Вы тут

«Дзеці лепш за дарослых ведаюць, як выбраць школьную форму»


Сабраць дзіця ў школу — гэта хоць і прыемны, але ўсё ж такі стрэс для бацькоў. А калі сям'я шматдзетная, то апошнія тыдні жніўня нагадваюць спрынтарскі забег: трэба і фінансава паднапружыцца, і намаганняў прыкласці мноства, каб абавязкова дагадзіць кожнаму. Разам з сям'ёй Куноўскіх карэспандэнты «Звязды» адправіліся па пакупкі ў адзін з самых буйных сталічных універмагаў — ГУМ.


 

У Дзмітрыя і Галіны Куноўскіх трое дзяцей: пятнаццацігадовая Ганна (10 клас), адзінаццацігадовы Міхаіл (6 клас) і чатырохгадовая Ксенія.

Дзмітрый працуе старшым майстрам на Мінскім трактарным заводзе, Галіна — настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў вучылішчы алімпійскага рэзерву.

«На шчасце, у нас не будзе перыяду, калі ўсе трое дзяцей будуць вучыцца ў школе. Малодшая дачка пойдзе ў першы клас, калі старэйшая скончыць адзінаццаты. Інакш невядома, як бы мы справіліся, нават з двума дзецьмі падрыхтоўка да школы — гэта істотная нагрузка на наш сямейны бюджэт, — дзеляцца перажываннямі бацькі. — Хоць гэта толькі здаецца, што ў дзіцячы садок амаль нічога купляць не трэба. Вядома, многія рэчы нам аддаюць сваякі і знаёмыя, але, напрыклад, без абутку не абысціся, а на дзіцячую ножку ён часта каштуе не менш, чым на дарослую.

Дзяржава выдзяляе нам матэрыяльную дапамогу да навучальнага года — 30 працэнтаў ад пражытковага мінімуму — гэта каля 53 рублёў на кожнага школьніка. Грошы ў прынцыпе не бываюць лішнімі, але гэтай сумы хопіць толькі на канцылярскія прылады», — расказвае Галіна.

У многіх буйных крамах для шматдзетных сем'яў прадугледжаны зніжкі. У ГУМе, напрыклад, — гэта 10 працэнтаў, але тавары павінны быць толькі беларускай вытворчасці, нават сумесныя кампаніі, напрыклад беларуска-расійскія, не падыходзяць.

Пералік саміх тавараў абмежаваны: на як ніколі актуальныя зараз канцылярскія прылады зніжка не распаўсюджваецца.

Пошук формы — самае складанае ў падрыхтоўцы да школы. Ужо некалькі дзён сям'я Куноўскіх патраціла на гэты занятак, але пакуль поспех можна назваць няпоўным. Ганне купілі штаны і блузку ў недзяржаўных крамах, Міхаілу — спартыўнае трыко на рынку. У ГУМе вялікая сям'я яшчэ не паспела пабываць, таму ўскладае на ўнівермаг вялікія надзеі.

Слова — юнаму модніку

Накіроўваемся ў аддзел дзіцячага адзення. Мама адразу ж прыходзіць у «баявую гатоўнасць» і ўжо на ўваходзе паспявае прыкласці да сына (ці пасуе яму колер?) пінжак. Аднак тут настае чарга нам умяшацца: дзеці і бацькі будуць выбіраць убранне асобна адзін ад аднаго. Гэта некалькі бянтэжыць бацькоў, але вельмі радуе дзяцей.

Галоўнай дзеючай асобай становіцца Міша. «Рост — 158 сантыметраў», — паспявае крыкнуць яму наўздагон мама. «Я сам ведаю», — ужо з другога канца залы дзелавіта адказвае ёй сын.

Хлопчык накіроўваецца да стойкі з касцюмамі. «Ён нам за лета ўсе вушы прагудзеў, што хоча сіні пінжак з латкамі на локцях і макасіны да яго», — расказвае Ганна. На пытанне аб тым, чаму менавіта такі выбар, Міхась адказвае, што ў школе ўсе хлопцы так ходзяць і наогул гэта модна і прыгожа. Мабыць і так, але нічога падобнага адшукаць на вешалцы не ўдаецца, таму хлопец спыняецца на цёмна-сінім касцюме (штаны — 21,5 рубля, пінжак — 47 руб.).

