Вы тут

Замежным гасцям Аўгустоўскага канала не спатрэбіцца віза?


Што робіцца і якія задачы трэба вырашыць, каб максімальна выкарыстаць патэнцыял Аўгустоўскага канала — нашай жамчужыны прыроды і гідратэхнічнага дойлідства? Гэтыя пытанні, якія старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ кантралюе асабіста, абмеркавалі на абласной нарадзе.


У ванд­роў­ку — на бай­дар­цы.

Паколькі Аўгустоўскі канал праходзіць па тэрыторыі двух краін, Беларусі і Польшчы, то самім лёсам наканавана карыстацца гэтай унікальнай воднай артэрыяй на ўзаемавыгаднай аснове, стварыўшы самыя спрыяльныя ўмовы для турыстаў. А што ў рэальнасці? Дагэтуль перасячы мяжу ў пагранічным пункце пропуску «Лясная-Рудаўка» можна было толькі на водным судне, а пешаходы і веласіпедысты такой магчымасці не мелі. Аднак сітуацыя мяняецца: статус пункту пропуску неўзабаве стане не толькі водным, але і вела-пешаходным. Канешне, турыстычны паток значна павялічыцца, і падрыхтоўка да прыёму вандроўнікаў ужо вядзецца — адрамантавалі будынак пункта пропуску, абнавілі альтанкі, абсталявалі велапаркоўку, устанавілі інфармацыйныя стэнды.

Пры гэтым ствараюцца ўмовы для таго, каб замежныя турысты маглі вандраваць па Аўгустоўскім канале без візы. Мяркуецца, што яна не спатрэбіцца тым, хто будзе перасякаць мяжу (з Польшчы — у пунктах пропуску «Лясная-Рудаўка» і «Брузгі-Кузніца Беластоцкая», з Літвы — у пунктах пропуску «Прывалка-Швэндубрэ» і «Прывалка-Райгардас») для наведвання турысцка-рэкрэацыйнага парка «Аўгустоўскі канал» і прылеглых тэрыторый. Пропуск будзе ажыццяўляцца на падставе дакумента, які пацвярджае мэту паездкі.

Дарэчы, падобны вопыт (калі замежныя турысты да пяці сутак знаходзяцца ў нашай краіне без візы) ужо ёсць — такое магчыма пры наведванні Белавежскай пушчы.

Ці гатовы гаспадары дастойна сустрэць турыстаў, якіх у сувязі з навацыямі, верагодна, стане значна больш?

— Неабходна зрабіць усё, каб у зоне Аўгустоўскага канала было ўтульна адпачываць і нашым жыхарам, і замежным гасцям, — падкрэсліў Уладзімір Краўцоў.

У прыватнасці, трэба стварыць дастойныя ўмовы для веласіпеднага руху ўздоўж Аўгустоўскага канала — пабудаваць новыя паркоўкі, палепшыць інфармацыйную маркіроўку на маршрутах. Дарэчы, зусім не фантастычным выглядае прагноз, што канал можа ўвайсці ў склад сусветна вядомых міжнародных веламаршрутаў GreenVelo і EuroVelo. Праўда, для гэтага трэба яшчэ шмат папрацаваць, каб адпавядаць неабходным патрабаванням — напрыклад, трэба, каб на маршруце знаходзіліся аб'екты для харчавання і размяшчэння веласіпедыстаў.

Інвестары, якія захочуць прыйсці са сваім праектам у турысцка-рэкрэацыйны парк «Аўгустоўскі канал», атрымаюць льготы і прэферэнцыі. Адміністрацыя СЭЗ «Гроднаінвест» пракансультуе іх па ўсіх неабходных пытаннях, у тым ліку і тых, што тычацца нюансаў, звязаных з гісторыка-культурнымі і прыроднымі каштоўнасцямі рэгіёна.

У ве­ла­ма­ра­фо­не «Су­се­дзі» ўдзель­ні­ча­юць усе ах­вот­ныя.


У тэму

Начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег АНДРЭЙЧЫК паведаміў, што неўзабаве вандроўнікам прапануюць спецыяльную інтэрактыўную карту з разнастайнай інфармацыяй — у прыватнасці, са звесткамі аб знаходжанні ў зоне Аўгустоўскага канала гістарычных славутасцяў, аб'ектаў адпачынку, харчавання, гандлю, пунктаў пракату веласіпедаў, водных і іншых спартыўных сродкаў. GPS-каардынаты падкажуць турыстам, як дабрацца ў тую ці іншую кропку.

...З календаром найбольш цікавых спаборніцтваў і фестываляў можна пазнаёміцца, націснуўшы на банер «Аўгустоўскі канал запрашае», які змешчаны на многіх гродзенскіх інтэрнэт-рэсурсах. Акрамя ўжо традыцыйных «фішак» (фестываль воднага турызму «Нёманская вясна», фальклорны фестываль «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў», міжнародны веламарафон «Суседзі»), практычна кожны год дадаецца і нешта новае. Напрыклад, з'явіліся ідэі фестывалю паляўнічых традыцый «Пад апекай Святога Губерта», міжнародных спаборніцтваў па фотарыбалцы «Кубак Марыхі», воднага марафону па грэблі на байдарках «Аўгустоўскі канал», анімацыйнага праекта «Тут пачыналася вайна».

Дарэчы

20 жніўня ў раёне шлюза Дамброўка адбудзецца фестываль «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў», які скіраваны на папулярызацыю беларускай, літоўскай і польскай фальклорнай творчасці. У яго межах прадстаўнікі раёнаў Гродзеншчыны, а мажліва, і госці з Польшчы паўдзельнічаюць у заплыве «на чым папала» (на плавальным сродку, вырабленым непрамысловым спосабам), а таксама ў турніры па балотным футболе.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Па Аўгустоўскім канале можна плыць «на чым папала»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.