Вы тут

Як абараніць сэрца?


Захворванні сістэмы кровазвароту па-ранейшаму лідзіруюць у структуры смяротнасці — 51—55 працэнтаў выпадкаў гібелі маюць у аснове гэту прычыну. Што рабіць, каб мы жылі як мага даўжэй без падобных праблем, і чым медыцына здольная дапамагчы ў выпадку іх узнікнення? Расказвае дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія» Аляксандр МРОЧАК.


Будзе яшчэ больш?

— У шэрагу заходніх краін працэнт смяротнасці ад захворванняў сістэмы кровазвароту меншы, але там інакш складаецца статыстыка. Так, у ЗША 18 працэнтаў усіх выпадкаў смерці насельніцтва звязваецца з цукровым дыябетам. У нас — 3 працэнты. Бо хворыя на цукровы дыябет гінуць менавіта ад сардэчна-сасудзістай паталогіі.

Ад хвароб сістэмы кровазвароту ў нашай краіне пакутуюць 2 млн 470 тысяч чалавек. Гэта 26 працэнтаў ад усяго насельніцтва, або 32 ад дарослага. Наогул захворванні сэрца і сасудаў наўпрост звязаныя з узростам. Мы сёння намагаемся павялічыць сярэднюю працягласць жыцця да 75 гадоў, а таму заканамерна павінны чакаць і росту такой паталогіі. І быць гатовымі да аказання дапамогі такім пацыентам.

Лідары па курэнні?

— Калі б насельніцтва нашага абласнога горада кінула курыць, то колькасць выклікаў «хуткай дапамогі» зменшылася б там на 15 працэнтаў. Менш стала б вострага каранарнага сіндрому, гіпертанічных крызаў... Хто ў нас не ведае, што курыць дрэнна, але мы ўсё роўна застаёмся адной з самых тытунёвазалежных краін.  Ампутацыі ў хворых на цукровы дыябет, якія кураць, здараюцца ў 5 разоў часцей. Анкалогія розных формаў, не толькі рак лёгкага, — таксама ў разы часцей. Я агрэсіўны ў дачыненні да курэння. Таму што клінічная медыцына стала вельмі дарагой...

У нашым цэнтры сёння робіцца практычна ўсё, што выконваецца ў свеце, але ўсе гэтыя складаныя ўмяшанні — работа з хворым чалавекам. Яму патрэбна ўжо толькі другасная прафілактыка... А як зрабіць, каб гэты чалавек не захварэў, каб ён не курыў? Патрэбны не забаронныя меры, а комплексны падыход, без папулярызацыі шкодных звычак. Вазьміце некаторыя папулярныя серыялы: палічыце, колькі там выпіваюць! Нам жа патрэбна фарміраваць іншы стэрэатып: чым менш у мяне фактараў рызыкі, тым больш я буду працаваць, атрымліваць матэрыяльных выгод, даўжэй буду жыць...

Вядома, што Форд штрафаваў сваіх работнікаў-курцоў і аддаваў грошы тым, хто не курыць. Неблагая матывацыя!

Лішак алкаголю — раптоўная смерць?

— Спажыванне алкаголю — таксама істотны фактар рызыкі абвастрэння працякання сардэчна-сасудзістага захворвання. Калі мы хочам атрымаць часцей раптоўную сардэчную смерць (а гэта сёння 20 працэнтаў ад усіх выпадкаў гібелі ад сардэчна-сасудзістай паталогіі), то можна працягваць злоўжываць у тых жа аб'ёмах. Урачы ўжо даўно кажуць пра «святочнае сэрца» — тая ж «хуткая» выклікаецца часцей менавіта ў дні свят.

Калі ў вас ёсць артэрыяльная гіпертэнзія і вы злоўжываеце, значыць вы паскараеце наступленне гіпертанічнага крызу, інсульту. Калі ў вас арытмія, то на высокай дозе алкаголю можа быць раптоўная смерць.

А нармальнага ціску не дасягаем?

— Пацыенты з артэрыяльнай гіпертэнзіяй сёння досыць актыўна бяруцца на ўлік, але што далей? Аналіз медыцынскіх картак асоб, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку з такім захворваннем, паказвае, што 87 працэнтаў пацыентаў інфармаваныя аб наяўнасці ў іх фактараў рызыкі развіцця той жа гіпертэнзіі, 64 працэнты з іх штодня прымаюць адпаведнае лячэнне, але дасягаюць мэтавага ўзроўню (прымаюць так, каб ціск быў нармальным) усяго 30 працэнтаў! Чалавек ведае аб сваёй праблеме, але не хоча лячыцца, а калі хоча і лечыцца, то робіць гэта няякасна. А гэта што ў перспектыве? Інсульты і інфаркты.

Можа, лекі не тыя?

