Вы тут

Хімічныя адходы — праблема агульная


Апошнім часам у Беларусі ліквідаваны тры падземныя сховішчы непрыдатных пестыцыдаў, была праведзена іх пераўпакоўка. У выніку колькасць небяспечных хімічных адходаў скарацілася на 17 працэнтаў. У хуткім часе будзе выдзелена яшчэ каля 200 тысяч долараў на ўтылізацыю пестыцыдаў, якія ўтрымліваюць ртуць.


«У Беларусі застаецца яшчэ каля 10 тысяч тон небяспечных пестыцыдаў, — адзначыла кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа ВІКТАРЫН. — Але, галоўнае, у беларускіх уладаў ёсць разуменне таго, што гэта пытанне трэба вырашаць. Сховішчы па сутнасці з'яўляюцца бомбай запаволенага дзеяння, ніколі нельга быць упэўненым, што з імі нічога не здарыцца. У ЕС з такімі адходамі былі інцыдэнты, нельга дапусціць іх паўтарэння ў Беларусі. Тым больш, што мы ратуем не толькі вашу краіну, але і ўсю планету ад магчымых наступстваў экалагічнай катастрофы. Гэта наша агульная мэта».

Рэалізацыю праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі, мэтай якога быў вываз небяспечных хімічных рэчываў з тэрыторыі краіны, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пачало ў 2014 годзе. Шэраг яго мерапрыемстваў фінансавалі Еўрапейскі саюз і Сусветная харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН. На ўтылізацыю пестыцыдаў, у прыватнасці, праблемнага сховішча ў вёсцы Мізгіры, што на Слонімшчыне, выдзелілі грант у больш чым 500 тысяч еўра. Памяшканне склада знаходзілася менш чым за 600 метраў ад вёскі, там захоўвалася і ртуць.

«Усяго з гэтага сховішча было вывезена амаль 300 тон небяспечных адходаў, — падвёў вынік працы міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй КАЎХУТА. — Я лічу, што рэалізацыя праекта стала прыкладам таго, як мы можам працаваць у партнёрстве з краінамі ЕС, бо фінансаванне праекта адначасова адбывалася і з боку мясцовых бюджэтаў. Такім чынам, ліквідавана адно з самых небяспечных сховішчаў, якое дасталося нам яшчэ з часоў Савецкага Саюза. Мы спадзяёмся, што працяг праекта дапаможа нам утылізаваць астатнія адходы, якія захоўваюцца на складах».

У якасці выканаўцы праекта выступіла французская кампанія «Трэдзі». Менавіта ў Францыю было вывезена 258 тон беларускіх адходаў, яшчэ 26 тон пестыцыдаў з высокім утрыманнем ртуці, знішчэнне якіх у Еўропе пакуль немагчымае, перавезены на больш бяспечны склад у Навагрудскім раёне. Апошнія 26 тон перададуць французскаму боку да 20 жніўня. Такім чынам, склад у Мізгірах будзе цалкам ліквідаваны.

«Мы вельмі рады, што менавіта французская кампанія была выбрана для выканання такой міссі, — прызналася Першы Саветнік Пасольства Францыі ў Беларусі Эльза ПІНЬЁЛЬ. — Мы атрымалі міжнароднае прызнанне ў сферы перапрацоўкі адходаў. Хачу адзначыць, што наш праект — доўгатэрміновы, а яго задача — перадаць вопыт і веды беларусам, каб вы маглі самастойна займацца рашэннем гэтай праблемы».

Андрэй Каўхута расказаў, што ўжо сёлета ў Беларусі плануецца зацвердзіць стратэгію абыходжання з адходамі да 2035 года. Цяпер дакумент знаходзіцца на дапрацоўцы з улікам пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю іншых органаў: міністэрстваў прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, аховы здароўя.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».