Вы тут

Беларускія вайскоўцы прынялі на ўзбраенне станцыю «Праціўнік»


Беларускія вайскоўцы прынялі на ўзбраенне радыёлакацыйную станцыю далёкага выяўлення новага пакалення.


У невялікім ваенным фургоне знаходзяцца некалькі салдат. На ўсталяваным тут вялікім маніторы адлюстроўваюцца загадкавыя для недасведчанага чалавека стрэлкі і лічбы. Гэта паветраная прастора над краінай, а знакі — аб'екты, што перамяшчаюцца ў ёй. Кожны з іх лёгка ідэнтыфікуецца, камп'ютар вызначае хуткасць, траекторыю і іншыя параметры. Усё гэта робіць новая радыёлакацыйная станцыя «Праціўнік», якая днямі паступіла на ўзбраенне нашай арміі.

— Наша задача — стварыць мабільныя, добра аснашчаныя Узброеныя сілы, гатовыя аператыўна і адэкватна рэагаваць на любыя патэнцыйныя пагрозы, — адзначыў падчас перадачы РЛС начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны, генерал-маёр Алег БЕЛАКОНЕЎ. — Сёння знамянальны дзень. Армія працягвае папаўняцца найноўшай тэхнікай і ўзбраеннем. У радыётэхнічныя войскі ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны перадаецца сучасная радыёлакацыйная станцыя сярэдніх і вялікіх вышыняў «Праціўнік».

Гэта першая з серыі новых станцый, якія павінны паступіць на ўзбраенне нашых падраздзяленняў. РЛС пастаўляецца па лініі ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй. Па сукупнасці параметраў яна значна пераўзыходзіць усе існуючыя аналагі.

Новы тып станцыі значна павялічыць баявыя здольнасці радыётэхнічных войскаў. Толькі адзін факт для прыкладу: калі старая РЛС мае ў сваім складзе восем прычэпаў і паўпрычэпаў і разгортваецца да 19 гадзін, то новая ўсяго тры прычэпы і час яе разгортвання — прыкладна 30 хвілін. Менавіта на высокую мабільнасць часцей робіцца стаўка ў Міністэрстве абароны. Уражваюць і асноўныя тэхнічныя характарыстыкі «Праціўніка». Станцыя можа суправаджаць адначасова да 200 цэляў на вышыні да 150 кіламетраў. Радыус дзеяння — 450 кіламетраў. Аўтаматыка можа распазнаваць восем класаў цэляў: сучасныя бамбардзіроўшчыкі і знішчальнікі, крылатыя ракеты, а таксама перспектыўныя лятальныя апараты, напрыклад, гіпергукавыя самалёты.

Свае высокія характарыстыкі сістэма ўжо пацвердзіла падчас выпрабаванняў рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Паланэз» у чэрвені. РЛС своечасова выявіла балістычныя ракетныя пускі, вызначыла траекторыю ракет і суправаджала цэлі падчас іх палёту на хуткасці больш за 4 тысячы кіламетраў за гадзіну. Максімальная хуткасць цэлі, якую можа «бачыць» станцыя — неверагодныя 8 тысяч кіламетраў за гадзіну. «Праціўнік» можа працаваць у звязцы з усімі існуючымі тыпамі супрацьракетнага ўзбраення беларускай арміі, а таксама пры цэлеўказанні для авіяцыі.

— Сёння беларуская армія атрымала на ўзбраенне высокатэхналагічную эфектыўную станцыю новага пакалення, — сказаў намеснік дырэктара па знешнеэканамічнай дзейнасці расійскага канцэрна паветрана-касмічнай абароны «Алмаз—Антэй» Вячаслаў ДЗІРКАЛН. — Мы ўпэўнены, што гэта зброя перадаецца ў надзейныя рукі і будзе залогам мірнага неба над нашымі краінамі. Хоць, безумоўна, вельмі хочацца, каб вы выкарыстоўвалі гэту станцыю толькі ў вучэбных мэтах.

Пасля аснашчэння ўсіх радыёлакацыйных батальёнаў новымі РЛС, Беларусь канчаткова створыць сістэму разведкі для супрацьракетнай абароны. «Праціўнік» забяспечыць работу найноўшых зенітна-ракетных комплексаў, такіх, як С-300, «Тор» і іншых, а таксама ў перспектыве ЗРК С-400. Усяго да 2020 года плануецца закупіць яшчэ сем такіх станцый, адну з іх — для патрэб Ваеннай акадэміі. Яшчэ адзін важны момант: «Алмаз—Антэй» прадае «Праціўнік» у іншыя краіны ва ўсечанай камплектацыі, але Беларусь стала выключэннем. Міністэрства абароны нашай краіны атрымала найбольш прасунутую мадыфікацыю, якой карыстаюцца ў расійскім войску.

— Станцыя «Праціўнік ГЕ» прыйшла да нас на замену трохкаардынатнай станцыі 22Ж6, — расказаў камандзір радыётэхнічнай брыгады, якая атрымала новае ўзбраенне, палкоўнік Аляксандр ВАРАБ'ЁЎ. — Пасля таго як мы дасягнулі дамоўленасці на закупку гэтай РЛС, наш разлік быў адпраўлены стажыравацца на завод, дзе яе выпускаюць. На працягу месяца ваеннаслужачыя навучаліся працаваць з тэхнікай, а пасля праводзілі разгортванне і выпрабаванні пад кіраўніцтвам прадстаўнікоў прадпрыемства-вытворцы. Заключным этапам стаў увод у эксплуатацыю. «Праціўнік» дазваляе нам закрыць увесь комплекс задач, якія вырашаюць радыётэхнічныя войскі: ад выяўлення малавысотных, малахуткасных цэляў да суправаджэння ракет, якія рухаюцца па балістычнай траекторыі. Вельмі добра, што гэтая РЛС з'яўляецца, калі можна так сказаць, «унучкай» станцыі 22Ж6, усе інтэрфейсы тут аналагічныя, таму асвоіць гэту тэхніку асабоваму складу будзе нескладана.

Стваральнікі «Праціўніка» паклапаціліся і пра аператараў, якія будуць абслугоўваць РЛС. На станцыі створаны камфортныя ўмовы для работы асабовага складу, распрацавана эфектыўная сістэма жыццезабеспячэння з кандыцыянаваннем паветра, паніжаным узроўнем шумоў і электрамагнітнага выпраменьвання. Не на апошнім месцы стаіць і эканамічны аспект — у абслугоўванні «Праціўнік» абыходзіцца значна танней за сістэмы, якія выкарыстоўваюцца ў беларускім войску цяпер.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Мірнае неба абароніць... «Праціўнік»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».