Вы тут

Лета з Язэпаўнай


Наталля Голубева

нарадзілася 26 чэрвеня 1992 года ў Мінску. Скончыла сярэднюю школу з эстэтычным ухілам. Займалася ў аматарскім тэатры ТЮТ. Але ўвесь час марыла паспрабаваць сябе ў літаратуры. Скончыла факультэт міжкультурных камунікацый Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Працуе рэпетытарам англійскай і беларускай моў.



 

Лета з Язэпаўнай

Заканамернасць у сваім жыцці я заўважыў даўно. Яшчэ ў шэсць гадоў. Надыходзіць лета — усіх дзяцей сплаўляюць да бабуль. Вось ужо чацвёртыя канікулы я праводжу ў бабулі ў Мядзеле. Бацькі адвозілі мяне на машыне разам з велізарнымі торбамі адзення, цацак, кніг, ежы, нібы збіраліся пакінуць мяне тут на год, хоць я ведаў, што гэта ненадоўга. У ліпені мы паедзем усёй сям’ёй на мора.

Калі праязджалі горад, я пазіраў праз акно машыны, заўважаючы, ці шмат дзяцей бегае па вуліцах, з кім можна пагуляць. Раптам я заўважыў Мішу. Мы летась пазнаёміліся з ім. Нармальны хлопец, толькі размаўляе вельмі ціха. Памятаю, што падумаў пра яго: «Дзіўны нейкі». Тады яшчэ не ведаў, што ягоная бабуля — легендарная Адэліна Язэпаўна, больш вядомая як «індычка».

Не сказаць, каб мянушка была абразлівай — яна ёй пасавала. Адэліна Язэпаўна была жанчынай даволі буйных формаў. Адставіўшы азадак, яна перасоўвала сваё мажное цела рыўкамі, ад чаго доўгія спадніцы ўсхвалявана дрыжэлі ў такт яе крокам. Кароткія курчавыя рыжыя валасы абрамлялі яе галаву. Па твары раскінуліся карычневыя плямы, як на перапяліным яйку, а буйныя радзімкі нагадвалі вочкі на бульбіне. Другое падбароддзе плаўна перацякала ў шыю і матлялася, як у індычкі. Павекі маленькімі мяшочкамі навісалі над вачыма, што перашкаджала іх расплюшчыць да канца, таму позірк старой быў заўсёды сонны. Калі доўга на яе глядзець, абавязкова пазяхнеш. Да таго ж, у старой быў дрэнны зрок. На дужках вялікіх старых акуляраў, якія пакрыліся жоўта-зялёнай коркай па краях, вісеў ланцужок з карычневымі пацеркамі.

Што рэдка для старых, у Адэліны Язэпаўны быў цудоўны слых, таму яна пазнавала людзей па голасе. Страшна падумаць, што было б, калі б яна добра бачыла: ад яе немагчыма было б уцячы.

На шчасце, яна была нешматслоўнай. Не таму, што ў яе нізкі з нейкім скрыпам голас (хоць часткова і таму), а таму, што ў яе вельмі непрыемна пахла з рота. Верагодна, такі «водар» сыходзіў ад яе зубоў, якія больш нагадвалі стары перакошаны плот, пакрыты мохам.

Усім сваім выглядам Адэліна Язэпаўна давала зразумець, што яна птушка высокага палёту. Я рэдка бачыў яе з іншымі бабулямі.

Пад’ехаўшы да зялёнага драўлянага доміка, я павітаўся са сваім часовым, але не новым прытулкам. Усё было знаёма: калодзеж злева, градкі справа, а за хатай куратнік, хлеў ды сад са старымі яблынямі. Калі машына спынілася, бабуля з’явілася каля брамкі. Шчымлівая радасць бліснула ў яе вачах. Вядома, чакала нас, як штогод. Яе сівыя валасы былі схаваны пад святочнай блакітнай з жоўтымі кветачкамі хусткай. Яркая сукенка, падобная да халата, надавала яе постаці ўтульнасці. Зверху быў накінуты стары жаўтаваты фартух.

— Здароў, бабуля! — кінуўся я да яе.

— Вітаю, унучак! — хударлявыя рукі прытулілі мяне да мяккага жывата, і я адчуў знаёмы пах, які зыходзіў ад бабулінага фартуха.

— Ты яечню згатавала? — падняў я ўверх голаў.

