Вы тут

Шарык... схуднеў



Даню пастрыглі.

— Які ты прыгажун! — кажу. — У дзіцячым садку дзеці заўважылі тваю новую прычоску?

— Так. Але ж яны не казалі, што я прыгажун, — сумна адказаў мой хлопчык.


* * *

Малы просіць купіць робата з пультам кіравання.

— Дорага каштуе, — адказваю яму.

— А ты пашукай на зніжках!


* * *

— Мамачка, Максім мяне б'е, — жаліцца сын.

— Дык і ты ж яго ў адказ лупіш.

— Гэта мы так сябруем, — тлумачыць з усмешкай малы.


* * *

— Даня, не цягай Кацю (кошку), у яе хутка будуць кацяняты, — тлумачу сыну.

— Не-е, гэта яна косткамі аб'елася.


* * *

Сын разважае ўслых пра тую ж кошку Кацю:

— Раней, калі я быў здаровы, Каця мяне часам драпала. А цяпер я захварэў, і яна ніводнага разу мяне не падрапала. Не думаў, што кошкі могуць мяняцца...


* * *

— Чаму ў цябе калготкі задам наперад надзеты? Вось бачыш дзве палосачкі, яны павінны быць ззаду.

— Калі б гэтыя палоскі былі каляровымі, я б іх заўважыў, — патлумачыў малы.


* * *

— Мамачка, патэлефануй прэзідэнту, — просіць Даня, — і скажы, што наш хлопчык хоча заўсёды мульцікі глядзець. А заўсёды не ідуць...


* * *

Паветраны шарык здзьмуўся.

— Ой, глядзі, шарык схуднеў! — засмуціўся Даня.


* * *

Даня ўбачыў здохлага камара.

— Тата, камарык памёр.

— Камары кепскія, іх трэба забіваць, — чуе ў адказ.

— Не кажы так! — закрычаў сын. — Гэта ж маленькі камарык. Яго мама чакае.


* * *

Муж вязе сына з дзіцячага садка. Па радыё гучыць знаёмая песня.

— Даня, падпявай мне, — заклікае сына.

— Ты лепш за дарогай сачы, — сур'ёзна адказаў той.


* * *

Малы ўбачыў у акне шмат дзяцей.

— О, цэлы статак ідзе!


* * *

— Бачыш, як дрэнна атрымалася. У таты сёння дзень народзінаў, а мы ў бальніцу трапілі, — кажу сыну.

— Гэта нічога, — супакойвае ён мяне. — Мы потым яго свята ў Макдональдсе адзначым!


* * *

Едзем усе разам (з бабуляй і дзядулем) на машыне. Я дастала чыпсы і ем. Даня таксама просіць даць яму.

Дала трохі і кажу, што яны шкодныя, шмат есці нельга.

— Давай усіх пачастуем, каб табе менш шкодных чыпсаў засталося, — хуценька скеміў сынок.


* * *

Муж прынёс дадому гітару і кажа, што будзе Даню вучыць на ёй іграць.

— І мяне навучы, — прашу я.

— Ну, трымайцеся, суседзі, мама будзе іграць! — пажартаваў з мяне малы.


* * *

— Мама, ты абяцала са мною пагуляць.

— Зараз, толькі давай прыбяром лішнія цацкі.

— Вось я і хацеў пагуляць у такую гульню: «Хто мне дапаможа прыбраць цацкі?»


* * *

— Ты не даеў банан.

— Няхай тата даесць, ён у нас заўсёды галодны.


* * *

Муж спрабуе прыцягнуць малога да прыбірання кватэры:

— Давай дапаможаш мне!

— Не, я лепш буду камандаваць!


Запісала Яна ЛЫЧКОЎСКАЯ

А пра што гавораць вашы дзеці?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.