Далей — кашуля. На стойцы вісяць распакаваныя кашулі ўсяго па некалькі на кожны памер, астатнія — мераць нельга. Узяць даводзіцца самае нейтральнае з таго, што ёсць, — бледна-ружовую кашулю (14,3 руб.). Побач з гальштукамі Міхась затрымліваецца: гэты прадмет гардэроба здаецца яму вельмі цікавым — дадае ўзросту і самавітасці. Выбірае ён валошкавы гальштук (9 руб.), які не трэба завязваць, збянтэжана прызнаўшыся, што гэтым навыкам пакуль не авалодаў. Выбар колеру хлопец тлумачыць тым, што сіні — ён і ёсць сіні, незалежна ад адценняў, а значыць, такі гальштук будзе добра спалучацца з касцюмам.

На цэны Міхаіл увагі не звяртае, адзінае, на што ён паглядзеў, — гэта этыкетка на штанах. І тое, толькі таму, што памятаў іх высокі кошт у папярэдняй краме — тут жа яны, да яго радасці, практычна ў два разы таннейшыя.

Асаблівую ўвагу Міхась надае выбару абутку. Сярод мноства туфляў адразу знаходзіць жаданыя макасіны.

Яны нават па колеры такія, якія павінны быць, — сінія! Падвёў толькі памер — на два меншы, чым трэба. А вось у яго 39-м, нягледзячы на старанні прадаўцоў адшукаць, нічога падобнага на макасіны няма. Простыя мадэлі класічных скураных туфляў аказваюцца нязручнымі, таму выбар ён робіць на карысць замшавых 40-га памеру (72,7 руб.). Яны трохі шлёпаюць, але Мішу гэта не бянтэжыць — нага ж расце.

Напрыканцы — школьны партфель. Хлопчык абводзіць асартымент крытычным поглядам: занадта шмат лішніх дэталяў — яны выглядаюць дзіцячымі. Для сябе ён выбірае чыста чорны палатняны заплечнік з псеўдаскуранымі ўстаўкамі (62,2 руб.). На гэтым — вобраз гатовы, прыйшоў час паказацца бацькам.

Касцюм бацькі ўхваляюць. Тата адразу з усмешкай адзначае: «Ён чарнільнага колеру, як у мяне. Думаю, гэта не проста так». Мама незадаволеная гальштукам: ён вельмі дрэннай якасці, маланка адразу ж вырвецца, ды і выглядае танна. Разглядаюць далей. Тата пачынае смяяцца з туфляў: «Яны ж велізарныя і вельмі дарослыя. Ты выглядаеш, як цыганскі барон». А вось маме не да жартаў — яна ўсур'ёз расчараваная выбарам заплечніка: «Ён абавязкова павінен быць са спецыяльнай артапедычнай спінкай, з некалькімі аддзяленнямі. Гэты — не для школы, максімум — прагуляцца па вуліцы».

Выснова. На думку бацькоў з усяго вобраза купіць можна толькі касцюм, а Міхась у такім выглядзе гатовы ісці на ўрачыстую лінейку.

 

За справу бяруцца бацькі

Настае чарга бацькоў рабіць свой выбар. Падыходзячы касцюм яны не знаходзяць: «Нам вельмі падабаецца марка Respect, яны робяць дастаткова дарагія касцюмы, затое тыя носяцца мінімум два гады». «Касцюмы дарагія, таму што мадэльны рад мяняецца кожны год, — уступае ў размову прадаўшчыца. — Ды і самі яны адпавядаюць перавагам падлеткаў — прыталеныя пінжакі і завужаныя штаны. Кошт — ад 100 рублёў. У сярэднім жа касцюм іншых марак (самыя распаўсюджаныя — «Славянка», «Камінтэрн») можна купіць за 70-80 рублёў, нядаўна мы прадалі камплект, пінжак і штаны, за 40 — ён вісеў некалькі сезонаў. Дарэчы, школьная форма ў нас прадстаўлена толькі беларускіх вытворцаў».

