Вы тут

Думкі назіральнікаў пра выбары-2016


«Былі створаны роўныя прававыя ўмовы»

Вольга КРЭМСКАЯ, доўгатэрміновы назіральнік місіі Садружнасці Незалежных Дзяржаў:

— Працую як назіральнік ужо некалькі тыдняў — з 27 ліпеня. За гэты час наведала некалькі выбарчых акруг Мінска, некаторыя Гомельскай вобласці і ўсе гарадскія ў Гомелі. Азнаёмілася з тым, як працуюць участковыя выбарчыя камісіі: як рыхтуюцца памяшканні, аргтэхніка, месцы для галасавання, дзе будуць стаяць сталы для камісіі, дзе — інфармацыйныя матэрыялы. Усё гэта важна і можа паўплываць на выбарчы працэс.

Але асноўная мая праца заключалася ў тым, каб прысутнічаць на пасяджэнні акруговай камісіі падчас рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. У сувязі з тым, што сёлета актыўна ўдзельнічаюць члены палітычных партый Беларусі, шмат кандыдатаў вылучалася менавіта такім чынам. Але была і вялікая колькасць тых, якія выбіраліся класічным шляхам — зборам подпісаў, вылучэннем ад працоўнага калектыву.

Па кожным кандыдаце было адразу відаць, хто прайшоў працаёмкі шлях, напрыклад праз збор подпісаў. Усё ж такі гэта немалая праца — сабраць больш за тысячу подпісаў ці атрымаць падтрымку працоўных калектываў. Нават тых, у якіх не працуеш. Як прыклад — дырэктар гімназіі, якую падтрымала яе навучальная ўстанова, пасля — найбліжэйшая школа, гарадская паліклініка, а таксама калектыў завода. І ў выніку яна сабрала больш за пяць тысяч подпісаў. Адразу было відаць, што чалавек падышоў да справы грунтоўна.

На жаль, давялося бачыць і такіх кандыдатаў, якія не тое каб фармальна, але безадказна паставіліся да вылучэння. Большасць дапушчаных памылак тычылася недакладнага запаўнення дэкларацыі аб даходах, сабраных подпісаў. Напрыклад, некаторыя «забываліся» на атрыманыя ў гэтым годзе некалькі мільёнаў беларускіх рублёў па дагаворы падраду. Быў у Гомельскай вобласці кандыдат, які не плаціць аліменты на ўтрыманне дачкі і ўвогуле аб'яўлены ў вышук. Наўпрост гэта не ўплывае на рэгістрацыю, але паказвае маральнае аблічча чалавека. Ён таксама не ўказаў у дэкларацыі выйгрыш у казіно. Гэта інфармацыя зачытвалася членам акруговай камісіі і была імі прынята да ведама падчас галасавання.

Увогуле па рэгістрацыі і вылучэнні кандыдатаў, якія вылучаліся ад партый, працоўных калектываў, шляхам збору подпісаў, было відаць, што для ўсіх былі створаны роўныя прававыя ўмовы. Да рэгістрацыі прымяняліся аднолькавыя патрабаванні. Пасяджэнні камісій адбываліся арганізавана і вельмі карэктна ў дачыненні да кандыдатаў. Больш за тое, пасля рэгістрацыі кожнаму кандыдату члены камісіі падрабязна і даступна тлумачылі, якімі могуць быць іх далейшыя крокі. Тым, хто рэгістрацыю прайшоў, казалі, што варта ствараць свой матэрыяльны фонд, выступаць у прэсе, на тэлебачанні і радыё. Тым, каму было адмоўлена, вельмі карэктна тлумачылася права на абскарджанне рашэння камісіі. Усе пасяджэнні адбываліся ў прысутнасці кандыдатаў, міжнародных назіральнікаў і прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

У камісіях працуюць людзі, якія, як правіла, маюць вопыт працы падчас некалькіх мінулых выбарчых кампаній. У іх высокая прававая культура, члены камісій дасканала ведаюць Выбарчы кодэкс. Тым больш што Цэнтральная выбарчая камісія выпусціла друкаваныя дапаможнікі для тэрытарыяльных і акруговых камісій, да якіх можна звярнуцца ў спрэчных момантах.

Зараз жа мы будзем пільна сачыць за тым, як будзе праходзіць перадвыбарная агітацыя, асвятленне выбарчай кампаніі ў СМІ. Штаб місіі назіральнікаў ад СНД ужо сустрэўся з кіраўніцтвам штаба Камуністычнай партыі, РГА «Белая Русь» і ў найбліжэйшы час плануе правесці сустрэчу са штабамі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, Ліберальна-дэмакратычнай партыі... Падчас праведзеных ужо сустрэч стала зразумела, што такі дыялог неабходны, бо гэта прамая магчымасць выслухаць заўвагі і прапановы непасрэдных удзельнікаў выбарчага працэсу.


«Прынялі вельмі сардэчна»

На пачатку месяца ў нашу краіну прыбыла місія па назіранні за выбарамі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ). Яе ўзначаліла італьянка — журналіст (цяпер блогер) і палітык Тана дэ Зулуэта, якая ў Беларусі ўпершыню, але за апошнія тыдні ўжо паспела больш даведацца пра наш выбарчы працэс.

