Вы тут

Чым запомніліся Алімпійскія гульні ў Рыа?


Допінг, сумніўныя ўмовы пражывання, крадзяжы, — Бразільская Алімпіяда ўвойдзе ў гісторыю спорту не толькі спартыўнымі вынікамі, але і скандаламі.

Але пачнем з іншай тэмы. Гульні ў Рыа запомніліся...


Дзевяццю беларускімі медалямі

Фота belta.by

Нашы спартсмены заваявалі адзін залаты медаль – перамогу ў скачках на батуце атрымаў Уладзіслаў Ганчароў. Сярэбраныя ўзнагароды заваявалі малатабоец Іван Ціхан, цяжкаатлеты Дар’я Навумава і Вадзім Стральцоў, Марыя Мамашук у спаборніцтвах па вольнай барацьбе. “Бронзу” дадому прывезлі плыўчыха Аляксандра Герасіменя, байдарачніцы Марына Літвінчук, Вольга Худзенка, Маргарыта Махнёва, Надзея Ляпешка, барцы Ібрагім Саідаў і Джавід Гамзатаў. У агульнакамандным заліку першае месца занялі ЗША, другое – Велікабрытанія, а трэцяе – Кітай. Што цікава, вынік, паказаны беларусамі ў Рыа, найгоршы ў гісторыі выступленняў Беларусі на Алімпіядзе. Наш медальны максімум быў зафіксаваны у Пекіне ў 2008-м годзе. Тады беларусы 18 разоў уздымаліся на п’едэстал.


Допінгавымі скандаламі

Фота tvc.ru

З-за станоўчых проб на галоўныя старты чатырохгоддзя не дапусцілі цэлы шэраг спартсменаў. Найперш гэта тычыцца расіянаў. Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі дыскваліфікавала ўсю зборную Расіі па лёгкай атлетыцы. Не абышоў бокам гэты скандал і беларусаў. З-за допінга ў Паўднёвую Амерыку ў тым ліку не паляцела наша мужчынская зборная па веславанні на байдарках і каноэ.


Не вельмі добрымі ўмовамі пражывання

Фота uinp.info

Пра бытавыя праблемы ў алімпійскай вёсцы пісалі нямала. Кіці Чылер, кіраўнік аўстралійскай дэлегацыі, прызналася, што іх будынак не прыдатны для пражывання. Трэнер зборнай Ідыі па хакеі на траве Рулант Алтманс адзначыў, што апартаменты недастаткова абсталяваныя. У некаторых пакоях адсутнічаюць сталы, нармальныя крэслы і тэлевізары. А беларускім баскетбалісткам самім прыйшлося мыць вокны. Умовы для спаборніцтваў таксама былі далёка не ідэальнымі. Журналіст Sky News Пол Келса ў сваім твітары напісаў: “Чуў, што нехта з весляроў у Рыа паваліўся ў ваду, бо ўдарыўся аб затопленую канапу”.


Невялікай наведвальнасцю

Многія наракалі і на нізкую наведвальнасць алімпійскіх турніраў. Большая частка квіткоў на спаборніцтвы Алімпіяды, што арганізатары размяркоўвалі па сацыяльных праграмах, засталася незапатрабаванай. Марыё Андрада, дырэктар па камунікацыях аргкамітэта Рыа-2016, расказаў, што з тых, хто набыў квіткі загадзя, 11 працэнтаў так і не наведалі стадыёны. Не прыйшло на спартыўныя спаборніцтвы 55 працэнтаў тых, хто атрымаў білеты бясплатна. Усяго невыкарыстанымі засталіся 273 тысячы квіткоў, размеркаваных па сацпраграмах.


