Вы тут

Падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства выйшла на фінішную прамую


Рагачоў сёння не пазнаць. Ён падобны на вялізны мурашнік. Здаецца, што літаральна ўсе жыхары выйшлі на вуліцы, каб аднавіць райцэнтр да Дня беларускага пісьменства.


Майстар-страхар Аляксандр Латушка — жыхар сталіцы, працуе на ўзвядзенні даху царкоўнапрыходскай школы праваслаўнага храма Аляксандра Неўскага ў Рагачове.

Тут ужо шмат зроблена: абноўлены важныя сацыяльныя і культурныя аб'екты. Горад змяняецца на вачах, гавораць нават тыя, хто тыдзень не быў у Рагачове. Штодзень вядуцца будаўніча-мантажныя работы на аўтамагістралях, ідзе рамонт дарожнага пакрыцця вуліц. Ужо добраўпарадкаваны вадаём на скрыжаванні вуліц Кірава і Бабруйскай, тэрыторыя парку, праведзены капітальны рамонт фасадаў многіх дамоў, будынкі пошты, рэдакцыі раённай газеты... Гатоўнасць горада да свята ацэньваецца на 90%.

Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Рагачоўскага райвыканкама Вольга Дарашэнка гаворыць, што асноўныя работы пачаліся каля паўгода таму, але падрыхтоўчыя — з канца мінулага года:

— Ужо зроблена набярэжная з выхадам на раку Днепр. Ідуць актыўныя работы па рэканструкцыі асноўных транспартных артэрый, па добраўпарадкаванні парку, заканчваецца рэканструкцыя цэнтральнага стадыёна і вядзецца добраўпарадкаванне цэнтральных вуліц нашага горада. Абнаўляюцца фасады будынкаў і дваровыя тэрыторыі. Паркавая зона стане месцам сустрэчы гасцей на Дні беларускага пісьменства.

Камунальнікі таксама актыўна ўключаны ў працэс пераўтварэння горада. Дырэктар мясцовай камунальнай гаспадаркі Яўген Савельеў адзначае, што да 3-4 верасня горад будзе добраўпарадкаваны капітальна:

— Нам выдзелена каля 40 млрд рублёў на правядзенне работ. Мы спадзяёмся, што госці прыемна здзівяцца і парадуюцца за нас і разам з намі. Мы выканалі работы па бягучым рамонце жыллёвага фонду. Па ўязных дарогах адбываецца замена агароджаў — ставіцца сучасны металапрофіль. Фарбуюцца фасады будынкаў, аднаўляюцца ці фарбуюцца дахі, вядзецца добраўпарадкаванне горада: азеляненне, пасадка дрэў... Жыхары Рагачова адчуюць паляпшэнне якасці вады — будзе пушчаны другі комплекс станцыі абезжалезвання. Практычна ва ўсім горадзе адноўлены водаправод: заменена
12 км водаправодных сетак.

Работа кіпіць на ўсіх вуліцах горада.

У тэставым рэжыме ў Рагачове пачаў работу Дом кнігі. Яго ўрачыстае адкрыццё запланавана на Дзень беларускага пісьменства, але ж жыхары горада ўжо ведаюць пра падарунак, які быў ініцыяваны Міністэрствам інфармацыі. Гісторыя будынка, у якім цяпер знаходзіцца новая ўстанова, пачынаецца з 1909 года. Спачатку яго пабудавалі для земскай управы, якая існавала да 1924 года. Потым тут быў палац Працы. Пасля — кінатэатр, райвыканкам, гарвыканкам і нават аддзел ЗАГС. З 1980 года ў будынку размяшчалася на першым паверсе бібліятэка для дарослых, а на другім — Дом піянераў.
І вось цяпер, пасля капітальнага рамонту, абодва паверхі аддадзены кнізе. У адным месцы нарэшце аб'ядналіся бібліятэкі дарослая і дзіцячая, а частку памяшканняў на першым паверсе заняла прыгожая прасторная кнігарня. Да гэтага кнігі рагачоўцы або заказвалі прыватнікам, або прывозілі з іншых гарадоў. Загадчык крамы Вольга Сурначова гаворыць, што людзі ўжо ацанілі наяўнасць новай установы:

— Людзі прыходзяць і кажуць: «Ну, нарэшце». А настаўнікі горада і раёна проста шчаслівыя — у адным месцы можна набыць усе дапаможныя матэрыялы. Тут ёсць усё тое, па што яны раней ездзілі ў Жлобін, Гомель або Мінск.

Дзверы ў дзверы з крамай — чытальная зала бібліятэкі, якая носіць імя Уладзіміра Караткевіча. Яе фонд складае 96 тысяч экзэмпляраў, але ж тут спадзяюцца, што падчас свята фонд значна папоўніцца. Бо гасцям, якія з'едуцца на ўрачыстую цырымонію адкрыцця з усёй Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа, прапанавалі прывезці з сабой і падарыць любімую кнігу. Дырэктар рагачоўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццяна Голубева заўважае, што апошнім часам вяртаецца цікавасць да друкаванай кнігі.

— Да нас прыязджаюць многія пісьменнікі. Тут у адным месцы ўсё разам — аддзел абслугоўвання і інфармацыі — для дарослых чытачоў і дзіцячы аддзел.

На гэтым гадзінніку пакуль няма стрэлак. Але якія лічбы!

Цікавая прыдумка, увасобленая ў чытальнай зале — велізарны насценны гадзіннік. Механізма пакуль няма, але яго хутка прывязуць і ўсталююць. А вось лічбы на цыферблаце — вокладкі кніг з назвамі-лічэбнікамі: «Адзін дзень Івана Дзянісавіча», «Два капітаны», «Тры таварышы», «Чацвёртая вышыня», «Пяць тыдняў на паветраным шары», «Шэсць апавяданняў, напісаных ад першай асобы», «Сем дзён тварэння», «Васьмёрка», «Дзевяць прынцаў Амбера», «Дзесяць негрыцянят», «Адзінаццаць хвілін» і «Дванаццаць крэслаў».

Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Рагачове 4 верасня, аднак інтэрактыўныя пляцоўкі пачнуць працаваць ужо трэцяга, нагадвае шырокую праграму мерапрыемстваў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Міхаіл Зайцаў:

— У райцэнтры будзе працаваць 16 сцэнічных пляцовак, галоўная з якіх змесціцца на цэнтральнай плошчы. Сярод найбольш яркіх момантаў свята — адкрыццё выставы «Па-сучаснаму народны», прысвечанай жыццю і творчасці Андрэя Макаёнка, «Славянскія літаратурныя Дажынкі-2016», тэлемост з пабрацімамі Рагачова — Кацельнікамі (Расія) і Наваградам-Валынскім (Украіна), спектакль «Пясняр» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Усяго запланавана больш за 70 мерапрыемстваў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Прыемныя клопаты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».