Вы тут

Натхненне


Аліна Длатоўская

нарадзілася 26 лістапада 1994 года ў Мінску. Вучыцца завочна па спецыяльнасці «Культурная спадчына». Захапляецца гісторыяй і вельмі любіць вандраваць. Вырошчвае кактусы ды іншыя экзатычныя расліны. Працуе ў Фестывальным цэнтры «Хваля Ідэй» арганізатарам дзіцячых творчых фестываляў.


 


Натхненне

   Яно ў мяне яшчэ зусім маленькае. Такі мілы пухнаты камячок. Яно вельмі любіць чорную гарбату з цукрам. Раней любіла малако, канечне, але аднойчы паспрабавала гарбатку і змяніла меркаванне. А яшчэ яно вельмі любіць гуляць. Асабліва ў хованкі. Асабліва са мной.

Не ўпэўнена, што магу падлічыць, колькі разоў я ўжо выцягвала яго з-пад ложка. Не ведаю, чым яго прываблівае ўвесь гэты пыл. Хіба што там у мяне стаяць скрынкі з рознай лухтой з мінулага. Вось яно згорнецца ў адной са скрынак, лапкі пад пыску падсуне і спіць сярод маіх успамінаў.

А колькі разоў я здымала яго з кніжных палічак! Ускараскаецца туды, дзе вышэй, уладкуецца на томіку Караткевіча і пішчыць — злезці само не можа. А як працягнеш рукі — дык не ідзе, нібы яму і там нядрэнна.

Другі яго любімы занятак — уцёкі. Толькі што сядзела на падаконніку ці на балконе, назірала за людзьмі на вуліцы і раптам — шусь у адчыненую фортку! І ўсё, няма. Раней я непакоілася і хадзіла яго шукаць. Але хутка зразумела, што сэнсу ў гэтым няшмат. На «кс-кс» яно не адгукаецца, малаком яго не завабіш...

Цяпер не шукаю, бо ўжо добра ведаю: раней ці пазней знойдзецца само. Вось еду я аднойчы ў тралейбусе, разглядаю юнака, які захоплена слухае музыку, а яно раптам вазьмі і высунь пыску з яго заплечніка! Я нават не здзіўляюся ўжо, проста гляджу ды ўсміхаюся. А юнак бянтэжыцца — думае, што яму.

Ці прыйду, напрыклад, да сяброўкі-паэткі ў госці, а яно ляжыць на яе рукапісах, задаволенае, і вуркоча. Я тады па-гаспадарску сурова кажу: «Прэч адсюль! У яе сваё ёсць, вусацейшае за цябе!» Яно, напэўна, крыўдзіцца…

Ну і дарма. Я ж вось не крыўджуся. Я разумею: пераходны ўзрост, самы трапны час для дурыкаў. Аднойчы яно вырасце, стане вялікім пухнатым зверам з даўгімі вусамі і будзе фанабэрыста шпацыраваць па маёй кватэры, усім навокал дэманструючы, хто ў хаце гаспадар. Нарэшце перастане спаць у скрынках, уцякаць і хавацца ў чужых заплечніках. Можа, нават мышэй лавіць пачне? А яшчэ яно будзе пакорліва ўладкоўвацца на маіх каленях, адгукаючыся на: «Кс-кс-кс, хадзі да мяне». І будзе вуркатаць ужо на маіх рукапісах, а не на чужых, нібы кажучы: «Я тваё і нікуды ад цябе не падзенуся».

Але калі быць шчырай, я хацела б, каб яно як мага даўжэй не сталела. Мне будзе надта сумна без яго дураслівых уцёкаў…

Аднак пра гэта рана хвалявацца. Бо яно ў мяне яшчэ зусім маленькае. Такі мілы пухнаты камячок. І мне вельмі падабаецца частаваць яго чорнай гарбатай з цукрам, выцягваць з маіх пыльных успамінаў, здымаць з кніжнай шафы, атрымліваць ад мілага юнака ў тралейбусе і нават знаходзіць у рукапісах сяброўкі. Нічога, што яно ўцякае і не адгукаецца, калі я яго клічу. Галоўнае, што я ведаю: гэта маё Натхненне.

