Вы тут

Выйшаў новы зборнік серыі “Беларусь літаратурная”


Добры дух зямлі дняпроўскай...: Рагачоўшчына літаратурная / Уклад. Міхася Казлоўскага. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2016. — 366 с.


На першы погляд немагчыма нават уявіць, які падыход да ўкладання зборніка твораў розных аўтараў мог бы дазволіць чытачу пабачыць пад адной вокладкай і прозу нашых пачынальнікаў Ластоўскага і Кіркора; і ўрыўкі з твораў карыфеяў — Караткевіча і Макаёнка; і апавяданні сучаснікаў-традыцыяналістаў Слівы і Ткачова; і вершы прадстаўніц зусім новага пакалення айчыннай паэзіі — Кудасавай і Чумаковай. Не, гаворка не ідзе пра літаратурна-мастацкі, ці, як кажуць «тоўсты» часопіс. Такі шырокі спектр аўтараў, жанраў эпох, прадстаўленых у кнізе, можна патлумачыць хіба што рэгіянальнасцю.

Усе згаданыя творцы (а да іх ліку далучаюцца яшчэ многія і многія постаці) ці нарадзіліся на Рагачоўшчыне, ці правялі тут пэўны час і, натхнёныя маляўнічымі дняпроўскімі краявідамі, прысвяцілі гэтым мясцінам свае творы. Таму не выпадкова новы зборнік серыі «Беларусь літаратурная» яднае столькі розных аўтараў. Дзіўна нават: паміж імі — дзесяцігоддзі і нават стагоддзе, прорвы ў творчых падыходах і прынцыпах пісьма, але ў фізічнай адлегласці гэтая розніца вызначаецца толькі межамі Рагачоўскага раёна.

У літаратуразнаўстве існуе такое паняцце, як genіus locі, ці дух месца. Лічыцца, што адны і тыя ж мясціны, апісаныя рознымі аўтарамі, у творах могуць набываць агульныя рысы, быць падобнымі, нават тоеснымі. Так, нібы само месца дыктуе мастаку радкі, вобразы, скіроўвае на выказванне думак у пэўным стылі. Натуральна, гэтая тэорыя часцей за ўсё звязаная з урбанізмам — адлюстраваннем гарадоў у раманах, вершах, стварэннем новай літаратурнай міфалогіі пэўнага горада. Але, думаецца, не будзе памылкай і спроба пабачыць гэтага ж духа і на больш шырокім абшары, напрыклад, у межах аднаго з раёнаў краіны. Якім жа тады паўстане перад намі дух Рагачоўшчыны?

Вольным і смелым — як Гервасій Выліваха, герой караткевічаўскай «Ладдзі Роспачы»; рамантычным, падчас сентыментальным — як лірычныя героі песень Аляксея Зарыцкага і вершаў Ніны Пінчук; сур'ёзным і строгім — як літаратурна-крытычныя артыкулы Алены Васілевіч; смешным і гарэзлівым — як героі вершаў Міколы Чарняўскага для дзяцей. Але, калі прыгледзецца, кожны з аўтараў, адлюстроўваючы агульныя рысы «твару» Рагачоўшчыны, дамалёўвае і свае штрышкі да партрэта гэтых мясцін.

Укладальнік кнігі «Добры дух зямлі дняпроўскай...» вядомы краязнаўца з Маладзечна Міхаць Казлоўскі паклапаціўся пра тое, каб гэтае выданне было не проста канстатацыяй фактаў для аматараў літаратуры, але і пэўнага кшталту адкрыццём для кожнага з нас. Мы тут бачым як вядомыя і любімыя імёны Міхася Лынькова, Міколы Купрэева, Пятра Васілеўскага, Віктара Яраца, так і параўнальна новыя — Андрэя Паўлухіна, Уладзіміра Шпадарука, Уладзіміра Немізанскага.

Дарэчы, радок, які я вынесла ў загаловак, належыць пяру паэткі з Рагачова Насты Кудасавай. Хоць піша яна ў вершы «Дні сплываюць, бы са сценаў цені...» зусім не пра родныя мясціны і не пра дух горада (а, натуральна, пра каханне). Мне падумалася, што менавіта гэтыя словы як мага лепш падыходзяць да апісання пачуццяў, што мы маем да любімых краявідаў. Там не абавязкова нарадзіцца, але важна ўразіцца, натхніцца і, магчыма, запомніць на ўсё жыццё

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «...Вечны гаспадар маёй душы»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.