26 верасня, субота

Вы тут

Як паводзіць сябе ў экстрэмальнай сітуацыі, навучаць у школе


Дзяржаўтаінспекцыя заклікае бацькоў напярэдадні новага навучальнага года правесці сваіх дзяцей па бяспечным маршруце ў школу і праверыць наяўнасць у іх на сумках і вопратцы флікераў.


— Дзеці, якія зараз вяртаюцца з адпачынку ў горад, вельмі расслабленыя, ім праблематычна сканцэнтраваць увагу і кантраляваць сітуацыю,— папярэджвае старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Станіслаў САЛАВЕЙ. — Таму трэба сваім дзецям дапамагчы — прайсці разам з імі да школы і паказаць усе небяспечныя ўчасткі з інтэнсіўным аўтатранспартным рухам.

Паводле звестак Дзяржаўтаінспекцыі, з пачатку года на дарогах краіны ў выніку ДТЗ загінула 9 дзяцей і 211 атрымала траўмы. За апошнія 10 гадоў лічба загінулых і траўмаваных у ДТЗ дзяцей знізілася прыкладна ў 4—5 разоў.

Увага! Школьнікі — на экскурсіі...

— Кантроль за наяўнасцю флікераў, увядзенне адказнасці за адсутнасць аўтакрэслаў для перавозкі дзяцей, новыя патрабаванні да школьных аўтобусаў, вяртанне ў школу «Асноў бяспекі жыццядзейнасці» — мяркуем, усе гэтыя захады разам і прынеслі свой плён, — падкрэслівае Станіслаў Салавей. — Дарэчы, дзеці трапляюць сёння ў дарожна-транспартныя здарэнні часцей па віне дарослых, а не па ўласнай віне. Значыць, тыя веды, што яны атрымліваюць у школе, калі вывучаюць правілы дарожнага руху, для іх не бескарысныя...

Восенню мінулага года ДАІ Мінска рэкамендавала сталічным школам закупіць святлоадбівальныя камізэлькі для дзяцей. Меркавалася, што насіць іх навучэнцы малодшых класаў будуць падчас арганізаваных выхадаў за межы школы. Цяпер такая рэкамендацыя дадзена ўсім беларускім школам...

— Дзеці выходзяць на экскурсіі не толькі ў светлы час сутак, але і раніцай, калі на вуліцы яшчэ цёмна. Камізэлькі пашытыя з тканіны ярка-зялёнага колеру: яны прыцягваюць увагу ўдзельнікаў дарожнага руху і днём, а таксама дысцыплінуюць дзяцей. Нездарма ў многіх краінах свету школьнікі даўно носяць святлоадбівальныя камізэлькі. Магчыма, гэта мера станоўча адаб'ецца на бяспецы дарожнага руху і ў нас, — выказаў надзею Станіслаў Салавей.

Праўда, раней было незразумела, з якіх сродкаў школы будуць закупляць падобныя камізэлькі. Дырэктары стаялі перад выбарам: купіць 10—20 камізэлек ці нейкае абсталяванне ў клас. Меркавалася, што дапамогу ў гэтым акажуць бацькі школьнікаў. Але сёлета ў рамках тэхнічнай дапамогі ад прадстаўніцтва дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) для ўстаноў адукацыі было закуплена 5250 святлоадбівальных камізэлек для малодшых школьнікаў. Яны ўжо размеркаваны па рэгіёнах у залежнасці ад патрэбаў кожнай установы адукацыі. Цяпер задача кіраўнікоў школ — прывучыць дзяцей апранаць гэтыя камізэлькі і прывіць ім культуру паводзінаў на дарозе.

Новыя рызыкі і пагрозы

Між іншым, з новага навучальнага года ў другіх і пятых класах у раскладзе вучэбных заняткаў зноў з'явіцца прадмет «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» (АБЖ). На яго адводзіцца адна гадзіна ў тыдзень. Адзнакі па ім выстаўляцца не будуць. А ў 3-х, 4-х, 6-9-х класах абавязковае вывучэнне АБЖ працягнецца на факультатыўных занятках. Пераход ад факультатыву да навучальнага прадмета будзе адбывацца паступова — цягам трох гадоў. Такім чынам, змена статусу АБЖ не павялічыць нагрузку на вучняў.

Як расказала кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ала КАЗЮЧЫЦ, у склад міжведамаснай групы па распрацоўцы новай навучальнай праграмы ўвайшлі спецыялісты міністэрстваў па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў, аховы здароўя, Дзяржаўтаінспекцыі і нават Камітэта дзяржаўнай бяспекі, таму што ў сучасным свеце з'явіліся новыя рызыкі, да якіх таксама трэба рыхтаваць дзяцей і падлеткаў.

