Вы тут

Галіна Сушыцкая: «Я не баюся выглядаць смешнай»


Карэспандэнты «Звязды» завіталі ў госці да сяміразовай бабулі, больш вядомай як клаўнеса Люся.

Дзверы нам адчынілі шэсць унукаў Галіны СУШЫЦКАЙ, побач з імі радасна віляла хвосцікам такса Рычы. «Знаёмцеся: гэта — Кузьма, Леў, Станіслаў, Антоній, Анастасія, Ангеліна, — выглядвае з пакоя бабуля-клаўнеса. — Старэйшага ўнука — Кацпера — у ваенкамат выклікалі, ён у нас ужо дарослы, вучыцца ва ўніверсітэце». Убачыўшы фотаапарат, брацікі і сястрычкі імгненна сталі ў радок ля шафы. «Дзеці, зрабіце сумныя твары. А цяпер вясёлыя, закаханыя...» Адно задавальненне назіраць, як артыстычна малыя выконваюць бабуліны каманды.


«Вучыла сына жангліраваць трыма бульбінамі»

— Вам з такой бабуляй, пэўна, сумаваць не даводзіцца? — звяртаюся да малых.

— Не, — смяюцца ў адзін голас.

— Бачылі б вы, як мы ўчора абмазаліся з імі з ног да галавы, — кажа Галіна Анатолеўна і паказвае на свежыя плямы на канапе. — Пачалі са звычайных ценяў і пудры. А потым я дастала свой прафесійны грым... Маляваць на твары — гэта ж цікавей, чым на паперцы, пагадзіцеся. У мяне вунь у той шафе некалькі мяхоў з яркімі касцюмамі, парыкамі. Унукі любяць, калі я іх дастаю і дазваляю ім пераапранацца (крыху пазней мы ў гэтым пераканаліся на ўласныя вочы. Аўт.)... Сваю задачу як бабулі я бачу не ў тым, каб напячы ім тазік бліноў, хоць і гэта можна. А каб прывіць ім упэўненасць у сваіх сілах, развіць творчы патэнцыял, захаваць дзіцячую непасрэднасць, здольнасць захапляцца, марыць.

— Галіна Анатолеўна, як так атрымалася, што вы — інжынер-эканаміст — сталі клаўнесай?

— Яшчэ Канфуцый казаў: «Выберы прафесію па душы — і табе не прыйдзецца працаваць ні дня». Я так і зрабіла. Прапрацаваўшы пяць гадоў эканамістам, падумала: «Няўжо так сумна пройдзе ўсё маё жыццё?» І ў 30 гадоў кардынальна змяніла прафесію. Можна сказаць, скарысталася шанцам, які падкінуў лёс. Майго мужа ў гэты час забралі ў армію, і я, як жонка афіцэра ў запасе, паехала з ім у Брэст. Там мне працы па спецыяльнасці не знайшлося, ды і дачку маленькую не было з кім пакінуць, таму я ўладкавалася нянечкай у дзіцячы сад. А выхавальнікі, як вядома, бываюць і Дзедам Марозам, і Снягуркай, і клоўнам. Калі вярнуліся жыць у Мінск, я абышла ўсе дамы культуры, як Алена Верабей, з просьбай: «Ну, вазьміце мяне». Вядома, ніхто не ўзяў. Прапаноўвалі розныя пасады: эканаміста, бухгалтара, касіра. «Не, — сказала, — не хачу». І запісалася ў тэатральны гурток. Менш як праз год я, фанатка-самавучка, ужо была загадчыцай аддзела ў Доме культуры. А яшчэ праз нейкі час прадстаўляла краіну на ўсесаюзным конкурсе ў Анапе.

— А як нарадзіўся ваш творчы псеўданім?

— Неяк перад Новым годам дырэктар Дома культуры выклікаў творчую групу, каб размеркаваць ролі. Я, як вядучая, павінна была па сцэнарыі выйсці на сцэну ў традыцыйным «белы верх, чорны ніз». Мне здалося, што гэта сумна. Таму прыбегла дадому, знайшла чырвоныя брыджы, у якіх калісьці выступала клоўнам у дзіцячым садку. Нашыла на іх белыя гарошыны, якія выразала з прасціны. Пасля прыгадала, што на плоце пішуць розныя словы. Выразала з той жа прасціны літары «Л», «Ю», «С» і «Я» і таксама прышыла да майкі. Мой экспромт гледачы ўспрынялі на ўра. З таго часу мяне і празвалі Люсяй. Так зусім выпадкова прышыла сабе творчае імя.

