Вы тут

Як дапамагчы развіццю краіны за кошт заканадаўчай базы?


У Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу адбылося пашыранае пасяджэнне Прэзідыума верхняй палаты беларускага парламента з удзелам прэзідыумаў абласных Саветаў дэпутатаў, а таксама вышэйшых службовых асоб, кіраўнікоў. На парадку дня адно пытанне — як члены Савета Рэспублікі змогуць паспрыяць рэалізацыі прыярытэтаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады.


Значную ролю ў паляпшэнні эканамічнага стану краіны могуць адыграць менавіта члены Савета Рэспублікі, лічыць яго старшыня Міхаіл МЯСНІКОВІЧ. «Пры гэтым мы не павінны выконваць функцыю выканаўчай улады і выканаўчай вертыкалі ў цэлым. Нам трэба будзе з улікам дзеючага заканадаўства сфармуляваць задачы для Савета Рэспублікі, мясцовых Саветаў дэпутатаў і прыступіць да іх выканання. У першую чаргу — за кошт пашырэння нарматыўна-прававой базы», — адзначыў спікер верхняй палаты.

Інвестыцыі падмацуюць эканоміку

Адным з прыярытэтаў краіны на бліжэйшыя гады з'яўляецца інвестыцыйная дзейнасць, і ў той жа час яна — адна з крыніц росту ВУП. У Савеце Рэспублікі ўжо было прааналізаванае заканадаўства ў гэтай сферы. Міхаіл Мясніковіч прапаноўвае аддаць прыярытэт прамым замежным інвестыцыям, а сенатараў заклікае зрабіць усё магчымае для стварэння спрыяльнага інвестыцыйнага клімату. На думку спікера, гэтаму будзе садзейнічаць і прыняцце адзінага закона аб інвестыцыйнай дзейнасці, «які ўтрымлівае нормы прамога дзеяння».

«Сёння дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы інвестыцый ажыццяўляецца больш чым 40 дзяржаўнымі органамі. 34 прававыя нарматыўныя акты рэгулююць пытанні ажыццяўлення інвестыцый, 21 з якіх — гэта заканадаўчы акт, — кажа старшыня Савета Рэспублікі. — Разнастайнасць крыніц нарматыўнага рэгулявання спараджае яшчэ адну праблему — адсутнасць прававой стабільнасці ва ўмовах гаспадарання. Для інвестараў гэта вельмі важна. Акрамя таго, сур'ёзную боязь у інвестараў выклікае сфера прымянення адказнасці. Узнікае пытанне аб несуразмернасці штрафных санкцый па інвестыцыйных дагаворах і выяўленых парушэннях».

На думку Міхаіла Мясніковіча, варта больш актыўна практыкаваць вынясенне папярэджанняў аб недапушчальнасці парушэння як першага кроку кантролю замест штрафу ці больш цяжкага пакарання. Таксама, на яго думку, развіццю сферы перашкаджае дзеянне пераважнага права аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама на куплю некаторай катэгорыі акцый і магчымасць выкарыстання мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі фармальных падстаў для скасавання інвестыцыйных дагавораў нават з-за нязначных парушэнняў тэрмінаў іх рэалізацыі. Увядзенне мараторыя на правядзенне праверак у адносінах да новаствораных прадпрыемстваў, якія інвестуюць у асноўныя фонды, хоць і замацавана заканадаўча, але аказвае слабое стымулюючае ўздзеянне на развіццё інвестыцыйнай дзейнасці прадпрыемстваў не толькі малога бізнесу, але і буйных greenfіeld-праектаў. «Для вырашэння гэтых пытанняў спатрэбіцца ўнясенне змяненняў у законы аб інвестыцыях, аб канцэсіях, аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, прыняцце новага закона аб інвестыцыйных фондах, а таксама карэкціроўка асобных палажэнняў Грамадзянскага і Падатковага кодэксаў Беларусі», — дадаў ён.

Занятасць можа быць рознай

Што тычыцца занятасці насельніцтва, то тут старшыня верхняй палаты прапанаваў легалізаваць індывідуальную працоўную дзейнасць без адкрыцця ІП. «Трэба ўводзіць патэнт для самазанятасці і вызначыць прававы статус самазанятага, — лічыць Міхаіл Мясніковіч. — Рэгістрацыя праз куплю патэнта на самазанятасць без пастаноўкі на ўлік у якасці беспрацоўных прастымулюе прадпрымальніцкую актыўнасць асоб, якія страцілі работу, выхад з ценю тых, хто доўгі час не працуе, але ўцягнуты ў ценявую занятасць людзей».

Тэрмін «самазанятасць» і азначэнне «самазанятасці» ў нацыянальным заканадаўстве зараз адсутнічаюць. На думку спікера, да самазанятасці могуць быць аднесены асобы, якія працуюць па заяўным прынцыпе без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка: рамеснікі, супрацоўнікі сферы аграэкатурызму, работнікі асабістых падсобных гаспадарак, асобы, якія займаюцца прыбіраннем, бытавымі паслугамі. «Можна было б пашырыць віды дзейнасці, дапоўніўшы пералікі будаўніча-мантажнымі, рамонтнымі работамі, перавозкай пасажыраў і грузаў. Сёння многія з гэтых работ у цені, людзі пры гэтым не абароненыя, не могуць адстойваць свае пазіцыі ў судзе», — кажа спікер верхняй палаты і дадае, што самазанятасць можа сумяшчацца і з асноўнай працай па працоўным дагаворы.

Акрамя таго, старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліў, што сенатары і мясцовыя Саветы дэпутатаў павінны імкнуцца да развіцця і падтрымкі такіх сфер, як страхавы рынак, экспарт (уніфікацыя і гарманізацыя заканадаўства з краінамі ЕАЭС), укараненне інфармацыйных тэхналогій, маладзёжная палітыка...

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Загаловак у газеце: Як дапамагчы развіццю краіны?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?