 

Варгін

 

Чорная муха раздражнёна білася ў шкло. Спрабавала патрапіць на сцюдзёную лістападаўскую вуліцу. Халодную, ахінутую вільготным туманам.

Чорная гарбата астыла ўжо другі раз. Моцы выйсці на кухню па кіпень не было. Нічога, вып’ецца і халоднай.

Чорны світар непрыемна калоў цела. Прымушаў увесь час шукаць становішча пазручней. Але не грэў.

Чорны кот ціха варкатаў, уладкаваўшыся ў яго на каленах. Адзіная істота ў пакоі, што засталася цёплай гэтай восенню.

Бескаляровы агідны адчай напаўняў яго галаву. Разам з назойлівым гудзеннем.

Чорная муха білася ў шкло.

«Дурніца».

 

***

 

Дзядоўнік цяжка выцягваць з адзення. Пальцы нервова дрыжалі. Зноў атрымае плескача ад бацькі ды пагардлівы позірк ад маці. Але гэта раздражняла менш за расчараванне і крыўду ў чорных вачах дзяўчаці насупраць. З валасоў дзядоўнік выцягваць яшчэ і балюча. Варта было папрасіць прабачэння. Але ён не асмеліўся б. Таму проста працягнуў руку, каб дапамагчы ёй выбіраць з пасмаў бадзякі. Чамусьці яму здавалася, што гэта не так страшна, як выбачацца. Яна адхінулася і скрывіла вусны. Калі звычайная дзіцячая гульня ператварылася ў прычыненне болю адзін аднаму?

Дзяўчынка, ганарліва ўзняўшы кірпаты нос, рушыла ўслед за бацькамі, што ўжо зніклі за паваротам лясной сцяжыны. Ён пабег за ёй. Раптам спыніўся. Пастаяў крыху, сціскаючы кулакі, хмурачы бровы. Крочыў далей спакойна ды павольна.

Пахіленая лядашчая хата выплыла з восеньскага туману шэрым прывідам. Дах яе быў увесь імшаны, у вокнах даўно не было шыбаў, а падворак зарос пустазеллем. Казалі, тут жыла старая вядзьмарка. Імя яе ў вёсцы не называлі. Ды і ўвогуле рэдка пра яе гутарылі. Тым не менш плёткі пра яе смерць разышліся даволі хутка.

Малая замерла перад хатай, збялелая, напружаная. З ганку на іх уважліва глядзела старая. У бруднай спадніцы, шэрай камізэльцы ды пацёртай хустцы кабета выглядала такой жа прывіднай, як гэтая хата ды абляцелыя каржакаватыя яблыні. Позірк яе працінаў да самага сэрца. Ён не спалохаўся, не. Толькі па целе пабеглі дрыжыкі. Ён раптам адчуў сябе неверагодна самотным, халодным, пустым, пакінутым. Нібы тая хата. Жанчына маўчала. Але ён глядзеў ёй у вочы і чуў:

«Вазьмі яе за руку. Альбо пражыві ўсё жыццё ў адзіноце».

Цёплая пяшчотная ручка ў яго далоні, здавалася, магла назаўсёды выратаваць яго ад гэтай пустэчы, ад гэтага холаду. Але нешта спыняла яго. Нешта хацела яго пакутаў.

Ён хітнуў галавою, нібы вытрасаючы адтуль словы жанчыны, ды рушыў далей. Гэта ўсё яму прымроілася.

Дзяўчына засталася стаяць, працягваючы пустэчы руку. Пальцы яе дрыжалі ад холаду. Вусны — ад плачу, які яна старанна стрымлівала.

Ён зноў памыліўся. Ён зробіць яшчэ процьму памылак. Але ўсё пачалося з дзядоўніку ў валасах — у гэтым ён быў упэўнены.

 

***

 

Аднойчы на Дзяды ён знайшоў у пад’ездзе чорнае кацяня. Забраў дадому. Што выратуе ад самоты лепш за пухнаты камячок? Ад самоты, якую ён стварыў сабе ўласнымі рукамі. Баючыся нарабіць яшчэ больш памылак. Проста баючыся.