— Не баяліся быць смешнай?

— Не. Я даўно думала: чаму ў нас так мала клаўнес, у асноўным клоўны? І зразумела: напэўна, таму, што жанчыны баяцца быць смешнымі, пастаянна азіраюцца на чужое меркаванне, турбуюцца, каб усё было «так, як у людзей». А я заўсёды імкнулася шукаць свой шлях. Дарэчы, штуршок мне дала Мая Гагулан. Калісьці, 25 гадоў таму, загадчыца клуба прапанавала схадзіць на яе выступленне. Я тады не ведала, хто такая Мая Гагулан. Але ўсе пайшлі, і я пайшла. Аказалася, што на гэтай жанчыне дактары ставілі крыж, а яна не здалася і вылечыла сябе ад раку нетрадыцыйным спосабам. Дзякуючы Маі Гагулан я зразумела, што любое пытанне варта паспрабаваць вырашаць нязведаным шляхам. І стварыла свой унікальны тэатр гульні і клаўнады «Жарт», да якога пасля далучылася ўся мая сям'я.

«Дзе­ці, зра­бі­це сум­ныя тва­ры. А ця­пер вя­сё­лыя, за­ка­ха­ныя...» Ад­но за­да­валь­нен­не на­зі­раць, як ар­тыс­тыч­на ма­лыя вы­кон­ва­юць ба­булі­ны ка­ман­ды.

— Ваша дачка скончыла інстытут культуры, сын — прафесійны цыркавы клоўн. Калі б вы ў свой час не змянілі нелюбімую прафесію, магчыма, і ў вашых дзяцей лёс склаўся па-іншаму?

— Так, атрымліваецца, я заснавальніца творчай дынастыі Сушыцкіх. Заразіла клаўнадай усю сям'ю. Калі дачцэ было тры годзікі, яна атрымала свой першы заробак. Мне трэба было быць цыганкай на дзіцячым свяце. Волечку не было куды падзець, дык я сшыла ёй цыганскую спадніцу і вадзіла за сабой. Сын таксама вырас на сцэне, за кулісамі. Кар'ера ж яго пачалася з кліпа песні «Мая любоў — паветраны шар» гурта «Белы Арол». Цырку патрэбны былі людзі для масоўкі. І Паша, яму тады гадоў 19 было, зусім выпадкова прыйшоў туды замест сястры. У гэты час прыехала здымачная група гурта «Белы арол». Шукалі на галоўную ролю маладога чалавека, падобнага на Сяргея Ігнатава — беларускага жанглёра, які ўвайшоў у кнігу рэкордаў Гінеса. Падышлі да сына і спыталі: «Жангліраваць умееш?» — «Не». — «За тыдзень навучышся хоць бы трыма шарыкамі?» Паша прыбег дадому і сказаў: мама, вучы мяне жангліраваць. Я ўзяла тры бульбіны (ну што было пад рукой), і мы адразу пачалі вучыцца. На здымках кліпа сын даведаўся, што пры музычным вучылішчы імя Глінкі адкрываецца цыркавое аддзяленне, і прайшоў туды адбор. Некалькі гадоў таму на міжнародным конкурсе дуэт «Браты Засценчывыя» (Павел Сушыцкі выступае разам з напарнікам.Аўт.) сталі «Залатымі клоўнамі Еўропы».

Сваю за­да­чу як ба­бу­лі Га­лі­на Ана­то­леў­на ба­чыць не ў тым,  каб на­пя­чы ўну­кам та­зік блі­ноў.

Канфлікт баіцца жартаў

— Галіна Анатолеўна, вы і цешча, і свякроў у адной асобе. Ёсць нейкі сакрэт, каб захаваць добрыя адносіны і з абраннікамі сваіх дзяцей?

— Як сказала гераіня фільма «Масква слязам не верыць», трэба навучыцца кіраваць трыма чалавекамі, а пасля колькасць не мае значэння. Таму калі сям'я вялікая і ты наладзіў добрыя адносіны хаця б са сваімі мужам і дзецьмі, то і з зяцем і нявесткай зможаш знайсці агульную мову. Галоўнае, каб было жаданне дамаўляцца.

— А гумар вам неяк дапамагае згладзіць канфлікты і непаразуменне?