— Мы сёння працуем паводле доказнай медыцыны. Гэта азначае, што прэпараты, якія выкарыстоўваюцца, даказалі сваю эфектыўнасць і бяспеку. Прайшлі маштабныя, складаныя, незалежныя даследаванні. Калі вы хочаце атрымаць эфект, значыць павінны карыстацца менавіта такімі прэпаратамі.

Наогул псіхалагічны фактар у фармакатэрапіі адыгрывае важную ролю. Можна па-рознаму прызначаць прэпараты.

Як вы думаеце, з якімі думкамі будзе лячыцца пацыент, калі яму сказаць: «Ведаеце, яшчэ нікому не дапамагала, але паспрабуйце»?

Як дапамагчы пры інфаркце?

— Ці можам мы дапамагчы чалавеку з вострым інфарктам міякарда? Можам! Пачынаючы з 2011 года мы ўкаранілі практыку выкарыстання ангіёграфаў — апаратаў, якія дазваляюць паглядзець стан сасудаў, увайсці ў сасуд, які аказаўся закрытым і дзе з гэтай прычыны пачаў развівацца інфаркт, аднавіць кровазабеспячэнне і прадухіліць ускладненні. Калі гэтага не зрабіць, то разаўецца інфаркт. Ад дыяметра сасуда залежыць, якая плошча міякарда загіне: калі ён буйны — вялікая, а значыць, гэта рубец, які абмяжуе здольнасць сэрца нармальна скарачацца, што справакуе небяспечную для жыцця арытмію і сардэчную недастатковасць.

У нас ёсць прыкладна 1 гадзіна для таго, каб прадухіліць увесь гэты небяспечны ланцуг. У Мінску гэта цалкам рэальна, бо працуюць пяць цэнтраў для правядзення такога абследавання. Ёсць ангіёграфы і ў абласных гарадах, паступова ствараюцца яны і ў іншых буйных гарадах. Але што мы бачым сёння з боку саміх пацыентаў? У першыя 6 гадзін развіцця вострага каранарнага сіндрому пазванілі ў «хуткую» ўсяго 55 працэнтаў хворых! Значыць, хворыя нашы трываюць, не ведаюць! А сімптом вельмі просты — боль за грудзінай, які не спыняецца. Здаецца, толькі пазвані. Не, чакаюць або панядзелка, або калі само пройдзе...

Што трэба рабіць?

— Фактары рызыкі развіцця сардэчна-сасудзістай паталогіі і гібелі ад яе ўсім добра вядомыя. Для мужчын гэта на першым месцы алкаголь, затым тытунь, павышаны артэрыяльны ціск, высокі ўзровень халестэрыну, высокі індэкс масы цела, недастатковае ўжыванне садавіны і гародніны, недастатковая фізічная актыўнасць. Для жанчын — павышаны артэрыяльны ціск, высокі ўзровень халестэрыну, высокі індэкс масы цела, недастатковае ўжыванне фруктаў і гародніны, нізкая фізічная актыўнасць, алкаголь.

СААЗ рэкамендуе для прафілактыкі большасці сардэчна-сасудзістых захворванняў:

  • Кантраляваць артэрыяльны ціск і ўзровень халестэрыну.
  • Наладзіць рацыянальнае харчаванне і не набіраць вагу.
  • Займацца фізічнай культурай.
  • Не пачынаць курыць або тэрмінова кінуць.
  • Абмежаваць алкаголь.
  • Вучыцца перамагаць стрэсы.

Якія яны — сучасныя аперацыі?

— Мы назапашваем вопыт пастаноўкі клапана ў сэрца праз артэрыю або вену. Без разрэзаў. Развіццё інтэрвенцыйных тэхналогій адбываецца неверагодна хутка. Але гэтым займаюцца не кардыяхірургі, а рэнтгенэндаваскулярныя хірургі. Яны лечаць востры інфаркт з дапамогай пастаноўкі стэнта ў перакрыты сасуд. Праз вену і артэрыю яны маніпулююць, што называецца, ва ўсім сэрцы. Раней для аператыўнага лячэння анеўрызмы аорты трэба было рабіць вялікі разрэз. Дый сама аперацыя да 8 гадзін магла цягнуцца. А сёння праблема вырашаецца шляхам умацавання аорты праз артэрыю. І аперацыйнай раны няма. Можна, напрыклад, знайсці ў сэрцы ачаг, які правакуе парушэнне рытму, дабрацца да яго праз артэрыю або вену і «прыпячы» высокай тэмпературай. Усё гэта абсалютна новыя напрамкі. Гэта прынцыпова іншая падрыхтоўка спецыялістаў

Па сацыяльных прычынах?

— Важную ролю ў развіцці сардэчна-сасудзістых захворванняў адыгрывае сацыяльны фактар — урбанізацыя, працоўная занятасць, палітычная сітуацыя. Скажам, пасля распаду Савецкага Саюза адбыўся ўсплёск такой захваральнасці ва ўсіх яго краінах, у тым ліку ў Беларусі...

Святлана БАРЫСЕНКА

Загаловак у газеце: Што з сэрцам?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».