Відаць, ёй вядзьмарка тады падказвала нешта іншае. Бо яна цяпер вывучала беларускую міфалогію. Пісала ў сеціве: «Жудасны чорны кароль катоў Варгін, знайшоўшы сабе гаспадара, прымушае яго сварыцца з любымі ды роднымі, пакутаваць ад адзіноты. Выклікае жудасныя псіхічныя расстройствы. Ад яго прысутнасці ў галаве ў чалавека заводзяцца мухі, якія ў выніку даводзяць самотніка да вар’яцтва».

Няма нічога жудаснага ў чорных катах. Гэта не яны даводзяць да вар’яцтва і не мухі, якія з’яўляюцца ў галаве ад іх прысутнасці. Да вар’яцтва даводзіць адзінота. А адзіноту чалавек стварае сабе сам.

Чорныя мухі біліся ў шкло.

«Дурань».

 

Я — не яна

 

***

 

Я смяялася. Вецер дзьмуў у твар. А я смяялася, шырока раскінуўшы рукі. Пачуццё свабоды захлынала. Я лёгкая. Я моцная. Я вольная. Я — вецер.

Аблокі беглі хутка, быццам баяліся не паспець у вырай да халадоў. Між іх мільгалі яскравыя зоркі. У маіх вачах зоркі ззялі яшчэ ярчэй. Я — неба.

Вада блішчэла, адбіваючы святло ліхтароў. Халодная, бяспачуццёвая рака адмежавалася ад горада каменнымі ўзбярэжжамі. Ёй не патрэбны быў ніхто, акрамя яе самой. Ніхто не ведаў яе таямніц. Ніхто не ведаў яе глыбіні. Я — рака.

— Я вольная! — выгукнула ў твар позняму мінаку, прымусіўшы яго збялець ад страху.

Я — птушка. Я люблю неба. Я люблю вецер. Я люблю свабоду. І сёння я пакінула сваё птушаня на ганку дзіцячага дома. Я — зязюля.

Ён плакаў і ўвесь час мармытаў «мама». Я паабяцала, што мама аднойчы абавязкова прыйдзе па яго. Але я — не яна. Я ніколі не любіла яго. Усе гэтыя клопаты, хваробы ды разбітыя каленкі. Гэтыя слёзы, пракуды ды дураслівыя пытанні. Гэтыя кашы, прагулкі, казкі нанач. Гэтыя абмежаванні, абяцанні, абавязкі.

У мяне не можа быць абавязкаў. У мяне не можа быць абмежаванняў. Я — птушка. Я — неба. Я — вецер.

Я смяялася.

 

***

 

Я плакала. Вакол былі раскіданы аскепкі люстэрка. Нянавісць да сябе забівала знутры. Я не магла больш глядзець сабе ў вочы.

Цацкі, малюнкі, дзіцячы посуд ды кніжкі — усё гэта займала занадта шмат прасторы ў кватэры. Займала надта шмат прасторы ў свядомасці. Забірала занадта шмат паветра. Я задыхалася.

Я — пустэча. Я — нішто. Легкадумная, нібы вецер. Цёмная, нібы начныя нябёсы. Бязвольная, нібы хвалі ракі, што падпарадкоўваюцца плыні. Здрадлівая, нібы зязюля, што падкідае сваё птушаня ў чужое гняздо.

— Даруй…

Маё птушаня стаяла на ганку дзіцячага прытулку. Заплаканае, натапыранае, недаверлівае. Усхліпвала ды пішчала «мама», тулячыся да мяне, спрабуючы патрапіць пад надзейнае крыло. Я паабяцала, што мама аднойчы абавязкова прыйдзе па яго. Але я — не яна.

Хоць я і любіла яго. Любіла абдымаць яго, выціраць са шчок слёзы, тулячы да сэрца, любіла цалаваць разбітыя каленкі. Любіла смяяцца разам з ім над ягонымі пракудамі ды дураслівымі пытаннямі. Любіла клапаціцца пра яго, любіла распавядаць казкі, каб яму лепш спалася ўночы. Любіла быць яму патрэбнай. Але я разумела, што побач са мной яму надта небяспечна.