 

Бацькі спыняюць свой выбар на штанах (34,3 руб.), да якіх падбіраюць чорную кашулю (16,7 руб.) і чырвоную «бабачку» (3,6 руб.). Дарослыя, вядома, не абмінаюць пытанне цаны, але галоўнае, на што яны звяртаюць увагу, — якасць матэрыялу. «Чорную кашулю ён даўно хацеў. А «бабачкі» цяпер на піку папулярнасці, да таго ж, чырвоны колер павінен прыгожа спалучацца з яго яркімі валасамі. Міша ў нас любіць прыбірацца, але галоўнае яго захапленне — мадэльныя прычоскі, пад машынку падстрыгчыся — гэта зусім не пра яго», — усміхаецца Галіна.

Перабіраемся ў аддзел абутку. Мама больш кансерватыўная ў сваім выбары — класічныя чорныя туфлі без упрыгожванняў (74,8 руб.). «Абутак — гэта тое, на чым я ніколі б не стала эканоміць. І справа зусім не ў прыгажосці, а менавіта ў зручнасці. Ён абавязкова павінен быць з натуральных матэрыялаў, у ідэале — з артапедычнай падэшвай. Дзіцяці ж прыходзіцца хадзіць у ім увесь дзень, а няправільны абутак можа пацягнуць за сабой непапраўныя змены ў паставе. Такая ж пазіцыя ў мяне і ў дачыненні да заплечніка».

 

Дарэчы, пра яго: асартыментам, прадстаўленым ва ўнівермагу, жанчына незадаволеная. «На самай справе, я б тут нічога не купіла. Але цяпер давайце спынімся на гэтым заплечніку са спінкай, якая добра падтрымлівае, хоць ён і занадта дарагі (130 руб.). На мой погляд, нармальная цана за школьны партфель — не больш за 60 рублёў.

Паказваем выбар бацькоў Міхасю. Ён абураны даўжынёй кашулі (амаль па калена, хоць рост — 158), не надта яму спадабаліся і туфлі. «Мама, навошта на заплечніку сінія ўстаўкі? Ён жа сюды не падыходзіць!» — крытыкуе хлопец. Але потым прызнае, што так з'явіцца ў школу не пасаромеўся б.

Выснова. З двух варыянтаў Міхась усё ж такі аддае перавагу свайму выбару, бацькі згаджаюцца з тым, што касцюм нядрэнны і яго можна браць. А вось Ганна, наадварот, цалкам ухваляе выбар бацькоў.

 

Вялікім кірмашам і сайтам — не, універмагам і сэканд-хэндам — так?

Цяпер уся ўвага пераходзіць на Ганну. У дзіцячым аддзеле на дзяўчынку ростам 172 см ужо даўно амаль нічога няма. Вось і цяпер некалькі прапанаваных рэчаў падыдуць хутчэй сакратару, чым школьніцы. Накіроўваемся ў дарослы аддзел. Дзіўна, але мама і дачка адразу звяртаюць увагу на адну і тую ж сукенку: крыху вышэй калена, чорная ў белыя гарошкі з адкладным каўнерыкам. «Мы абавязкова прыйдзем сюды ў дзень зніжак, — па-змоўніцку падміргвае мне Галіна. — Сапраўды, гэта самы складаны перыяд для выбару адзення — дзяўчынка пасля 7 класа. Хлопца апрануць усё ж значна прасцей. А прыемней за ўсё падбіраць адзенне малодшакласнікам, асабліва дзяўчынкам. Для іх робяць вельмі прыгожыя рэчы і выбар сапраўды велізарны. Я ўжо прадчуваю, як мы будзем збіраць у першы клас Ксенію.

Вялікія школьныя кірмашы Галіна не любіць: там занадта шмат народу, таўкучка і немагчыма засяродзіцца. Абсалютна спакойна ставіцца да сэканд-хэнду: якасныя ношаныя рэчы значна прыемней браць у рукі, чым новыя, выкананыя з сінтэтычных матэрыялаў.

Сайтам у інтэрнэце наша гераіня не давярае: ёй трэба ўсё ўважліва разгледзець і памацаць.

