншаму.


Сярод краін разгарнулася цэлая гонка: хто дасць сваім спартсменам найвышэйшае ўзнагароджанне. Сумы розныя — напэўна, яны, перш за ўсё, залежаць ад фінансавых магчымасцяў канкрэтнай краіны. У той жа час некаторыя эканамічна развітыя дзяржавы не плацяць сваім спартсменам наогул.

Беларусь

Мы знаходзімся ў першай дзясятцы краін-удзельніц Рыа-2016 па суме ўзнагароджання за залатыя медалі. Кожны спартсмен, які зойме 1-е месца, атрымае 150 тысяч долараў ад дзяржавы. За другое месца — 75 тысяч долараў, а за 3-е — 50 тысяч. Таксама ў выпадку заваявання алімпійскіх узнагарод атлеты могуць дадаткова разлічваць на алімпійскую стыпендыю, якая выплачваецца на працягу 4-х гадоў.

Сінгапур

Гэтая высокаразвітая краіна сёлета самая шчодрая ў плане алімпійскіх прэмій. Пераможцы атрымаюць па 745 тысяч долараў. За перамогу на Алімпіядзе 2012 года ў Лондане Сінгапур абяцаў выплаціць кожнаму свайму чэмпіёну па 800 тысяч долараў, але адзначым, што ў сваёй гісторыі спартсмены гэтай краіны яшчэ ні разу не выйгравалі алімпійскае «золата».

Азербайджан

Азербайджан знаходзіцца на другім месцы дадзенага рэйтынгу на сёлетніх Алімпійскіх гульнях. Прадстаўнікі краіны, якія паднімуцца на першую прыступку п'едэстала, атрымаюць
510 тысяч долараў.

ЗША

У Злучаных Штатах з 1984 года не мяняюць суму прэміяльных за алімпійскія медалі для сваіх спартсменаў і выплачваюць залатым медалістам усяго 25 тысяч долараў. Уяўляеце, колькі зарабіў Майкл Фелпс? Ён ужо 22-разовы алімпійскі чэмпіён.

Кітай

Кітайская каманда разам з амерыканцамі сёння знаходзіцца ў фаварытах у спісе агульнакаманднага заліку. Спартсмены Паднябеснай атрымаюць ад свайго алімпійскага камітэта за залаты медаль па 50 тысяч долараў, 25 тысяч — за «серабро» і 15 тысяч — за «бронзу». Дарэчы, на мінулых алімпіядах Кітай за сярэбраныя і бронзавыя ўзнагароды зусім не выплачваў атлетам прэміі, але ім гарантавалася пажыццёвае працаўладкаванне ў кітайскіх спартыўных ведамствах або мясцовых правінцыях.

Украіна

З краін-суседак больш за ўсіх за алімпійскае «золата» заплаціць Украіна. Прызавыя ганарары там будуць наступныя: уладальнік «золата» атрымае ад дзяржавы 125 тысяч долараў, 80 тысяч — за «серабро» і 55 тысяч — за бронзавую ўзнагароду.

Расія

У студзені 2015 года прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў распараджэнне, якое вызначала памер прызавых для расійскіх спартсменаў за дасягненні на Алімпіядзе-2016 у Рыа. Залатыя медалісты атрымаюць па 60 тысяч долараў, сярэбраныя — 37 тысяч, бронзавыя — 25 тысяч.

Адзначым, што на папярэдніх летніх Алімпійскіх гульнях у Лондане расійская каманда заваявала 82 узнагароды (24 залатыя, 25 сярэбраных, 33 бронзавыя).

Польшча

За «золата» палякі атрымаюць 38 тысяч долараў, 25 тысяч — «серабро», 16 тысяч — «бронза».

Акрамя таго, спартсмены могуць разлічваць на спонсарскія падарункі ў выглядзе бюджэтных аўтамабіляў. Але таксама варта адзначыць і тое, што ў шматлікіх выпадках у Польшчы падрыхтоўка да Гульняў вядзецца спартсменамі практычна за ўласны кошт.

...і іншыя

Вялікабрытанія, Нарвегія, Швецыя, Харватыя наогул нічога не плацяць сваім алімпійскім чэмпіёнам і прызёрам Гульняў. Тлумачэнне простае: бюджэт краіны ідзе на развіццё дзіцячага і маладзёжнага спорту, а таксама на папулярызацыю здаровага ладу жыцця сярод грамадзян.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Колькі плацяць?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.