Але я не маю права, не магу любіць. Не магу клапаціцца. Не магу быць патрэбнай. Бо я — пустэча. Я — нішто.

Я плакала, сціскаючы ў далоні востры аскепак люстэрка.

 

***

 

Я стаміўся. Я не мог і не хацеў зараз думаць пра працу. Жонцы паставілі дыягназ «бясплоднасць», але замест таго, каб ехаць да яе, я тырчу тут, у гэтай вар’ятні.

Заплаканая жанчына з забінтаванымі запясцямі смяялася мне ў твар, некалькі разоў падымалася, каб сысці, крычала: «Вы мяне не ўтрымаеце! Я — не яна!»

— Можна паразмаўляць з ёй? — мякка пацікавіўся я.

— Нельга! Яна памерла. Забіла сябе. Вены перарэзала, бачыш? Выпусці мяне, я хачу жыць.

— Чаму яна забіла сябе?

— Адкуль я ведаю? Я — не яна! Мо праз сына.

— А што з сынам?

Яна нахілілася, каб бліжэй разглядзець мой твар, звузіла вочы. Узнікла агіднае пачуццё, што зазіраюць унутр мяне. Быццам не я тут корпаюся ў чужой галаве, а ў маім розуме нехта капаецца. Літаральна. Я страсянуў галавой і паўтарыў:

— Што з сынам?

— Яна кінула яго. Аддала яго ў дзіцячы прытулак.

— Яна, не ты?

— Яна, не я, — паўтарыла жанчына і раптам зноў засмяялася. — Яна — не я. Я — не яна.

У галаве зазвінела ад яе смеху. Скроні раптам сціснула і перад вачыма стала цёмна…

Ачомаўшыся, я знайшоў сябе на ганку дзіцячага прытулку разам з жонкай. Малы, падобны да птушаняці, глядзеў на нас уважліва і падазрона. Любая прысела перад малым і ўзяла яго далонькі ў свае рукі.

— Прывітанне, хлопчык, — мякка сказала жонка.

— Ты — не яна, — шэптам заўважыў малы.

 

Сяброўства з першага погляду

 

Вы калі-небудзь кахалі з першага погляду? Я — так. І не раз. А вось пасябраваць з першага погляду мне давялося толькі аднойчы. Гэта здарылася першым днём сакавіка ажно чатырнаццаць гадоў таму. Кожны мой дзень за выключэннем выходных быў бязлітасна знявечаны жахамі малодшай школы. Справа была зусім не ў тым, што я не любіла вучыцца. У першым класе пра гэта рана разважаць. Мне было нудна. Мае аднакласнікі, а тым больш аднакласніцы здаваліся мне вельмі абмежаванымі. Хлопчыкі толькі і ведалі, што гулялі ў забойствы ды абмяркоўвалі гэтыя самыя забойствы, ажыццёўленыя ў віртуальным сусвеце. Дзяўчынкі бавілі час з дарагімі лялькамі ды ўяўлялі сябе гераінямі серыялаў. Мне з імі было не цікава. Ці ім са мной?

Алінку перавялі з іншай школы, чамусьці ў апошняй чвэрці... Я дагэтуль не ведаю, што мною кіравала. Але толькі ўбачыўшы яе, адразу кінулася абдымацца, нібы да сябра, якога не бачыла ўжо гадоў сто. Можа, так і было?

Урэшце, было падобна да таго. Бо мы імгненна знайшлі агульную мову. Нават не так, мы яе вынайшлі. Сваю ўласную агульную мову, якую больш ніхто не ведаў і не разумеў. І пакуль нашы аднакласніцы гулялі ў «Санта-Барбару», мы вандравалі па акіянах, змагаліся з піратамі, чаравалі, лёталі на драконах і самі былі гэтымі драконамі. З неверагоднай лёгкасцю яна стварала новыя сусветы, я ж аздабляла іх падрабязнасцямі. І мы ніколі не маглі знайсці трапнага адказу на пытанне аднакласніц:

— Дзяўчаты, у што вы гуляеце?

