Вы тут

Карэспандэнт "Звязды" наведала Чарнігаў


Спачатку настальгічна ўзгадала савецкія часы, калі межы рэспублік былі ўмоўнымі, а дызель-цягнікі рухаліся туды-сюды, як сёння маршруткі ў вялікім горадзе. Прызнаюся, і сама так калісьці ездзіла амаль кожныя выхадныя, бо ў суседняй краіне жылі і працягваюць жыць мае шматлікія сваякі. Так здарылася, што кантакты з імі апошнім часам сталі больш віртуальнымі.


На скутарах і роварах па гарадку імчацца пераважна жанчыны.

Тры гады таму на Радуніцу, дарэчы, з'ездзіла на матчыну гістарычную радзіму на машыне. Яшчэ тады пасля вяртання ў Беларусь было моцнае і шчырае жаданне цалаваць асфальт. Проста за тое, што ён у нас роўны.

Таму машыну як сродак перасоўвання ў міжнацыянальнай прасторы сёлета адкінула адразу. Як высветлілася потым, не дарма. Цягніком у бок Чарнігава дабірацца аказалася зусім нязручна. Застаўся толькі аўтобус, квіток на які ўзяла ў самы апошні момант за 6 рублёў 87 капеек новымі.

— О, нехта толькі што здаў! — здзівілася майму шанцаванню касірка.

Дарэчы, шлях з Гомеля да Чарнігава (115 км) быў пройдзены роўна па часе, адзведзеным у раскладзе руху. Праход беларускай мытні Новая Гута і Новых Ярылавічаў з украінскага боку заняў у нас дзве гадзіны. Усе пасажыры нашага аўтобуса мелі неабходныя дакументы і не везлі нічога, што выклікала б падазрэнне з боку мытнікаў ці пагранічнікаў. Апошнія, дарэчы, побач вельмі ўважліва аглядалі аўто, многія з якіх рухаліся з Беларусі ў бок Чорнага мора. Банкаўскі абменнік валюты на ўкраінскай мяжы быў, але ж у ім чамусьці надта зацягнуўся перапынак. Так і не дачакаўшыся, мы ад'ехалі ў бок Украіны без грыўняў.

На чарнігаўскай аўтастанцыі, як толькі адчыніліся дзверы нашага аўтобуса, на нас літаральна накінуліся з дзясятак грамадзян з крыкамі: «Памяняю любыя вашы грошы на грыўні». Выбрацца з іх натоўпу было складана, але ж я была ўпэўнена, што гэты непазбежны пры знаходжанні ў чужой дзяржаве працэс трэба ажыццявіць у афіцыйнай установе. І таму пачала распытваць, дзе ж побач знаходзіцца пункт абмену валюты. Здаецца, мінакі мяне проста не разумелі. Навошта мяняць у банку, калі столькі прапаноў вакол. Нагадаю, што і ва Украіне прыватныя валютныя аперацыі па-за законам, але ж ніхто на гэтым не замарочваецца.

Паколькі мне трэба было рухацца з Чарнігава далей у бок невялічкага населенага пункта, успомніла, што ў мяне ёсць банкаўская карта, якой можна заплаціць за квіток. Калі дайшла чарга, касірка на мяне паглядзела так, быццам я ў скафандры. І ўсё ж накіравала ў чацвёртую касу. Там па-ўкраінску спыталі: «Вам місце стоячи або сидячи?» Уявіла, што ад мяне застанецца, калі некалькі гадзін прастаю ў аўтобусе і папрасіла, канешне, «сидячи».

З квітком, купленым па картцы, прыйшла да аўтобуса, які, здавалася, чакаў мяне адну. Аднак месца, дарэчы, указанае канкрэтна, было ўжо занятае. «А я кіроўцу заплаціла!» — упэўнена паведаміла мажная жанчына і пачала глядзець у акно, быццам замест гары смецця там былі кветнікі. Далей было доўгае высвятленне, хто з нас мае рацыю: я, замежная грамадзянка, якая афіцыйна ўклала грошы ў іх краіну, ці яна, мясцовая, што аддала кроўныя ў прыватную кішэню. Урэшце месца мне саступіла іншая, сумленне якой не вытрымала нашай спрэчкі.

Наступныя 200 км мы пераадолелі за чатыры гадзіны (замест трох, як марылася мне). Увесь час мы ехалі па двухпалоснай дарозе, пакрыццё якой па адчуваннях здавалася брукаваным. Відаць, асфальт апошні раз кардынальна абнаўляўся яшчэ пры існаванні СССР, з тых пор толькі латаўся. Квіток на аўтобус каштаваў 50 грыўняў. У перакладзе на нашы грошы гэта прыкладна 4 дэнамінаваныя рублі. Так і не змагла зразумець, чаму праз два дні за квіток на зваротны шлях па тым жа маршруце заплаціла ўжо 70 грыўняў — на тым жа аўтобусе без кандыцыянера.

І ўсё ж мой эксперымент пражыць па законе ва Украіне два выхадныя дні быў правалены. Бо ў райцэнтры, куды я прыехала бліжэй да вечара, банк не працаваў, і, каб абмяняць $20, мне ўсё ж прыйшлося звярнуцца да вялізнага хлопца з чырвоным тварам, які тусаваўся з пэўнай мэтай пад мясцовай крамай. Бачылі б вы яго позірк! Менш, чым за $100 ён нават і руку з кішэні даставаць не хацеў. І гэта ва Украіне, дзе сярэдняя пенсія складае $75.