У курс «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» ўвойдуць такія тэмы, як знаходжанне ў месцах адпачынку і масавага збору людзей, рызыкі паводзін, бяспека харчавання, бяспека дома, на вуліцы і пры пажарах. Дзяцей будуць вучыць навыкам абароны і самаабароны, дапамогі і ўзаемадапамогі ў сітуацыях, небяспечных для іх фізічнага, псіхічнага здароўя і жыцця. Для малодшых школьнікаў прадугледжана большая колькасць гадзін на вывучэнне правілаў дарожнага руху. У прыватнасці, уключаны пытанні бяспечнага маршруту з дома ў школу і назад, правілы паводзінаў на прыпыначных пунктах і ў транспарце.

— У Францыі, напрыклад, з улікам апошніх падзей вырашылі вучыць школьнікаў паводзінам у выпадку масавых беспарадкаў, тэрарыстычных атак і ўзяцця заложнікаў, — расказала Ала Казючыц. — Гэта на сёння вельмі актуальныя веды. Увогуле, я лічу АБЖ не вучэбным прадметам, а ўрокам, дзе даюць жыццёва неабходныя веды і навыкі, магчыма, нават больш карысныя, чым веды па той жа матэматыцы, бо яны могуць выратаваць камусьці жыццё і захаваць здароўе. Хоць сярод настаўнікаў ёсць і іншыя меркаванні — маўляў, лепш бы гэту гадзіну аддалі пад мой прадмет...

Задача педагога — выпрацаваць у дзяцей правільны алгарытм дзеянняў, як трэба паводзіць сябе ў экстрэмальнай сітуацыі: не разгубіцца і тэрмінова набраць нумар хуткай дапамогі ці выратавальнікаў, дакладна назваць прычыну выкліку і гэтак далей. І нават калі двое з 20 дзяцей успомняць, як трэба дзейнічаць, гэта ўжо неблагі вынік.

«Вывучэнне АБЖ не павінна насіць павучальны характар і тым больш — пераўтварацца ў фармальнасць, — упэўнена прадстаўнік Міністэрства адукацыі. — Дзецям трэба падаваць жыццёвыя ўрокі ў цікавай, нават гульнявой форме, з выкарыстаннем электронных і мультымедыйных сродкаў навучання. Дыскі з электроннымі сродкамі пастаўляліся ў школы МНС, МУС і Таварыствам выратавання на вадзе на бязвыплатнай аснове. Матэрыял для ўрокаў АБЖ таксама можна знайсці і бясплатна спампаваць на Нацыянальным адукацыйным партале.

Між іншым, пачынаючы са студзеня гэтага года на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі былі праведзены некалькі навучальных семінараў для настаўнікаў, якія будуць выкладаць школьнікам АБЖ, паколькі ад іх будзе залежаць вельмі многае.

Экстрэмальныя захапленні

Апошнім часам на трэцяе месца сярод прычын дзіцячай смяротнасці ад траўмаў выйшла гібель ад падзення з вышыні: за паўгода загінула ўжо 8 дзяцей. Пра гэта расказаў намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Леанід ЛОМАЦЬ. Раней падзенне з вышыні займала ў сумным рэйтынгу толькі пятае месца. А на першых двух — па-ранейшаму дарожна-транспартныя здарэнні і ўтапленні.

«Казаць пра гэта і праводзіць нейкую прафілактыку трэба абавязкова, — лічыць спецыяліст. — Калі вы звярнулі ўвагу на апошнія плацёжкі па кватэрнай плаце, то на іх адвароце ўжо і камунальнікі пішуць пра небяспеку адкрытых вокнаў».

Леанід Ломаць адзначыў, што смяротнасць ад ДТЗ і ўтапленняў за апошнія гады знізілася дзякуючы добрай міжведамаснай прафілактычнай рабоце МУС, МНС, Мінадукацыі і Таварыства выратавання на вадзе. У той жа час статыстыка падзенняў практычна не змянілася: летась загінулі 16 дзяцей і за шэсць месяцаў бягучага года — 8.

Акрамя таго, з вышыні падаюць не толькі маленькія дзеці, але і падлеткі — пераважна з дахаў. Адна з прычын — даступнасць і адкрытасць для іх гарышчаў і тэхнічных паверхаў, адкуль ёсць выхад вонкі. Другая — навамодныя экстрэмальныя падлеткавыя захапленні, такія, як руфінг (лазанне па дахах) і білдзерынг (лазанне па сценах вышынных будынкаў ці будаўнічых канструкцый).

У цэлым дзіцячая смяротнасць ад траўмаў у параўнанні з 2010 годам знізілася з 20 да 8,8 выпадка на 100 тысяч. За першае паўгоддзе 2016 года загінулі 77 дзяцей, а за такі ж перыяд мінулага — 84 дзіцяці. Аднак, на думку спецыяліста, гэта ўсё роўна вельмі вялікія лічбы, а лета з'яўляецца самым траўманебяспечным для дзяцей перыядам у годзе.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Бясцэнныя веды

Выбар рэдакцыі

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.