«Думаю, дызайнерам нашых прадпрыемстваў варта праводзіць апытанні сярод школьнікаў, каб высветліць, якой яны бачаць сваю школьную форму. Нават наш эксперымент паказаў, што дзеці часам лепш за дарослых ведаюць, што ім сапраўды падыходзіць», — разважае Галіна.

На пытанне аб тым, як бы яны хадзілі ў школу, калі б не былі абмежаваныя ў выбары, дзеці адказваюць па-рознаму. Ганна аддае перавагу школьнай форме, таму што, на яе думку, гэта сапраўды прыгожа. А вось Міша хацеў бы хадзіць у джынсах і кашулях: яму здаецца, што гэта стыльна. «Але дзяўчынкі павінны хадзіць у школу ў сукенках і спадніцах. Джынсы не для іх, яны толькі псуюць вобраз», — сур'ёзна падводзіць вынік хлопчык.

З універмага мы сышлі без пакупак, але з абяцаннем вярнуцца: у наступныя дні сям'і Куноўскіх належыць здзейсніць яшчэ адзін (а можа і не адзін?) «забег» па крамах у пошуках ідэальнай формы, якая нарэшце спадабаецца ўсім: і дзецям, і бацькам.


Да ведама

У новым сезоне «Беллегпрам» прадаставіў магчымасць школьнікам і іх бацькам выбіраць адзенне з больш чым 500 мадэляў у дзелавым стылі і 300 мадэляў вырабаў з трыкатажу. Пры гэтым шмат не толькі мадэляў, але і саміх элементаў адзення: дзяўчынкі змогуць сабраць школьны гардэроб па душы з касцюмаў, камплектаў, сарафанаў, сукенак, спадніц, штаноў, жакетаў, камізэлек і розных відаў блуз. Хлопчыкам на выбар прапанаваны касцюмы, пінжакамі, камплекты, камізэлькі, штаны, якія можна дапоўніць адпаведнымі ім сарочкамі, джэмперамі і гальштукамі. Адметна, што ўсе калекцыі створаны практычна з нуля: абнаўленне ў дачыненні да мінулага года склала 90 працэнтаў.

Прадпрыемствы канцэрна — асноўныя пастаўшчыкі не толькі адзення, а і абутку для школьнікаў. Абнаўляльнасць у гэтай галіне меншая — 50 працэнтаў штогод, да будучага навучальнага прадстаўлена 300 мадэляў абутку.

Акрамя таго канцэрн удзельнічае ў праграме «Школа будучыні», згодна з якой некаторыя навучальныя ўстановы заказваюць у прадпрыемстваў легпрама вопратку і абутак у аднолькавым для ўсіх выкананні. Па словах прэс-сакратара канцэрна Наталлі КРАЎЦОВАЙ, паступова ў Беларусі мы павінны прыйсці да школьнай формы, якая будзе несці сэнсавую нагрузку: адрозніваць не толькі асобныя школы, але і вылучаць вучняў малодшых, сярэдніх і старшых класаў.

Цалкам сабраць у школу вучня малодшых класаў будзе каштаваць ад 150 да 690 рублёў, старшакласніка трохі даражэй — ад 200 да 850 рублёў. Цана залежыць ад класа: бізнес або эканом. Для дзяўчат адзін камплект бізнес-класа каштуе 50-80 рублёў, эканом — да 45 рублёў; для хлопцаў касцюм бізнес-класа абыдзецца ў 90-135 рублёў, эканом — 50-80. Для школьнікаў, якія адпавядаюць дарослым параметрам, вопратку таксама трэба шукаць у дарослым аддзеле. Перад пачаткам навучальнага года там падрыхтаваны стойкі з адзеннем у дзелавым стылі.

Выбар Міхася Выбар бацькоў

Як адзначыла Наталля Краўцова, сапраўднай «бомбай» у гэтым сезоне стала калекцыя для дзяўчынак у рэтра-стылі ад прадпрыемства «Славянка». Цёмна-сінія і карычневыя сукенкі спадабаліся школьніцам усіх узростаў.

Масавы продаж тавараў для школьнікаў па ўсёй краіне будзе працягвацца да 10 верасня.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Шасцікласнікі выбіраюць макасіны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?