Вы тут

«І памерлі ў адзін дзень»


Амаль кожная дзяўчына чытала любоўныя лісты вялікіх людзей. Нас натхняюць гісторыі ўсіх часоў: ад Парыса і Алены — да Кэры і містара Біга. «Каханне, якое сустракаецца раз на тысячу гадоў», як у Купрына, — ідэал, які сядзіць у сэрцах. Хіба што галовы заўсёды патрабуюць узаемнасці. Менавіта другое прымушае адарвацца ад кніг і шукаць рамантыку ў рэальным свеце.


Так склалася, што гісторыі кахання ў маёй сям’і ніколі не культываваліся. Безумоўна, я ведаю, як пазнаёміліся бабуля і дзядуля, прабабуля і прадзядуля і нават мае прапра. Але ніхто і ніколі не абкладаў гэтыя апавяданні прыгожай, вытанчанай рамкай.

Думаю, што сціпласць у дачыненні да свайго жыцця звязана з родам дзейнасці, які абралі для сябе мае «продкі». Усе людзі сур’ёзныя: працавалі з дакладнымі навукамі, хіба што прадзед пісаў вершы, але і той увекавечыў вайну, а не справы сардэчныя. Я чалавек трохі іншага складу: эмацыянальная, сентыментальная і веру, што ў жыцці можа быць гэтак жа, як у раманах Джэйн Осцін. Таму, пасля таго як я прачытала ўспаміны прабабулі аб каханні з дзядулем, мне захацелася падзяліцца ўражаннямі.

Не, я зусім не планую пераказваць іх знаёмства і ход жыцця, я хачу падзяліцца высновай, якую я зрабіла. Дык вось, калі надыдзе мая чарга выходзіць замуж, я не буду выкарыстоўваць у шлюбнай клятве папулярную фразу-клішэ «пакуль смерць не разлучыць нас», таму што тое, што называецца «каханнем», не здольнае перапыніцца ні часам, ні абставінамі, — гэта катэгорыя вечная.

«Цяпер я жыву побач з ім у думках, успамінах. Днём мне здаецца, што ён вось-вось прыйдзе да мяне. Увечары мне здаецца, што ён дома. І так я жыву побач з ім... Можа, камусьці гэта падаецца нерэальным, але гэта ў мяне так. Я ў памяці працягваю жыць са сваім мужам, Аляксеем Фёдаравічам...» — піша мая прабабуля, і я ёй веру. Яна ніколі не будзе ў адзіноце (і гэта не таму, што ў яе ёсць мы: дзеці, унукі і праўнукі), таму, што яна знайшла каханне. Я не ўпэўнена, што ёй у пасляваенную маладосць трапляў у рукі томік «Любоўных лістоў вялікіх людзей», але, як паказвае практыка, для таго, каб сустрэць каханне, гэта зусім не абавязкова.

У дзяцінстве маім любімым мультфільмам быў «Труп нявесты». Тым, хто не глядзеў гэтую анімацыю, назва падасца нерамантычнай, але гэта стужка пра каханне. Праблематыка «Трупа нявесты» ў тым, што закаханыя не могуць узяць шлюб, бо смерць іх ужо разлучыла. Аднак я бачу праблему ў тым, што ніякага кахання там не было. Фінал мультфільма пацвярджае маю тэорыю.

Цяпер мой любімы мульцік — аскараносны «Уверх». Калі вы яго глядзелі, то ведаеце, што каханне Эліс і Карла — безумоўны доказ крытэрыя вечнасці.

Яна Мусвідас

Надрукавана ў часопісе "Маладосць"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?