Вы тут

Свет запаўняецца словам…


Алесь ДУБРОЎСКІ-САРОЧАНКАЎ

нарадзіўся 18 лістапада 1976 года ў Навагрудку. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Працуе на кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ. Аўтар кніг паэзіі «Паміж небам і багнаю» (1997) і «Эстэтыка маўчання» (2011).


 


 

СВЕТ ЗАПАЎНЯЕЦЦА СЛОВАМ…

 

* * *

Выслізгвае з-пад ног Сусвет,

галактыкамі распадаецца,

кітайскай граматай планет

і зорак, радасцей і бед,

а дзе шукаць таго кітайца,

які б раскрыў яе сакрэт?

 

Бо сэнс выслізгвае з-пад ног,

бяздоннем робіцца дарога…

А ўсё таму, што кінуў Бог

пад ногі гэтыя так многа!

 

* * *

У дробязі стагоддзяў гіне веліч

няўлоўных і няўрымслівых хвілін.

Нябёсы ўжо даўно папунсавелі,

і пахіснуўся свету равелін,

а мы яшчэ так многа не паспелі,

недаглядзелі і не зразумелі…

 

У дробязі галактыкі схавана

бяздонне кроплі, глыбіня цюльпана,

як бездань духу, чый схаваны след

у дробязі сталіц, дзяржаў, планет.

 

* * *

Дзень складаецца з 12 гадзін. …У апошнія тры гадзіны Бог гуляе з Левіяфанам.

                                                                                                             Талмуд

Сусвет ад самай маладосці

гуляе ў форму, колер, гук.

Святую радасць прыгажосці

быццё не выпускае з рук.

 

І хай пытаюцца прафаны

пра сэнс свяшчэннае гульні —

гуляе Бог з Левіяфанам.

Гуляе Ён… На свет зірні

 

і ўбач: ад самага маленства

закон у чалавецтва ёсць:

мастак стварае прыгажосць

паміж гульнёй і набажэнствам.

 

* * *

Аўтар можа сказаць пра тэкст: «Гэта ёсць цела маё».

Кевін Дж. Ванхузер

Вось цела маё — чорных літар слупкі,

і целу няўтульна штосьці.

Дзе змогуць нямоглыя рыфмы, радкі

сагрэць свае змерзлыя косці?

 

Няма ім жытла, бо прастора і час —

зусім нетрывалы падмурак.

Магчыма, прытуліць бяздомных нас

хіба што тая віхура,

 

што вые так страшна за цёмным шклом…

Дык вось які голас раю!

А мы ўсё ж упарта ідзём напралом

і вечнасць ствараем.

 

* * *

Сон, пачакай яшчэ:

мне радок дапісаць неабходна.

Перад абліччам начэй

без радкоў рыфмаваных маркотна.

 

Розум пад поўняю вэндзіцца

перад тугой існавання.

Перад абліччам бяссэнсіцы

выйсце адно — рыфмаванне.

 

Шлях свой сугуччам жалезным

зрыфмую з Сусвету гмахам

перад абліччам бездані,

перад маўклівым жахам.

 

Перад абліччам пустэчы

кожны кароль — голы.

Гэтую бездань не рэчамі

можна запоўніць, а голасам.

 

Свет запаўняецца Словам…

Хуткая плынь ракі…

Ноч, пачакай: я нанова

перапішу радкі!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.