Вы тут

Ці ўсе дзіцячыя тавары бяспечныя?


Сёння ў секцыях дзіцячых тавараў у бацькоў вочы разбягаюцца: столькі ўсяго прыгожага, стракатага, цікавага. Але акрамя праблемы выбару перад клапатлівымі дарослымі паўстае яшчэ адна: як сярод усяго гэтага мноства адшукаць тавары якасныя і галоўнае — бяспечныя. Асабліва цяпер, калі надзённая тэма — экіпіроўка дзіцяці ў школу ці садзік.


Спецыялісты Дзяржстандарта адзначаюць: для гэтага трэба звяртаць сур'ёзную ўвагу на маркіроўку вырабу, яго знешні выгляд, а часам і знаёміцца з дакументамі, якія пацвярджаюць бяспеку тавару і яго адпаведнасць патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза. Вынікі праведзеных абласнымі інспекцыямі Дзяржстандарта праверак у першым паўгоддзі 2016 года паказалі, што на беларускім рынку ёсць адзенне, абутак для дзяцей, рукзакі, цацкі, якія з'яўляюцца небяспечнымі, хоць у параўнанні з 2015 годам адзначаецца зніжэнне парушэнняў па гэтых групах прадукцыі.

«Фактар рызыкі» — абцасы і сінтэтыка

— Праверкі паказваюць, што даволі-такі часта вытворцы, імпарцёры і прадаўцы парушаюць патрабаванні тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза па бяспецы, маркіроўцы, а таксама выкананні правілаў абавязковага пацвярджэння адпаведнасці, расказвае начальнік аддзела дзяржаўнага нагляду за тэхнічнымі рэгламентамі і стандартамі ў лёгкай, дрэваапрацоўчай прамысловасці і будіндустрыі інспекцыі Дзяржстандарта па Мінскай вобласці і горадзе Мінску Людміла КУЗНЯЦОВА. — Так, сярод тыповых парушэнняў можна назваць перавышэнне гранічнага значэння вышыні абцаса ў дзіцячым абутку, перавышэнне нармаванага значэння (не больш за 20%) укладання хімічных валокнаў у падкладцы з тэкстыльных матэрыялаў у абутку для самых маленькіх.

У продажы знаходзіўся абутак для дзяўчынак з вышынёй абцаса у 1,4—1,8 раза вышэй за норму (па патрабаваннях — не больш за 25 мм). Нашэнне такога абутку можа прывесці да незваротных наступстваў не толькі для ступні, костак ног, але і для пазваночніка, бо апорна-рухальная сістэма дзіцяці толькі фарміруецца. У той жа час абцас вышынёй 1,5—2,5 см карысны, бо пры хадзьбе ён засцерагае ад удараў пятачную частку.

У ліку частых парушэнняў — нізкія паказчыкі гіграскапічнасці і паветрапранікальнасці вырабаў. Эксперты тлумачаць гэта нізкай якасцю ўжываных матэрыялаў. Праверкі часам выяўлялі, што ў сукенках для дзяўчынак паказчык «паветрапранікальнасць» быў у 9 разоў ніжэйшым за ўсталяваную норму. У штанах для хлопчыкаў гэты паказчык таксама аказаўся заніжаны — больш чым у тры разы. У асноўным гэта прадукцыя выраблена за межамі Беларусі.

— Між тым гіграскапічныя ўласцівасці тэкстыльных палотнаў і вырабаў характарызуюць іх здольнасць паглынаць і аддаваць вадзяныя пары, ваду, — тлумачыць Людміла ПАНКОВА, загадчыца сектара аддзела дзяржаўнага нагляду за тэхнічнымі рэгламентамі і стандартамі ў лёгкай, дрэваапрацоўчай прамысловасці і будіндустрыі інспекцыі Дзяржстандарта па Мінскай вобласці і горадзе Мінску. — Гэта адна з найважнейшых фізіка-гігіенічных уласцівасцяў матэрыялу і адзення з яго. Вырабы з тэкстыльных палотнаў з высокай гіграскапічнасцю лепш засцерагаюць чалавечы арганізм, у тым ліку і дзіцяці, ад рэзкіх і таму шкодных змяненняў умоў навакольнага асяроддзя. Такім чынам, невыкананне нормаў і нізкі паказчык гіграскапічнасці ў вырабах з тэкстыльных матэрыялаў не спрыяюць стварэнню нармальных умоў для жыццядзейнасці арганізма дзіцяці.

Адзенне для дзяцей ва ўзросце да 1 года павінна быць выраблена толькі з натуральных матэрыялаў, заяўляюць спецыялісты. Прысутнасць сінтэтычных валокнаў у матэрыялах, якія прымяняюцца для вырабу дзіцячых рэчаў, прыводзіць да зніжэння гігіенічных уласцівасцяў прадукцыі, можа выклікаць скурныя раздражненні, сверб, алергію.