Злачыннасцю

Фота 1492news.com

Яшчэ загадзя спартсменаў папярэджвалі аб тым, што у Рыа-дэ-Жанейра даволі высокі ўзровень злачыннасці, а кішэні заўжды трэба трымаць закрытымі. Але не ўсе слухалі папярэджанні. Спачатку людзі, пераапранутыя ў паліцэйскую форму, абрабавалі навазеландкскага байца джыу-джыцу. Пасля валізкі скралі ў спартсменаў з Велікабрытаніі. Без дарагога абсталявання засталіся кітайскія журналісты. Нахабныя злачынцы абрабавалі лёгкаатлетаў з Ірана, плыўцоў з ЗША... Невядомыя з пісталетам напалі і на расійскага спартсмена Яўгена Каратышкіна. Пад абстрэл трапіў аўтобус з журналістамі. Па некаторых дадзеных, за час Алімпіяды, прынамсі, 14 чалавек загінулі ў перастрэлках з праваахоўнымі органамі. Жыхары Рыа прызналіся, што падчас Гульняў бедныя раёны жылі амаль у асадным стане – з пастаяннымі патрулямі і вобшукамі.  Беларуская плыўчыха Аляксандра Герасіменя адзначыла, што дзеля бяспекі закрывала на замкі шафы, чамаданы. “Мы нават баяліся, што да нас прыйдзе абслугоўваючы персанал прыбіраць пакоі”, - адзначыла Аляксандра.


Голымі манголамі

Фота s5o.ru

У апошні дзень Алімпіяды ўсіх здзівілі трэнеры зборнай Манголіі па вольнай барацьбе. У схватцы за бронзавы медаль у катэгорыі да 65 кілаграмаў іх падапечны змагаўся з узбецкім барцом. У выніку лік аказаўся роўным – 7:7, але суддзі прысудзілі перамогу узбеку. На гэтае рашэнне мангольскія трэнеры адрэагавалі даволі цікавым чынам – распрануліся. Але “стрыптыз на дыване” арбітраў не расчуліў. Вынік ніхто не перагледзіў.


Рамантыкай

Фота china.cn

Але акрамя негатыўных момантаў на Алімпіядзе хапала шмат рамантыкі. Нават такой, што перашкаджала галоўнаму – спорту. Бразільская ныральшчыца Інгрыд Алівейра вельмі хацела правесці ноч разам са сваім хлопцам, весляром Педра Гансалвешам. Дзеля гэтага яе напарніца Джаванна Педрас мусіла заночыць у другім пакоі. З гэтым дзяўчына не пагадзілася. Аказалася маралісткай і заявіла, што інтымная сувязь парушае правілы Алімпійскай вёсцы. Пасля таго, як яе вытурылі з пакоя, яна паскардзілася на парачку ў Нацыянальны алімпійскі камітэт. У выніку фінал Алівейра і Педрас завалілі – занялі апошняе месца.

Аднак больш годным учынкам адзначыўся Цынь Кай, кітайскі скакун у ваду. Цзы Хэ, ягоная дзяўчына, заваявала ў Рыа сярэбраны медаль у скачках у ваду. Да золата не дацягнула, але галоўная перамога чакала яе наперадзе. Пасля цырымоніі ўзнагароджання на вачах усяго стадыёна Цынь Кай зрабіў ёй прапанову стаць ягонай жонкай.

Падобным адзначылася на Алімпіядзе і бразільянка Марджоры Энья, супрацоўніца аднаго з алімпійскіх аб’ектаў, сама зрабіла прапанову. Толькі на месцы хлопца аказалася дзяўчына Ізабэле Чэрула, гулец зборнай Бразіліі па рэгбі.

Фота sportal.bg


Мужчынскім учынкам Ціхана  

Паляк Павел Файдэк лічыўся галоўным канкурэнтам Івана Ціхана у спаборніцтвах па кіданні молата. Нядаўні чэмпіянат Еўропы, на якім Ціхан заваяваў серабро, наогул завяршыўся скандалам. Файдэк вырашыў не ціснуць руку Івану. Маўляў, Ціхан заплямлены допінгавымі разбіральніцтвамі. Пры гэтым ганарлівы паляк адзначыўся некалькімі колкімі каментарыямі ў адрас беларуса. Балельшчыкі чакалі іх дуэлі на Алімпіядзе, але Файдэк нават не выйшаў у фінал, а Ціхан заваяваў “серабро”.

- Файдэк яшчэ малады, - адзначыў Ціхан. – Можа, гэта ягонае меркаванне, а можа, хтосьці навязаў. Я ні ў якім разе не асуджаю – нават думкі падобнай не ўзнікала. Нармальны хлопец. Тым больш паляк – наш сусед. У яго яшчэ ўсё наперадзе. Не выключаю, ён яшчэ зменіць адносіны да гэтай сітуацыі.

Падрыхтаваў Тарас ШЧЫРЫ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».