— О, ты здагадлівы! Хацела сюрпрыз зрабіць.

— Не! Я не ведаў! Проста ад цябе смачна пахне.

Усе засмяяліся.

— Хадзіце ў дом. Чаго стаіцё? — клікнула бацькоў старая.

— Так! Яечня ж стыне!

Мы селі за стол. Бабуля даставала з печы міскі са сваёй адмысловай яечняй. Такую без печы не згатуеш. З задавальненнем паеўшы, бацькі расказвалі навіны, абмяркоўвалі планы, пыталі, чым дапамагчы па гаспадарцы, а я лічыў рамонкі на шпалерах.

Пасля дарослыя заняліся сваімі справамі, а я, атрымаўшы дазвол, узяў вядро, рыдлёўку і формачкі, каб пагуляць на пляжы. Мінаючы плошчу, я заўважыў знаёмую чырвоную панаму. Гэта Міша сядзеў на лаве са сваёй «індычкай». Яна расплылася, займаючы дзве трэці месца. На тым, што засталося ад лавы, туліўся Міша. Ён задуменна глядзеў у бок возера. Адэліна Язэпаўна чытала газету. Раптам яна булькнула:

— Міша, прачытай мне вунь гэты артыкул, — і тыцнула пальцам у тонкі аркуш.

Ад нечаканасці хлопчык разгублена забегаў вачыма па шэрых слупках з маленькіх літар, на якіх засталася ўмяціна ад рэзкага дотыку. Міша з заўважным напружаннем вымаўляў словы, цяжка выдыхаючы пасля кожнага прачытанага сказа.

«Пыхціць, Мішка-паравоз!» — смяяўся я сам сабе. — «Я б не вытрымаў жыццё з такой бабуляй».

— Добра. Хопіць, — спыніла яго «індычка».

— Добры дзень, Адэліна Язэпаўна, — павітаўся я.

Старая падняла на мяне свой сонны позірк:

— Добры дзень, Жэня.

— Я б хацеў з Мішам пагуляць. На пляжы, — сказаў я, паказваючы свае цацкі, але потым успомніў, што яна ўсё роўна не бачыць. — У мяне ўсё ёсць для гульні.

«Індычка» вытрымала паўзу. У гэтае імгненне Міша глядзеў на яе не як на бабулю, а як на сфінкса.

— Добра. Толькі мне трэба перасесці бліжэй да возера.

— Дзякуй вам, Адэліна Язэпаўна, — сказаў Міша.

— Мы пойдзем наперадзе, каб хутчэй знайсці вам лаву.

Старая кіўнула, ад чаго заматлялася яе другое падбароддзе.

— Ты заўсёды з ёй на «вы»? — спытаў я Мішу.

— Так, — ціха адказаў ён.

— Дзіўна…

Пагуляць асабліва не атрымалася. Мы толькі зрабілі першы паверх замка і пачалі выкопваць сутарэнні, як пачулася знаёмае квахтанне:

— Міша, дадому!

— Да мы ж нават не пабудаваліся! — збянтэжыўся я. — Яна што, знарок?! Як ты з ёю жывеш?!

— Цішэй… — шапнуў Міша. — Пажыў бы сам — зразумеў бы.

— Час падвячорка! — працягвала старая.

— Ого! — засмяяўся я. — Дык у вас там проста лагер дома! Усё па раскладзе!

— Ага, — змрочна азваўся хлопчык.

— А вось я б ніколі не здолеў ужыцца з тваёй «індычкай»!

— Не так гучна, яна ж чуе, — ціха прагаварыў Міша. — Я пайду.

Малы ўтаропіўся сумным позіркам у наш замак з пяску, але ногі яго панеслі ў іншым напрамку, да бабулі-«індычкі». Мне нават стала шкада яго. Пакіну замак так. Калі ніхто не разбурыць, даробім яго заўтра.

— Да сустрэчы, — сказаў я, падняўшыся на ногі.

— Ага, — кіўнуў хлопчык.

Калі я вярнуўся дамоў, дарослыя корпаліся ў агародзе, а я вырашыў раскласці свае рэчы па месцах. Наверсе сумкі ляжала мая любімая цацка, з якой я сплю. Я паклаў яе на канапку каля акна, што стаяла насупраць тэлевізара. Звычайна ўвечары тут сядзела бабуля і глядзела па панядзелках сваю ўлюбёную тэлеперадачу «Чакай мяне» (ці, як яна казала, «Жджы мяне»).