— Безумоўна. Памятаеце песню: «Пускай, капризен успех, он выбирает из тех, кто может первым посмеяться над собой». Заўсёды можна любую канфліктную сітуацыю згладзіць нейкім жартам у свой адрас. Мне шчыра шкада людзей, якія марнуюць жыццё на высвятленне адносін, прад'яўленне прэтэнзій. У мяне калісьці была мара стварыць жаночую клаўнаду. Бо чым больш вясёлых жанчын, тым больш шчаслівых сем'яў.

— На форумах у інтэрнэце вас рэкамендуюць у якасці тамады. У мяне чамусьці вясельныя вядоўцы асацыююцца з непрыстойнымі конкурсамі.

— У мяне наогул не бывае конкурсаў, не кажучы ўжо пра непрыстойныя. Конкурс — гэта калі людзі спаборнічаюць і нехта выйграе. Лічу, нават такі момант, як выбраць каралеву балю, крыўдны для некага. Таму на маіх вяселлях госці гуляюць, а не спаборнічаюць. І ўсе заўсёды выйграюць і атрымліваюць прызы з "залатога" мяшка. Для мяне важная якасць смеху. Жарты не павінны нікога пакрыўдзіць, толькі радаваць. Чалавек павінен атрымаць задавальненне нават калі з яго смяюцца. Гэта галоўны прынцып маёй прафесіі. Лічыцца, што жарты "ніжэй пояса" заўсёды праходзяць. Але ў мяне нават калі гульня з пацалункамі, то кожны цалуе сваю жонку. На вяселлі звычайна каму "горка" крычаць? Маладым. На маіх вяселлях "горка" крычаць усім сямейным парам. Кожны ўспамінае, колькі гадоў пражыў. Гэта такі своеасаблівы ўрок маладым.

— А вы з мужам колькі гадоў разам крочыце па жыцці?

— Сёлета 40 гадоў, як мы пазнаёміліся. І столькі ж, як я прыехала ў Мінск з Мурманскай вобласці здаваць іспыты ў політэхнічны інстытут. Адразу ж пасля паступлення мужчынскі аўтатрактарны факультэт запрасіў на дыскатэку жаночы інжынерна-эканамічны. Там я пазнаёмілася з Анатолем. У першы ж дзень вырашыла, што гэта будзе мой муж. Мне здаецца, не варта марнаваць жыццё на сумненні.

— А як муж ставіцца да вашых пераўвасабленняў, паваротаў лёсу?

— Заўсёды падтрымлівае. Я адчуваю надзейны тыл за плячыма. Анатоль — канструктар. Усё жыццё ён пра нешта думае, штосьці піша і лічыць. Я не пытаюся, што ён лічыць. Але прымушаю яго хадзіць на нашы канцэрты (смяецца). Былі часы, калі муж удзельнічаў у сямейных выступленнях, але калі сталі з'яўляцца ўнукі, камусьці трэба было сядзець з імі. І яму гэты занятак, па шчырасці, больш даспадобы.

«Веру не веру — праверу»

— Галіна Анатолеўна, па тэлефоне вы мне сказалі, што вырашылі чарговы раз змяніць прафесію...

— Так, я вырашыла пачаць працаваць у маштабах сусвету. Буду дапамагаць людзям выходзіць з крызіснай сітуацыі і рэалізоўваць іх мары — праводзіць майстар-класы, як стаць багатым і шчаслівым. Многія ў 40—50 гадоў незадаволены сваім жыццём, але пры гэтым кажуць, што позна нешта мяняць. Я гэтага не разумею. Што значыць позна? Чаму чалавек у 17 гадоў можа асвоіць новую прафесію, напрыклад, а ў 58 — не? Ён што, падурнеў за гэтыя гады, ці што?

Больш за палову людзей на зямлі не маюць мары. А каб мару рэалізаваць, трэба яе вельмі дакладна ўяўляць. Гэта можна развіваць у сабе, як і ўсе астатнія навыкі. Калі я папрашу вас зараз напісаць 100 мараў. Страшна? Я раней таксама не магла, заганяла сябе ў рамкі. А зараз напішу 101 і расфарбую рознымі колерамі. Калі вам скажуць, напрыклад: «Прыклейце зялёны квадрат у пэўнае месца па компасе, і ў вас будуць грошы». Большасць пасмяецца, развернецца і пойдзе. А я жыву па прынцыпе: веру не веру — праверу. Усё ж пачынаецца з думкі.