Наўрад ці яны зразумелі б хоць адзін адказ, які мы маглі ім даць. Ясная справа, мы заўсёды заставаліся ўдваіх.

І калі нашы аднакласніцы нас проста не разумелі, дык наша настаўніца нас яшчэ і не любіла. Яна любіла толькі тых, чые бацькі рэгулярна падвозілі яе дахаты ды рабілі ёй каштоўныя падарункі. Яна любіла багатых. І не разумела, што багацце бывае розным.

Аднойчы яна загадала прынесці на занятак старую панчоху. З яе мы павінны былі зрабіць цацку-змейку, якая б надзявалася на руку і «размаўляла». Панчох у мяне не было. Затое былі калготкі. Праўда, адны. Але каму ў траўні патрэбны калготкі? Да наступнай восені дакладна набудуць новыя.

Аліна ж прынесла неверагоднай прыгажосці панчошкі, жоўценькія, тоненькія і вельмі прыемныя навобмацак. Капронавыя. Вядома, калі яна прышывала гузікі-вочы, пад няўмелымі дзіцячымі ручкамі капрон «папоўз», на ім з’явіліся непрыгожыя шыўкі.

— Адкуль ты ўзяла такія панчохі? — адразу ж пачала лаяцца настаўніца.

— Хросная прывезла з Італіі, — разгублена адказала сяброўка.

— У цябе што, няма іншых панчох? Знайшла, што прынесці. Я пастаўлю табе два. А на наступныя заняткі прынясеш тое, што я прасіла!

У гэты дзень я ўпершыню зведала, што такое слёзы лепшай сяброўкі. Ведаеце, калі «каханне з першага погляду» разбівае табе сэрца — гэта не так балюча. Яна плакала так горка і адчайна, што мне самой хацелася плакаць.

— Чаго ты равеш?! Трэба было прынесці нармальныя панчохі!

Настаўніца лаялася, казала вельмі абразлівыя і непрыемныя рэчы, называла яе недарэкай і дурніцай. Я ведала, што гэта хлусня і што гэта жудасна несправядліва. Мая сяброўка — самая разумная і таленавітая! Калі б настаўніца магла ўбачыць усе тыя сусветы, якія яна стварае, яна б ніколі не казала такіх жудасных рэчаў. Але яшчэ я ведала, што ёй бессэнсоўна што-небудзь даводзіць і тлумачыць.

— Гэта мае адзіныя панчохі. У мяне няма іншых… — праз слёзы выціснула Аля.

Аднак настаўніца нават слухаць яе не хацела, пляснула па парце дзённікам з намаляванай у ім двойкай і сышла да выдатніцы Машачкі.

— Гэта сапраўды былі мае адзіныя панчохі. Я іх нават не надзела ні разу. Мне было іх шкада. Яны ж такія прыгожыя… Былі.

Разумееце, яна прынесла з хаты адзіныя панчохі. Сапраўдныя, італьянскія, падораныя хроснай, самыя прыгожыя ў свеце панчохі. Панчохі, якія нават ні разу не надзела. Прынесла на заняткі па «працоўнай адукацыі». Таму што яна старалася, яна хацела быць выдатніцай, яна хацела рабіць усё правільна, яна хацела падабацца.

«Мала хто можа ацаніць твае высілкі, але менавіта такіх людзей варта лічыць сябрамі!» — скажа яна мне праз шмат гадоў. А тады я проста абдымала яе, спрабуючы абараніць ад гэтага надта патрабавальнага і несправядлівага сусвету. Я яшчэ не ведала, колькі разоў нам давядзецца вось так абараняць адна адну. Хоць, напэўна, здагадвалася. Затое я была ўпэўнена, што ў гэты самы момант наша «сяброўства з першага погляду» ператваралася ў нешта большае.

— У мяне засталася яшчэ адна «нага» ад калготак, — прашаптала я, супакойваючы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».