Хутка надышоў вечар. Поўня, нібы нябесны ліхтар, асвятляла наваколле. Ужо ў ложку я глядзеў на цені ад галін дрэваў, якія падалі на шторы, і разбіраў, каго яны мне нагадваюць: жырафа, аленя, цмока. Заўтра ж нядзеля. Я цешыў сябе тым, што бабуля зробіць блінцы ў печы на сняданак.

Але раніцай усё пайшло не так. Я прачнуўся ад гідкага паху смажанай пячонкі, які пранізваў наскрозь усё паветра ў пакоі. Здавалася, ёй прапахлі шпалеры, на якіх рамонкі пераўтварыліся ў наготкі.

Бабуля ж ведае, што мне нават глядзець на пячонку брыдка! Вымушаны хутка падняцца, я адчыніў акно і высунуўся наперад, але так смярдзела нават больш. Калі павярнуў галаву ўлева, заўважыў адчыненыя аканіцы на кухні.

«Ну вось яшчэ!» — гнеўна падумаў я і рашуча накіраваўся да бабулі, але на кухні мяне чакаў сюрпрыз, яшчэ большы за смажаную пячонку: каля пліты стаяла старая «індычка». У мяне ажно ногі падкасіліся, і я ўхапіўся за дзвярную ручку, каб не ўпасці. Адэліна Язэпаўна сонна глянула ў мой бок:

— Добрай раніцы, Міша. Памыў рукі?

Я паматаў галавой.

— Памыйся і прыходзь снедаць, — сказала яна і працягнула смажыць пячонку.

Праціраючы вочы, я пайшоў назад у пакой. Толькі цяпер я заўважыў, што знаходжуся не ў доме бабулі. Шпалеры сапраўды былі бэжавага колеру ў аранжавыя кветкі. Гэта не ад пячонкі пацямнелі бабуліны рамонкі. На сценах вісела шмат паліц з кнігамі. Мэбля была дубовая. На падлозе ляжаў барвовы дыван з мудрагелістымі ўзорамі. Акно было адчынена. Я наблізіўся да яго і заўважыў насупраць школу мастацтваў.

— Дык я ж у Мішы дома! Міша, ты дзе? — забегаў я па пакоі, вышукваючы яго пад ложкам, за шафай, за дзвярыма, але яго нідзе не было.

Разумеючы, што я ў гасцях, хуценька апрануўся, знайшоў ванны пакой і памыўся там.

— Добрай раніцы, Адэліна Язэпаўна.

— Добрай. Сядай.

Я паслухаўся. Неўзабаве перада мной з’явілася талерка з ячнай кашай і смажанай пячонкай. Скрывіўшыся, я выкалупваў кашу з таго боку, дзе яе не краналіся гідкія карычневыя кавалкі смярдзючай брыдоты.

— А дзе Міша?

Старая ўзняла галаву і спакойна адказала:

— Міша тут, і ён будзе есці пячонку.

«Што? — падумаў сам сабе я. — У яе ўжо і са слыхам праблемы?»

— Еш. Яна карысная. У ёй шмат жалеза.

«Во бабуля, корміць дзіця жалезам! Сама-та, відаць, шмат ясі. Куленепрабівальная, нібы робат. Ёй нават прыкрыкнуць не трэба, каб пагражаць. Ну, і што мне рабіць з гэтай металічнай пячонкай?»

Рашэнне з’явілася з нечаканага боку.

— Еш з хлебам, — сказала «індычка», падсоўваючы талерку з нарэзаным чорным хлебам.

Скарыстаўшы тое, што старая дрэнна бачыць, я ўзяў скібку і пераклаў кавалкі пячонкі на яе. Усё роўна не адрозніць: для яе ўсё цёмнае. У выніку яна сапраўды не заўважыла.

— А зараз, пакуль я мыю посуд, адпачні крыху і рыхтуйся іграць на скрыпцы. Першыя гадзіны пасля абуджэння самыя эфектыўныя для мазгавой дзейнасці.