— А самі пра што марыце?

— Ёсць вельмі вялікая мара звазіць усіх сваіх унукаў у Дыснейлэнд. Я чамусьці парыжскі ўяўляю. На днях мы з дзецьмі абмяркоўвалі, як паедзем у Аўстралію на месяц і будзем займацца сёрфінгам. Ёсць мара здзейсніць кругасветнае падарожжа. Я ўжо пачала прапрацоўваць сабе маршрут: напрыклад, у Японіі планую паплаваць у басейне з сакэ, у Тайландзе — зняць самалёт першага класа са spa-салонам у кабіне. У Ісландыі ёсць гасцініца, зробленая з лёду. Я не думаю, што надоўга там спынюся. Але паглядзець цікава. Як бачыце, кругасветнае падарожжа можа быць актуальным у любым узросце. Але яшчэ некалькі гадоў таму так далёка марыць я не адважвалася.

Мару пра такую сядзібу за горадам, дзе мы з мужам і дзеці са сваімі вялікімі сем'ямі жывём побач, але асобна. А паблізу з нашымі дамамі — зала месцаў на 150 з паўкруглай арэнай-сцэнай, дзе кожны з нас мог бы сябе рэалізоўваць, займацца сваёй справай.

Я ўжо знайшла спосаб ажыццявіць свае мары. Кажуць, быццам бы крызіс у людзей. Але я зразумела, што было б жаданне зарабіць грошы, магчымасці знойдуцца. Вось у нас 6 дарослых чалавек у сям'і і як мінімум 7 новых праектаў на верасень. Зяць арандаваў у Радашковічах закінуты кінатэатр «Мір». Плануе зрабіць там караоке-бар, праводзіць дыскатэку як для дарослых, так і для дзяцей з героямі розных мульцікаў. У дачкі — праект пазнавальных праграм па школах. Сын цяпер гастралюе з цыркам-шапіто. Ён мне пазаўчора сказаў, што яшчэ бурэннем свідравін будзе займацца. Нявестка выкладае ў мастацкай студыі. Нядаўна яна, маці чацвярых дзяцей, падрыхтавалася да цэнтралізаванага тэсціравання і на роўных умовах са школьнікамі паступіла ў інстытут. Сёлета ў яе новы праект — інтэр'ерныя лялькі, якія яна лепіць сваімі рукамі. І валеннем пачала займацца, карціны з воўны робіць. Яна якраз зараз на чарговых курсах. Усяго можна дабіцца, калі працаваць і марыць. Мары ж падаткамі не абкладаюцца.

У ква­тэ­ры клаў­не­сы не­каль­кі мя­хоў з яр­кі­мі кас­цю­ма­мі ды па­ры­ка­мі.  Уну­кі лю­бяць іх да­ста­ваць і пе­ра­апра­на­цца.

Тры гадзіны з бабуляй-клаўнесай і яе ўнукамі праляцелі незаўважна. Мы гушкаліся на арэлях, бегалі з горкі, елі марожанае, спявалі, прымяралі яркія касцюмы і парыкі, расфарбоўвалі адно аднаму шчокі чырвонай памадай. ...Вось з працы вярнуўся Анатоль Сушыцкі, за сваімі сыночкамі прыйшла дачка Вольга. Пакуль мы знаёмімся, Галіна Анатолеўна працягвае камандаваць парадам: «Хто збярэ касцюмы і парыкі з падлогі — таго чакае сюрпрыз». Шчыра прызнацца, ніколі не бачыла, каб дзеці з такой ахвотай, навыперадкі, кінуліся наводзіць парадак. «Што за сюрпрыз?» — цікавімся ў Галіны Анатолеўны. «Я яшчэ не вырашыла, — інтрыгуе. — Магчыма, мы з мужам зараз пойдзем у двор і закапаем там некалькі капеек. А потым разам з унукамі будзем шукаць скарб. Затым я павяду іх у краму (гэта цэлае дзейства: мы становімся парамі і спяваем песні), і кожны выбера свае любімыя цукеркі. А я буду любавацца, як яны выбіраюць. Ведаеце, можна ж было адразу сказаць: таму, хто прыбярэцца, я куплю 100 грамаў цукерак. Але ж гэта зусім не цікава».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

dryla@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Я не баюся выглядаць смешнай»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.