Вы тут

Дэфіцыту педагагічных кадраў у сталіцы няма


Сцвярджаюць прадстаўнікі Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама.

1 верасня заняткі ў сталічных школах распачнуцца для 185,5 тысячы дзяцей. А напярэдадні (31 жніўня) ва ўсіх установах адукацыі пройдуць урачыстасці, прысвечаныя пачатку навучальнага года. Падчас урачыстых лінеек (пачатак а 10-й гадзіне) у бацькоў першакласнікаў будзе магчымасць азнаёміцца з бяспечнымі маршрутамі да школы.


Дашкольныя ўстановы — за кошт інвестараў

У новым навучальным годзе ў сталіцы будзе функцыянаваць 241 установа агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку 51 гімназія і 2 ліцэі. Па стане на 15 жніўня ўжо ўсе ўстановы агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Мінска атрымалі пашпарты гатоўнасці. Пра гэта паведаміла начальнік аддзела тэхнагляду за капітальным і бягучым рамонтам устаноў адукацыі Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Галіна ХАРЫК.

— Сёлета падрыхтоўка ўстаноў адукацыі завяршылася датэрмінова, мы спрацавалі на апераджэнне, — падкрэсліла спецыяліст. — Да таго ж былі рэалізаваны ўсе намечаныя мерапрыемствы па капітальным і бягучым рамонце. У Мінску сёлета ўжо ўведзены ў эксплуатацыю дзве дашкольныя ўстановы ў мікрараёнах Масюкоўшчына-5 і Міхалова-2 (кожная — на 230 месцаў). Два дзіцячыя садзікі ў мікрараёне Каменная Горка будуць адкрыты ў самым хуткім часе (у канцы жніўня — пачатку верасня).

У адпаведнасці з інвестыцыйнай праграмай Мінска ў 2016 годзе ажыццяўляецца будаўніцтва агульнаадукацыйнай школы ў мікрараёне Масюкоўшчына-3 на 1020 месцаў. Яе ўвод запланаваны на люты 2017 года. Таксама ажыццяўляецца будаўніцтва сямі дашкольных устаноў з агульнай колькасцю месцаў 1440. Акрамя таго, за кошт сродкаў інвестара будуецца дзіцячы садзік у межах вуліц Брыля і Алібегава на 150 месцаў. Арыенціровачны тэрмін завяршэння будаўніча-мантажных работ — трэці квартал бягучага года. Гэты аб'ект будзе перададзены ў камунальную ўласнасць Мінска.

— У апошнія гады ў сталіцы актывізавалася ўзвядзенне дашкольных устаноў за кошт сродкаў інвестараў. Такім чынам, колькасць месцаў у дзіцячых дашкольных установах горада павялічыцца за кошт сродкаў бюджэту — на 920 і яшчэ на 150 — за кошт сродкаў інвестараў, — падкрэсліла Ганна Харык.

Дзесяцікласнікі выбіраюць педагагічны профіль

Цікава, што колькасць школьнікаў у новым навучальным годзе павялічыцца ў сталіцы аж на 8 тысяч чалавек. Паводле папярэдняй інфармацыі, у горадзе плануецца адкрыць больш як 800 першых і больш як 420 дзясятых класаў, у тым ліку профільных — 229.

Як патлумачыла начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына ЮРКЕВІЧ, колькасць профільных класаў прырастае ў сталіцы пераважна за кошт адкрыцця педагагічных класаў, якія карыстаюцца ў падлеткаў усё большай папулярнасцю. У профільных класах і пры арганізацыі ў школе мультыпрофільнага навучання дзесяцікласнікі могуць выбраць 2-3 прадметы, якія яны будуць вывучаць на павышаным узроўні. Для таго, каб быць залічанымі ў профільны клас, выпускнікі базавай школы праходзяць конкурсны адбор. Па профільных прадметах трэба было мець адзнаку ў атэстаце не менш як 7 балаў, а сярэдні бал атэстата — не ніжэйшы за 6. Тыя, хто не ўпісаўся ў гэтыя патрабаванні, вымушаны або выбраць базавы клас, або ўвогуле перайсці ў суседнюю школу, дзе захаваліся базавыя класы.