Мне сапраўды трэба было актывізаваць свае сілы, каб знайсці Мішу. Куды ён дзеўся, гэты малы бандзюк? Ціхая свіння глыбока рые. Ну, я табе дам… Але спачатку трэба выбрацца адсюль. Я накіраваўся на кухню:

— Адэліна Язэпаўна, я дадому пайду.

«Індычка», як заўсёды, спачатку апусціла голаў, а потым падняла, спрабуючы разглядзець мяне праз велізарныя акуляры:

— Міша, дадому паедзеш праз месяц. Бацькі працуюць, і няма каму даглядаць цябе.

— Да не, я да бабулі. І ўвогуле я не Міша, а Жэня.

Старая выключыла ваду ў кране і наблізілася да мяне.

— Ты, Міша, пойдзеш займацца музыкай. Кропка, — сказала яна, і кропля яе сліны ўпала мне на нос. — Як шкада, што школа мастацтваў не працуе ўлетку, — потым дадала яна, ужо мыючы посуд.

«Ну, не! Нагі маёй тут больш не будзе. Ні правай, ні левай».

Аднак у калідоры я сутыкнуўся з непрадказальным развіццём маіх незапланаваных прыгод: уваходныя дзверы былі зачынены. Ключоў паблізу не было відаць.

«Пастка!»

За спінай пачуўся шоргат. Наперадзе зачыненыя дзверы, па баках сцены, а ззаду — Адэліна Язэпаўна.

«Куды падзецца?»

Іншага выйсця не было — толькі сустрэцца твар у твар са сваім жахам. «Індычка» спынілася, незадаволена паглядзела на мяне (а можа і з іншай якой эмоцыяй, бо ў яе заўсёды быў такі выраз твару) і пакрочыла ў Мішаў пакой:

— Не прымушай мяне чакаць, — грымнула адтуль.

«Можа, калі я “зайграю” на скрыпцы, яна ў рэшце рэшт зразумее, што я не Міша!»

Калі я зайшоў у пакой, Адэліна Язэпаўна стаяла побач з незасланым ложкам. Яна не вымавіла ні слова, а паказала сваім сухім пальцам у яго бок. Я зразумеў.

Калі ложак прыняў належны выгляд, старая апусціла на яго свой цяжкі азадак, пасля кінула позірк у левы кут. Я азірнуўся: там стаяў футарал са скрыпкай. Побач размяшчаўся рабочыы стол, на якім ляжала тэчка з надпісам «Ноты». Я глянуў на «індычку», яна сцвярджальна заматляла сваім другім падбароддзем. Я дастаў твор, які ляжаў зверху. Старая ў прадчуванні атрымання музычнай асалоды заплюшчыла вочы.

«Сон будзе працягвацца нядоўга», — падумаў я, але памыліўся.

Дагэтуль я ніколі не трымаў скрыпку, але незразумелым чынам пальцы самастойна прыціскалі патрэбныя струны, а рука ўпэўнена выводзіла смыком вычварныя фігуры. Я чуў прыемную мелодыю і не верыў ані вушам, ані вачам. Не можа быць, каб тое, што адбываецца цяпер, праўда!

— Дастаткова, — спыніла мяне «індычка». — Вельмі добра.

Здаецца, упершыню я ўбачыў на яе твары падабенства ўсмешкі.

— Хочаш пернік?

«Ага. Можа, у цябе і пернікі нейкія незвычайныя, з жалезам ці з пластыкам».

— Лепш дайце на вуліцы пагуляць.

— Добра, прагуляемся.

Цяпер ужо я сядзеў у чырвонай панаме, як падасінавік каля старога дрэва, пазіраючы ў бок пляжа, адкуль даносіліся дзіцячыя галасы. Толькі і чакаў, каб мяне хто хутчэй сарваў, быццам той грыб.

Пасля быў звычайны Мішаў рэжым: абед, гадзіна сну, падвячорак, чытанне кніг па летняй праграме, паход у краму, вячэра, калыханка, сон.

Лежачы на цвёрдым матрацы і ўтаропіўшыся ў столь, я спрабаваў асэнсаваць сённяшні дзень і не мог уявіць, што заўтра можа паўтарыцца тое ж самае. І паслязаўтра. І пасля-пасля…

Усё, Мішка, вяртайся на сваё месца. Я зразумеў, што такое жыць з «індычкай». Я хачу да сваёй, да нармальнай бабулі. Толькі б прачнуцца ў сябе дома…

Як жа так, Міша?..

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?