— Вы не так даўно прыбылі ў Беларусь. Што ўжо паспелі пабачыць і зрабіць?

— Мы распачалі нашу місію на пачатку жніўня — 2-га чысла, правялі прэс-канферэнцыю. На той момант у нас было 10 экспертаў з 10 краін. Зараз наша каманда папоўнілася яшчэ 38 доўгатэрміновымі назіральнікамі, якія адправіліся для далейшай працы ва ўсе рэгіёны Беларусі. Мы не былі тут, калі адбывалася фарміраванне выбарчых камісій, але паспелі прыехаць, калі пачалася рэгістрацыя кандыдатаў, і таксама цяпер працуем са скаргамі. Нашы доўгатэрміновыя назіральнікі працуюць другі тыдзень, і мы ўжо атрымалі першыя даклады ад іх.

— Цікава даведацца, якія яны?

— Даклады паказалі нам, што лічба зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты большая, чым яна была ў 2012 годзе. Дадам, што акрамя гэтага мы сустракаемся з прадстаўнікамі арганізацый і партый. Тое ж самае робяць і доўгатэрміновыя назіральнікі.

— Падчас сваёй працы на што больш за ўсё звяртаеце ўвагу?

— Мандат нашай місіі падразумявае тое, што мы ацэньваем усю выбарчую кампанію, не толькі дзень выбараў. І глядзім на яе з двух пунктаў гледжання: ці адпавядае выбарчы працэс нацыянальнаму заканадаўству і міжнародным стандартам. На што паспелі звярнуць увагу? На той факт, што Цэнтральная выбарчая камісія ўвяла ў жыццё некалькі рэзалюцый адпаведна з некаторымі рэкамендацыямі, якія былі дадзены пасля прэзідэнцкіх выбараў у мінулым годзе.

— Наколькі вам зручна працаваць з уладамі?

— І выбарчая адміністрацыя, і мясцовыя органы ўлады даступныя да кантакту. Нашы назіральнікі змаглі наведаць некаторыя адкрытыя сустрэчы як выбарчых органаў, так і мясцовых органаў улады. Акрамя таго, мы наведалі пасяджэнне суда, звязанае з выбарчым працэсам. Праўда, пакуль не ўся інфармацыя, датычная скаргаў, размешчана на сайце ЦВК.

— Ці давялося вам ужо сустракацца са штабамі іншых міжнародных назіральнікаў?

— Такія сустрэчы ўжо адбываліся. Напрыклад, з дэлегацыяй па назіранні за выбарамі місіі ад СНД. Мы сустрэліся ў нашым офісе з намеснікам яе кіраўніка. Абмяняліся інфармацыяй, што мы робім і што яны. Плануем сустрэчу з імі ў дзень выбараў у другой палове дня. Мы таксама сустрэліся з місіяй, якую накіравала Парламенцкая асамблея Савета Еўропы. Для іх быў арганізаваны брыфінг, дзе мы расказалі, якім чынам працуем, і далі максімальна падрабязную інфармацыю аб выбарах у Беларусі. Гэта ўжо 9-ты раз, калі місія БДІПЧ АБСЕ назірае за выбарамі ў краіне, і, безумоўна, нам ёсць пра што расказаць. Мы сустракаліся і з дэлегацыяй Парламенцкай асамблеі АБСЕ і яе спецыяльным каардынатарам Кентам Харстрэдам. У дзень выбараў мы будзем разам назіраць за выбарамі, і наш канчатковы даклад будзе распрацаваны разам з дэлегацыямі Парламенцкіх асамблей Савета Еўропы і АБСЕ.

— Вам за апошнія гады давялося назіраць за выбарамі ў розных краінах. Чым адметны выбарчы працэс у Беларусі?

— Такое параўнанне не ўваходзіць у нашу метадалогію. Кожныя выбары для нас — гэта свежая, новая справа, якая ацэньваецца ў адпаведнасці з нормамі, пра якія ўжо казалася. Трэба падкрэсліць, што для ўсіх краін выкарыстоўваецца адна і тая ж метадалогія. Вельмі хутка мы распачынаем місію і ў Злучаных Штатах Амерыкі, і ў Расіі. І там, і там метадалогія будзе аднолькавая, і гэта самае важнае ў нашай працы — агульныя стандарты для ўсіх краін.

Заўсёды вельмі карысна ўзбагаціць свой досвед назірання за выбарамі. Мне давялося быць назіральнікам у Францыі і Чэхіі, таксама ў Турцыі, Азербайджане, Украіне, нават у краінах Афрыкі і Азіі. Адзіны кантынент, дзе яшчэ не паспела папрацаваць, — гэта Амерыка. Але не: я была кароткатэрміновым назіральнікам у Гватэмале. Таму і гэты кантынент залічым (смяецца).

— Напрыканцы, калі ласка, падзяліцеся, як вам Беларусь?

— Знаходзімся мы тут досыць нядаўна, але можна сказаць, што я была прынята вельмі сардэчна. І ў такім рэчышчы праходзяць усе мае дні. Зразумела, што я вельмі чакаю магчымасці падарожнічаць і пабачыць іншыя рэгіёны, каб больш даведацца пра вашу краіну.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.