Партфелі без флікераў і бразготкі з роспісам

У поле зроку інспекцыі Дзяржстандарта таксама трапляюць партфелі, рукзакі вучнёўскія і ранцы. І ў гэтым выпадку парушэнняў, звязаных менавіта з бяспекай дзіцяці, дастаткова: перавышэнне нармаванага значэння масы ранцаў для вучняў пачатковых класаў, адсутнасць дэталяў і (або) фурнітуры са святлоадбівальнымі элементамі на пярэдняй, бакавой паверхні і верхнім клапане вырабу.

Трапілі ў «чорны спіс» і некаторыя цацкі. Пры праверцы дзіцячых пісталетаў з пускавым механізмам выявілі, што ў мяккіх патронах неметалічны наканечнік мае дыяметр 12 мм пры тым, што па патрабаваннях бяспекі гэты паказчык павінен скласці не менш за 20 мм. Здавалася б, што тут такога? Але ж «вастрэйшыя», чым належыць, наканечнікі могуць элементарна траўмаваць дзіця.

А цацкі-бразготкі, якія немаўляты любяць цягнуць у рот, некаторыя «крэатыўныя» вытворцы распісваюць паверсе фарбай (а хто з бацькоў жадае, каб дзіця яе элементарна наелася?). На цацках для немаўлят таксама неправамерна выкарыстоўваўся адзіны знак абарачэння прадукцыі на рынку дзяржаў — членаў Мытнага саюза (ЕАЭС). Часцей за ўсё такія парушэнні былі выяўленыя ў таварах імпартнай вытворчасці.

Бачаць вочы, што купляюць

Вядома, па выніках праверак прымаюцца меры: ад забароны распаўсюджвання да канфіскацыі небяспечнай прадукцыі. На сайце Дзяржстандарта пастаянна абнаўляюцца рэестры небяспечнай прадукцыі, забароненай да ўвозу і (або) абарачэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і дакументаў аб пацвярджэнні адпаведнасці прадукцыі патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза (Еўразійскага эканамічнага саюза), дзеянне якіх спынена на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Але і самі спажыўцы павінны быць пільнымі і думаць перш за ўсё пра здароўе і бяспеку дзіцяці. Напрыклад, пры выбары дзіцячага абутку спецыялісты раяць не гнацца за моднымі тэндэнцыямі, а аддаваць перавагу правільнаму і зручнаму. Лепш набываць абутак з натуральных матэрыялаў: скуры або якаснага тэкстылю. Дзіцячая ступня часта пацее, асабліва, калі туфлі цалкам закрытыя. Для гэтага ў «правільным» абутку прадугледжаны спецыяльныя вусцілкі з матэрыялу, які паглынае лішак вільгаці, звычайна са скуры або з тканіны. Вельмі важны момант — наяўнасць супінатара, які папярэджвае плоскаступнёвасць і фарміруе нармальны абрыс ступні. Да падэшвы дзіцячага абутку таксама прад'яўляюцца павышаныя патрабаванні. Яна павінна быць гнуткай, бо «драўляная» падэшва абцяжарвае рух пры хадзьбе і павышае стамляльнасць дзіцяці; тонкай, каб малому лёгка было ўтрымліваць раўнавагу (але ў зоне абцаса тонкая падэшва недапушчальная); амартызуючай, каб кампенсаваць нагрузку на суставы пры скачках на цвёрдай паверхні.

Пры выбары школьнага партфеля варта звярнуць увагу на яго вагу, каб яна не перавышала дапушчальную норму, на наяўнасць рэгуляваных плечавых рамянёў і святлоадбівальных элементаў. Таксама ён павінен поўнасцю прылягаць да спіны школьніка і забяспечваць раўнамернае размеркаванне вагі, а для дзяцей пачатковых класаў ранцы абавязкова павінны быць забяспечаныя формаўстойлівай спінкай.

Пры выбары дзіцячых цацак бацькам варта звярнуць увагу на ўзрост, для якога прызначана цацка, на наяўнасць павярхоўна афарбаваных элементаў (для цацак, што кантактуюць з ротам дзіцяці), на пах, які можа вылучаць цацка, на наяўнасць дробных і вострых дэталяў і частак, якія вытыркаюцца. У настольна-друкаваных цацках тэкст і малюнкі павінны быць выразнымі і кантраснымі ў адносінах да асноўнага фону.

Спецыялісты раяць адказна падыходзіць да выбару дзіцячай прадукцыі, старанна аглядаць яе, перш чым купіць, дэталёва вывучаць маркіроўку, цікавіцца ў прадаўца характарыстыкамі вырабу, яго вытворцам або пастаўшчыком, а таксама наяўнасцю доказаў, што прадукцыя мае пацвярджэнне адпаведнасці. Калі ж сумненні з'явіліся, ад набыцця такога тавару лепш адмовіцца.

Дар'я ШОЦІК

Загаловак у газеце: Не ўсё носіцца, што блішчыць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».