Вы тут

Velcom запусціў найбуйнейшую ў Беларусі сонечную электрастанцыю


Кампанія Velcom пабудавала сонечную электрастанцыю памерам з 60 футбольных палёў і магутнасцю, якой хопіць на ўключэнне ўсёй вячэрняй падсветкі Мінска. Праект рэалізаваны непадалёк ад Брагіна і служыць прыкладам альтэрнатыўнага асваення пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы тэрыторый, паведамілі ў прэс-службе Velcom.


Аб'ём інвестыцый, укладзеных у праект, склаў 24 мільёны еўра. Для кампаніі Velcom гэта і доўгатэрміновы праект на перспектыўным рынку, і ўклад у захаванне экалогіі. Сонечная электрастанцыя павысіць энергетычную бяспеку краіны, знізіўшы яе залежнасць ад вуглевадароднай сыравіны. Кожную гадзіну працы парку дазволіць Беларусі адмовіцца ад 7 тысяч кубаметраў прыроднага газу.

Сонечную электрастанцыю ў Брагіне пабудавалі датэрмінова: праект рэалізавалі на чатыры месяцы раней, чым было прадугледжана інвестыцыйным дагаворам. Спяшаліся невыпадкова, каб электрастанцыя "заспела" як мага больш сонечных летніх дзён. Гэтым летам адбыўся пробны пуск сонечнага парку, і электрастанцыю прынялі ў эксплуатацыю.

Сонечны парк Velcom стаў найбуйнейшым у краіне, прычым, як па памерах, так і па магутнасці. Электрастанцыя займае плошчу звыш 41 гектара, а яе намінальная магутнасць дасягае рэкордных для беларускіх геліяўстановак 18,48 МВт. Ні адзін іншы аб'ект, які працуе ў краіне ад сонца, не валодае такімі характарыстыкамі.

Парк складаецца з 85 тысяч сонечных панэляў, якія пераўтвораць сонечнае выпраменьванне ў электраэнергію пастаяннага току. Пасля гэтага яна паступае ў 617 інвертараў з напружаннем 0,4 кВ, якія пераўтвораць яе ў пераменны ток. З дапамогай 10 трансфарматарных падстанцый напружанне павышаюць да 20 кВ. У сваю чаргу магутны трансфарматар даводзіць яго да 110 кВ — узроўню, які неабходны для перадачы электраэнергіі ў адзіную сетку.

Каб звязаць паміж сабой усе панэлі і абсталяванне, у сонечным парку пракладзена больш 730 кіламетраў кабеляў, што разам перавышае адлегласць ад Мінска да Масквы. Кампанія Velcom таксама пабудавала высакавольтную лінію электраперадачы працягласцю 4,5 кіламетра з 22 апорамі і трансфарматарам. Гэта дазволіла злучыць сонечную электрастанцыю з падстанцыяй "Брагін". Пры будаўніцтве сонечнага парку і паветранай лініі 110 кВ былі выкарыстаныя сучасныя матэрыялы і абсталяванне замежных і беларускіх вытворцаў.

Сонечны парк павінен удыхнуць жыццё ў тэрыторыі, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС і стаць прыкладам таго, як забруджаныя землі могуць быць выкарыстаны ў камерцыйнай дзейнасці і прыносіць карысць мясцовай эканоміцы. Да эксплуатацыйнага абслугоўванні парку будуць прыцягвацца мясцовыя падрадныя арганізацыі, адзначылі ў прэс-службе кампаніі.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?