Вы тут

Канстанцін Касяк. Дарога, якую выбіраеш сам



 


Дарога, якую выбіраеш сам

У навушніках новы трэк магілёўскага гурта IOWA «140», якому музычныя крытыкі ужо зараз прарочаць стаць галоўным хітом гэтага лета. Самалёт Embraer 195, які ляціць прамым рэйсам з Мінска ў Тбілісі, павольна выязджае на паласу, як след разганяецца, адрываецца і пачынае набіраць вышыню. У салоне беларусаў няшмат, іх лёгка вылічыць пры рэгістрацыі па сініх пашпартах. Астатнія — уладальнікі чырвоных, грамадзяне або Грузіі, або Расіі. Мой сусед побач — вясёлы стары грузін, які паказвае пальцамі некуды ў ілюмінатар і расказвае мне пра горад, у якім я апынуся праз некалькі гадзін.

 

Бяру ў рукі свежы нумар «On Air» — бартавога часопіса кампаніі «Белавія». Змест уражвае: высакагорны нямецкі парк Бергтэсгадэн, афрыканскія графіці ў Буркіна Фасо, павольны адпачынак у суседняй літоўскай Паланзе, вандроўка ў дзіўную і далёкую Новую Зеландыю, з якой пайшоў вядомы на ўвесь свет ваяўнічы танец «хака» і многае іншае. На дэсерт захапляльная біяграфія Рыхарда Зорге, з якой мог бы выйсці вельмі добры баявік. Дзед побач расказвае пра сваё няпростае жыццё і лёс, так вось проста, выпадковаму мінаку, як у фільмах.

 

Пасярэдзіне моднай хіпстарскай вокладкі цытата з Якуба Коласа. Вельмі трапна, думаю, зрабілі — акурат 95 гадоў таму славуты беларускі літаратар вярнуўся на радзіму з Куршчыны, дзе пражыў некалькі гадоў да гэтага. Не самалётам, праўда, а цягніком. Але таксама ж вандроўка.

 

Тады пра вяртанне жывога класіка паклапацілася кіраўніцтва Наркамата асветы БССР, якое звярнулася з хадайніцтвам да самога Луначарскага: «Белорусская республика вправе желать, чтоб ее поэты вернулись к ней и могли посвятить себя своему призванию». Нічога не заставалася, як задаволіць патрабаванне. А газета «Савецкая Беларусь» 17 мая 1921 года радасна вітала земляка: «У нядзелю вярнуўся ў Мінск пасля доўгай адсутнасці беларускі паэт Якуб Колас. Вымушаны пакінуць сваю радзіму пад уціскам цяжкіх умоў, звязаных з ваенным ліхалеццем, абрушаным на Беларусь, Якуб Колас вярнуўся ўжо ў Вольную Айчыну, аб якой ён пяяў у сваіх вершах і змагаўся доўгія часы! Пажадаем яму сілаў і энергіі для далейшай плённай працы над яе культурным адраджэннем! Вітаема дастойнага сына працоўнага беларускага люду!» Вярнуўшыся, Колас пасяліўся на Старажоўцы, цяперашняй вуліцы Кісялёва, і крыху абжыўшыся, выправіўся летам таго ж года на Каўказ.

 

Не ў Тбілісі, у Есентукі, дзе ён адпачываў разам з Янкам Купалам. Туды да іх прыязджаў у адведкі Цішка Гартны. Усёй кампаніяй яны хадзілі ў музей Лермантава ў Пяцігорску. Успамінаю пра гэта, праязджаючы ўжо па дарозе з Тбілісі ў адзін з самых старых гарадоў, вядомых чалавецтву, — Мцхету. Над ёй, на высокай гары, стаіць старажытны манастыр Джвары. Кажуць, менавіта тут, над месцам зліцця рэк Куры і Арагві, Лермантаў задумаў напісаць сваю паэму «Мцыры». Ох і складана ж яе было вучыць у школе…

 

Разглядаючы каўказскія горы з акна гатэля, успамінаю лісты Коласа да жонкі Марыі Дзмітрыеўны: «Лазіў з біноклем на сваю пляцоўку. Чароўная панарама снежных гор. Іх яшчэ не асвяціла сонца, яны мелі палавы колер, і надта прыгожы. А цяпер Эльбрус — бачу яго праз акно свае кватэры — загарэўся на сонцы, хоць і сонца яшчэ не ўзышло». Там, дзе я жыву, снегу на гарах няма, адно зялёная расліннасць. І тым не менш хочацца напісаць нешта і пра іх, дамоў, у Беларусь. Сваёй жонцы.

 

Не адпускае Коласава цытата з вокладкі часопіса, круціцца ў галаве. Ведаю з якога яна твора — аповесці «На прасторах жыцця», якая, дарэчы, пабачыла свет 90 гадоў таму. Спачатку ўрыўкамі ў часопісе «Малады араты» (быў, аказваецца, і такі!), а потым ужо і асобнай кнігай. Незаслужана забытая, яна, безумоўна, вартая быць перачытанай. Там апісана суворая праўда жыцця, хоць месцамі і не зусім прыемная. Але так было. Нічога не зробіш. Дзеці цёмных сялян, якія нарэшце атрымалі мажлівасць выбіцца ў людзі, усімі праўдамі і няпраўдамі выязджалі з вёскі ў горад, каб вучыцца. Атрымаўшы адукацыю, разляталіся па чужых краях або вярталіся дамоў працаваць на карысць Бацькаўшчыны.

 

Што б там ні казалі, а на маю думку класік меў рацыю: «Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш».

                                                                                                                Канстанцін Касяк

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».