Вы тут

На глыбоцкім рынку самая запатрабаваная агародніна — агуркі і памідоры


«Вы паглядзіце, якія яны смачныя, салодкія!» Усе гэтыя пахвалы адносяцца да памідораў у вядзерцы. Жанчына за дашчатым прылаўкам рапаноўвае кілаграм смакаты за паўтара рубля. На глыбоцкім рынку, асабліва ў нядзелю, тут такая цётачка не адна — з васьмі раніцы стаіць даўжэзны рад прадаўцоў, якія гандлююць усім, чым толькі ўрадзіла зямля.


У каго не хапіла сыравіны для нарыхтовак на агародзе, той выпраўляецца на рынак. Самай запатрабаванай агароднінай сталі агуркі і памідоры. «Разбіраюць усё за раніцу», — кажа гандлярка з напаўпустой скрыняй агуркоў. Іх кошт на рынку ад 66 капеек да 1 рубля. Таматы даражэйшыя, 1-1,5 рубля. Купляюць як кілаграмамі — на стол, так і вёдрамі — для хатніх кансерваў.

Гандаль ягадамі і грыбамі не такі маштабны. Літровы слоік ажын з уласнага саду каштуе 2 рублі. Прадавец вырошчвае ягады для сябе, а што застаецца пасля нарыхтоўкі, адносіць на рынак. Тавару няшмат, ды і купляюць яго пераважна паласавацца дзецям. За шклянку несезонных ужо суніц бабуля папросіць 3,5 рубля, тры буйныя галоўкі часнаку абыдуцца ў тры рублі, кілаграм дамашняга сыру з каровінага малака каштуе 5 рублёў. Гандляр «салодзенькім» прапануе мёд з уласнага пчальніка па 5 рублёў за 250 грамаў. На рынак мужчына завітвае пад настрой, кажа, што купляюць мёд хіба на лекі, а каму трэба, дамаўляецца загадзя і сам забірае слоік.

Самая гнуткая цана аказалася ў бульбы. Калі пахадзіць па рынку, можна пабачыць цэннікі ад 1 рубля 70 капеек да 20 капеек за кілаграм. Звычайна прадаецца сумесь сартоў, хоць можна знайсці «ласунак» па 40 ці «скарб» па 60 капеек.

Наогул, на мясцовым рынку свае асаблівыя адносіны, бо ці не кожны сустрэчны — знаёмы або аднавясковец. Тут пакупнік дае парады прадаўцу. Апошні абмяркоўвае тавар з суседам. Старыя знаёмыя дамаўляюцца на абмен. Вядуцца спрэчкі пра якасці сартоў, абмяркоўваюцца спосабы, як прышчапіць ажыны, як даглядаць парэчкі, чым ратаваць памідоры ад хвароб. Тут можна пабачыць «народную дэгустацыю», калі парэзаны на кавалачкі яблык каштуюць адразу чатыры чалавекі, намагаючыся вызначыць сорт. Адначасова чуеш гісторыю не толькі загадкавага яблыка, але і гісторыі пра ўсе салодкія яблыкі наогул.

Трапляюцца тут і дзівосы. На газеце перад прадаўшчыцай ляжаць кучкі круглых грыбкоў белага колеру памерам з кулачок дзіцяці. Я, чалавек у народнай медыцыне не дасведчаны, напачатку падумала, што жанчына гандлюе шампіньёнамі.

— Гэта вясёлка, лекавыя грыбы, — тлумачыць тая. — Іх можна сырымі выкарыстоўваць, а можна настой рабіць. Трыццаць тысяч за пяць штук.

— І ад чаго дапамагае? — асцярожна разглядваю тавар я.

— Ад усяго! — агаломшвае цётка. І тут жа расказвае, як цудадзейная вясёлка дапамагла ацаліцца знаёмым. У адной жанчыны настой вылечыў гуз над вокам, у другой суняў боль у жываце...

Верыць у народную медыцыну ці не — залежыць ад перакананняў пакупніка. А вось грыбы на суседнім прылаўку не выклікаюць сумненняў. Кучка прыгажуноў падасінавікаў каштуе 2 рублі, 10-літровае вядро дробных лісічак — 5, лісічкі буйныя прадавец прапануе за 3 рублі. Сам сябе мужчына называе чалавекам ад прыроды. Любіць паблукаць па лесе, пасядзець з вудаю на возеры. Продаж ляснога ўраджаю становіцца дадатковым заробкам.

— Здаваць грыбы нарыхтоўшчыкам спрабавалі?

— Неяк вырашыў дапамагчы нявестцы. Ад прадпрыемства кожны год патрабуецца здаць пэўны план лесанарыхтовак: ягад, грыбоў. Вырашыў прынесці чатыры кілаграмы лісічак. А прыёмшчык пачаў прыдзірацца, маўляў, шляпкі павінны быць тры сантыметры, без надломаў. Расчараваўся. На рынку прасцей: калі пакупніку не падабаецца, ён проста не купіць.

На глыбоцкім рынку сустракаюцца прадпрымальнікі з іншых рэгіёнаў Беларусі. Прыязджаюць гандляры з Віцебска, Брэста, Пінска. Поўдзень Беларусі больш цёплы, там гародніна не так адчувае пахаладанні. У паўночных раёнах фермер павінен хаваць пасадкі ад выпадковых замаразкаў пад плёнкай або праводзіць ацяпленне. Як вынік, пінчане едуць сюды ад канкурэнцыі падалей.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Загаловак у газеце: Пачым, бабуля, агурочкі?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.