У гонар выхаднога дня курс продажу валюты ў вулічнага мянялы быў заніжаны. Выбару ў мяне ўсё роўна не было. Прыйшлося яго маліць, каб займець урэшце 490 грыўняў. Дарэчы, адзін раз у мяне атрымалася разлічыцца карткай — у буйной сеткавай краме. У іншых месцах пра тэрміналы проста не чулі.

Адчуванне, што спрацавала машына часу і закінула мяне ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя, не знікала. Мясцовы кірмаш, праўда, быў запоўнены кітайскім шырпатрэбам, прывезеным з больш вялікага рынку — горада Хмяльніцкага. Гандаль ішоў з разваленых раскладушак і драўляных скрынь. Людзі паўсюль хадзілі ў пляжных сланцах, насунутых на шкарпэткі. Помнікі савецкім воінам, загінулым падчас Вялікай Айчыннай вайны, радавалі адной сваёй наяўнасцю. Былі і запэцканыя фарбамі.

Мясцовая кавярня, знутры абітая вагонкай, нагадвае інтэр' ер загарадных дамкоў 70-х гадоў.

Мясцовая кавярня, знутры абітая вагонкай, нагадвала інтэр'ер загарадных дамкоў 1970-х гадоў. На скутарах і роварах па гарадку імчаліся чамусьці пераважна мажныя жанчыны ў сукенках. Мясцовыя краязнаўцы з любоўю і болем расказвалі нам гісторыю роднай зямлі. А яшчэ дзівосна шчыра, як дзеці, самыя розныя людзі радаваліся, калі даведваліся, што сустрэлі жыхара Беларусі.

За два дні ў невялічкім гарадку давялося пабачыць тры вяселлі: ад бюджэтнага да заможнага — з картэжам раскошных аўтамабіляў, узначаленых лімузінам. Смешна было назіраць, як доўгая белая машына, падобная на алігатара, старанна перасоўваецца па правінцыяльных вулачках.

З самымі рознымі ўражаннямі і вярталася дадому. На вакзале ў Чарнігаве прыйшлося, праўда, пачакаць больш за дзве гадзіны аўтобуса на Гомель. Забаўлялася гучнай — на ўсю залу чакання — размовай дзвюх мясцовых прыгажунь бальзакаўскага ўзросту. Адной трэба было купіць беларускія грошы, другой — прадаць. Як жа яны біліся за кожную капейку! І сумы называліся не маленькія.

Нягледзячы на панядзелак, аўтобус быў запоўнены і ехалі ў ім звычайныя людзі. Некаторыя вярталіся пасля адпачынку з Адэсы — праз Чарнігаў атрымліваецца некалькі танней. Не было, як некалі, гандляроў з вялізнымі клятчастымі сумкамі. Узроўні цэн у нашых краінах прыкладна роўныя, і таму проста невыгадна стала займацца падобным мікра-бізнесам. Знакамітае ўкраінскае сала забароненае для перамяшчэння праз мяжу, што таксама паступова адбівае ахвоту парушаць закон нашай краіны.

І ўсё ж не абышлося без затрымкі. Хвілін 40 дадаткова мы прастаялі на ўкраінскай мяжы з-за юнака з расійскім грамадзянствам. Яго даглядалі асабіста. Вельмі падрабязна пагранічнік цікавіўся змесцівам заплечніка, прамацваючы кожнае шво. Потым высветлілася, што ў яго не ўсё добра з дакументамі. І патрэбны быў час для ўдакладнення.

Такім чынам, калі вы едзеце ў госці ва Украіну, загадзя паклапаціцеся пра наяўныя грошы. Лепш мець хаця б невялікую суму ці быць гатовымі да абмену ў прыватных асоб. Як вы разумееце, гэта рызыка.

* Будзьце гатовымі да таго, што ніякіх сертыфікатаў ні на якую прадукцыю, у тым ліку харчовую, вам не прад'явяць. Вас проста не зразумеюць тыя, хто з асфальту прадае пеўнікаў-ледзяшоў, зробленых на сваёй кухні. Да таго ж з 1 студзеня Украіна адмяніла амаль 13 тысяч савецкіх дзяржстандартаў. Палічылі, што яны не адпавядаюць сучаснай сістэме кантролю якасці. Праверкі прадукцыі, якія праводзілі раней СЭС, пакуль, да заканчэння працэсу рэарганізацыі, увогуле забаронены.

* Сёння нескладана загадзя даведацца, што і ў якой колькасці можна перамяшчаць праз межы суседніх дзяржаў. А што — увогуле забаронена. Напрыклад, тры літры алкагольнай прадукцыі можна прывезці ў Беларусь, больш — канфіскуюць. Будзьце гатовымі да праверак і не нервуйцеся, калі вас будзе абнюхваць на наяўнасць наркатычных рэчываў вялізны сабака.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: З'ездзіць ва Украіну

Каментары

Цікавы артыкул. І карысны для тых, хто плануе вандроўку ва Ўкраіну. Лічу, лепей вандраваць па сваіх ,беларускіх, мясцінах. І спакойна, і прыемна!
Шчыры дзякуй, Ганна! Ваша рэпліка нагадала мне агульнавядомыя радкі Алеся Ставера: "Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць". Украіна - не выключэнне, не гледзячы ні на што. Думаю, і нам часцей трэба ездзіць, і яны няхай да нас прыязджаюць.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.