Вы тут

З сярэдзіны ліпеня арэнда жылля ўжо падаражэла на 5-9%


Звычайна з сярэдзіны ліпеня і да другой дэкады верасня ў Мінску назіраўся павышаны попыт на здымныя кватэры. Аднак у апошнія некалькі гадоў падобная тэндэнцыя ўжо не працавала, бо ў сектары прыватнай арэнды існавала максімальная колькасць варыянтаў свабодных кватэр, якія наш рынак «пераварыць» ужо не мог. У гэты час цэны на здымнае жыллё ў валютным эквіваленце выключна зніжаліся. Пакуль зніжаліся. Летам сёлета стаўкі прыватнай арэнды нават крыху падраслі і з сярэдзіны жніўня цалкам стабілізаваліся. Пра сённяшнюю сітуацыю на сталічным рынку арэнды і прагнозы на найбліжэйшую перспектыву карэспандэнту «Звязды» расказала начальнік аддзела арэнды кампаніі «Твая сталіца. Агенцтва нерухомасці» Маргарыта Пачыцкая.


Попыт дагнаў прапанову

Яшчэ ўвесну было цяжка менавіта гаспадарам пустога жылля, бо прапанова ўдвая перавышала попыт. Цяпер спакойная сітуацыя для патэнцыйных кватарантаў крыху змянілася, бо на арэндны рынак пачалі звяртаць увагу маладыя сем'і і спецыялісты, якія вырашылі «зачапіцца» ў сталіцы, а прыкладна з трэцяй дэкады ліпеня на рынку назіраецца яшчэ і невялікая хваля студэнцкай актыўнасці. Не, паводле слоў нашага эксперта, ніякага ажыятажу не існуе, але ад кліентаў штодзень агенцтва атрымлівае каля 70 заявак на арэнднае жыллё. Пры гэтым лічба прыкладна адпавядае і колькасці ўзнікнення на рынку новых аб'ектаў ці крыху перавышае яе.

Адшукаюць аднапакаёўку і за 150 долараў

Існуюць сёння на рынку часам і ўвогуле бюджэтныя варыянты маленькіх кватэр, якія выстаўлены па 150-160 долараў. Гэта так званыя слабенькія кватэры з мэбляй савецкіх часоў, са старой бытавой тэхнікай або абстаўленыя толькі часткова. Звычайна жыллё такога цэнавога ўзроўню сустракаецца ў Чыжоўцы, мікрараёнах Сухарава і Шабаны. Падобных варыянтаў сёння няшмат, але яны ёсць. Нягледзячы на таннасць гэтых аб'ектаў, попыт на іх невялікі, бо сучасны кліент часцей гатовы дабавіць яшчэ 20-30 долараў, але дакладна жыць у камфортным і больш якасным жыллі.

Сучасны мінскі кватарант з большай цікавасцю разглядае варыянты цалкам укамплектаваных нестарой мэбляй кватэр, дзе сярод бытавых прыбораў абавязкова прысутнічае пральная машына. Сярэдні цэннік арэнды падобных апартаментаў у галоўным мегаполісе краіны складае 180-200 долараў. Сярод амаль аднолькавых па якасці і кошце кватэр прыярытэт аддаецца жыллю ў новабудоўлях з развітай інфраструктурай.

А вось стандартныя кватэры за 250 долараў, нават з дарагім рамонтам, могуць «вісець» у каталогах агенцтваў нерухомасці па месяцы і нават больш.

Плюс 5-9%

Яшчэ сёння на рынку прыватнай арэнды магчыма знайсці бюджэтныя варыянты двухпакаёвых кватэр, мінімальны цэннік на якія пачынаецца з 180 долараў. Зразумела, што добрай мэблі і якаснага рамонту за такія грошы ў падобных кватэрах не будзе. Сярэдні цэннік ліквідных двухпакаёвых кватэр, якія карыстаюцца стабільным попытам у кліентаў, складае цяпер ад 220 да 250 долараў. Існуюць у наяўнасці і нядрэнныя двухпакаёўкі ў новабудоўлях. Падобныя варыянты жылля ўвогуле без мэблі цяпер прапануюцца за 200-220 долараў.

Мінімальная цана арэнды трохпакаёвых кватэр (без мэблі ці часткова з ёй) вагаецца ў межах ад 230 да 250 долараў. Галоўным чынам такое жыллё прапануецца за 250-300 долараў. Варыянтаў шматпакаёвак на рынку нямнога, але і попыт на іх невялікі.

Наш эксперт адзначыла, што цана арэнды на сталічным рынку да сярэдзіны ліпеня была крыху ніжэйшай. А вось потым актыўнасць студэнтаў паралельна з памяншэннем прапановы крыху падкарэктавалі цэнавы трэнд на рынку. Толькі за апошні месяц цэны на здымнае стандартнае жыллё ў прыватным сектары павялічыліся на 5-9%.

Студэнцкі бум — да сярэдзіны верасня

Цяпер у буйнейшым сталічным агенцтве нерухомасці колькасць заказаў ад патэнцыйных кватарантаў практычна адпавядае новым паступленням свабодных кватэр. Актыўная дзейнасць рынку, звязаная з жыллёвымі праблемамі студэнтаў, працягнецца максімум да 15-20 верасня, лічыць спадарыня Пачыцкая.

Цікава, а якое жыллё сёння заказвае ў агенцтва яго масавы кліент? Галоўным чынам ім неабходна аднапакаёвая кватэра з мэбляй і бытавой тэхнікай у добрым стане за стаўку арэнды да 200 долараў у месяц. Па двухпакаёвай кватэры цэннік арэнды павінен быць да 250 долараў.