Для вучняў, якія жадаюць навучацца на роднай мове, у горадзе дзейнічаюць 5 гімназій, 5 агульнаадукацыйных школ і 2 дашкольныя ўстановы з беларускай мовай навучання.

Сёлета ва ўстановы адукацыі сталіцы накіраваны 581 малады спецыяліст. І, як запэўнівае Марына Юркевіч, вострага дэфіцыту педагагічных кадраў у горадзе няма. У школах хапае філолагаў, настаўнікаў матэматыкі і прыродазнаўчых дысцыплін. Цякучасці кадраў у сістэме адукацыі таксама не назіраецца...

— Захоўваецца толькі патрэба ў настаўніках пачатковых класаў і выхавальніках дашкольных устаноў, аднак усе вакансіі, а іх няшмат, будуць да 1 верасня закрытыя. На іх плануецца прыцягнуць педагогаў-пенсіянераў, студэнтаў пятых курсаў педагагічных спецыяльнасцяў і пераразмеркаваць нагрузку паміж педагогамі гэтых устаноў, — дадала Марына Юркевіч.

Самыя прывабныя прафесіі

Дарэчы, для таго, каб закрыць патрэбу сталіцы ў настаўніках пачатковых класаў і выхавальніках дашкольных устаноў, сёлета ў горадзе быў адкрыты Мінскі гарадскі педагагічны каледж, які будзе рыхтаваць педагогаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. У першы набор прахадны бал на спецыяльнасць «пачатковая адукацыя» склаў 7,75, а на спецыяльнасць «дашкольная адукацыя» — 7,12 (прыём абітурыентаў ажыццяўляўся па конкурсе пасведчанняў аб заканчэнні базавай школы). Прычым сярод залічаных на навучанне трапляліся і тыя, чый сярэдні бал пасведчання быў блізкі да 10. Ужо ў першыя дні прыёму дакументаў планавыя лічбы прыёму былі практычна дасягнуты. Так, на спецыяльнасць «пачатковая адукацыя» было пададзена 83 заявы: пры плане прыёму 50 чалавек конкурс склаў 1,66. На спецыяльнасць «дашкольная адукацыя» пададзена 64 заявы: пры плане прыёму 25 чалавек конкурс — 2,56 чалавека на месца. А на завочную форму навучання на 20 бюджэтных месцаў прэтэндавалі 70 чалавек. Тэрмін навучання будучых педагогаў на аснове базавай адукацыі складае 3 гады 10 месяцаў, таму першых выпускнікоў каледжа сталічныя школы і дзіцячыя садзікі прымуць у 2020 годзе.

Прыёмная кампанія ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўжо завяршылася, але да 20 жніўня ў сталіцы працягваецца прыём дакументаў ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Яны ўжо ўкамплектаваліся больш як на 90 працэнтаў. Рэйтынг папулярнасці ў моладзі традыцыйна ўзначальваюць прафесіі цырульніка, кухара, слесара па рамонце аўтамабіляў, памочніка машыніста электравоза...

— На спецыяльнасць «кухар» на базе 9 класаў сёлета назіраўся сапраўдны аншлаг: сярэдні прахадны бал не апускаўся ніжэй за 6,5 бала, — паведаміла начальнік сектара прафесійна-тэхнічнай адукацыі Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Алена ЧАРНЫХ. — Праявіла моладзь цікавасць і да новай спецыяльнасці ў Каледжы будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі «рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў», дзе будуць рыхтаваць хаус-майстроў. Менш запатрабаванымі ў абітурыентаў аказаліся спецыяльнасці машынабудаўнічага профілю (ліцэі №3 і №9) Таму, магчыма, тут будзе працягнуты прыём дакументаў да 1 верасня. Не выключана, што да іх могуць далучыцца і асобныя навучальныя ўстановы будаўнічага профілю.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?