Сярод новых павеваў у сферы арэнды сталі патрабаванні кватарантаў, каб у іх здымнай кватэры быў абавязкова нехта прапісаны (зарэгістраваны), а таксама, каб з уласнікам кватэры быў заключаны афіцыйны дагавор у ЖЭСе.

Гэтыя патрабаванні цалкам зразумелыя, бо ў кватэры, дзе ніхто не зарэгістраваны, «жыроўка» за ацяпленне зімой можа павялічыцца да шалёных лічбаў. Заключэнне дагавора (дзе агучаны памер аплаты) у час амаль мінімальных цэннікаў на арэнду дадае кватаранту ўпэўненасці, што ўжо заўтра тарыф арэнды гаспадаром кватэры істотна не павялічыцца.

Згаджаюцца на маленькіх дзетак і нават свойскіх жывёл

За апошні час істотна змянілася і само стаўленне ўласнікаў жылля да сваіх патэнцыйных кватарантаў. Калі раней гаспадары свабоднага жылля даволі скрупулёзна выбіралі сабе пастаяльцаў, то цяпер іх палітыка на гэты конт стала больш гнуткай.

Цяпер адсутнічае катэгарычнае табу на сем'і з малымі дзецьмі, кампанію з двух-трох студэнтаў, а таксама на аматараў цягаць з сабою па здымных кватэрах кошак і сабак. Аднак стаўленне да апошніх з разраду катэгарычна адмоўнага трапіла ў ранг выключна дзелавых адносін. Гаспадары зусім не супраць свойскіх жывёл, але пры наяўнасці ў кватэры дарагіх шпалер яны могуць патрабаваць у кватарантаў пакінуць пэўную суму задатку на выпадак псавання маёмасці. Звычайна памер такога задатку складае цану месячнай арэнды жылля або палову ад такой стаўкі. У гэтым выпадку спецыялісты рынку арэнды раяць патэнцыйным кватарантам загадзя агаворваць падобныя нюансы з уласнікамі жылля і, пажадана, фіксаваць такія дэталі ў дагаворы.

Маргарыта Пачыцкая адзначыла, што сёлета ў жніўні самым масавым іх кліентам былі студэнты апошніх курсаў, маладыя сем'і і адзінокія жанчыны і мужчыны. Дарэчы, колькасць адзінокіх кватарантаў у апошні час пачала павялічвацца. Па ўзроставым паказчыку такія асобы маюць за плячыма 30 плюс-мінус 5 гадоў. Гэта тыя людзі, якія не маюць вялікіх матэрыяльных праблем, таму вырашылі пажыць асобна ад бацькоў. А вось маладых спецыялістаў на рынку прыватнай арэнды пакуль не шмат. Магчыма, што гэта катэгорыя патэнцыяльных кліентаў агенцтваў нерухомасці пачне больш актыўна «варушыцца» наконт жылля менавіта ў верасні.

Асобным радком у долі арандатараў прыватнага жылля пачала вылучацца катэгорыя працоўных мігрантаў. Сярод іх цяпер адзначаюцца не толькі асобныя работнікі з іншых рэгіёнаў краіны, але і цэлыя сем'і. Напрыклад, мне стаў вядомы адзін выпадак, калі сям'я, якая мае ўласную кватэру ў Віцебску, адшукала працу ў сталіцы, дзе пачала жыць у здымных апартаментах, а ў сваё жыллё ў абласным цэнтры людзі пусцілі кватарантаў. І гэта не адзіны выпадак пераезду ў Мінск кваліфікаваных работнікаў з падобнай ракіроўкай жылля.

Далейшага падаражання не плануецца

Спецыялісты рынку прыватнай арэнды Мінска адзначаюць, што тэндэнцыя па актыўнай здачы жылля ў наём працягнецца прыкладна да сярэдзіны верасня. Потым студэнцкі бум скончыцца і цэнавы ўзровень арэнды зафіксуецца на сённяшнім базавым узроўні. Ніякага істотнага павелічэння арэндных ставак ці іх памяншэння ў найбліжэйшыя месяцы не прадбачыцца. Гэта пры ўмове, што сярэдняя працоўная катэгорыя жыхароў Мінска будзе і надалей атрымліваць стабільныя сённяшнія заробкі ў пераліку на доларавы эквівалент.

Між іншым, пры рэзкім змяненні курсу замежнай валюты эксперты рынку не выключаюць і памяншэнне ставак прыватнай арэнды ў доларавым эквіваленце.

Рызыка самастойнага пошуку

Вядома, што арганізаваны падбор здымных кватэр праз агенцтвы каштуе кліенту пэўных грошай. Таму часам кватаранты спрабуюць шукаць такое жыллё самастойна і ў электронным фармаце праз інтэрнэт. У сацыяльных сетках узнікаюць цэлыя спецыялізаваныя групы, дзе прысутнічае шмат аб'яў аб здачы жылля.

Так, варыянтаў там бывае сапраўды шмат, але на самой справе адказнасць за сапраўднасць падобнай інфармацыі ніхто не нясе. Больш за тое, у некантраляванай структуры прадпрымальніцкай дзейнасці (а падобныя сайты і выконваюць такую функцыю) трапіць у нейкую махлярскую пастку з арэндай непадрыхтаванаму кватаранту значна прасцей.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Пошук стабільнага «квадрата»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.