Вы тут

Радыёвядучая Вольга Шагойка: «Бадзёрая раніца — гэта важна!»


Ранішняя гімнастыка на радыё з'явілася яшчэ ў мінулым стагоддзі. Хтосьці ставіцца да гэтай з'явы скептычна, а хтосьці ўжо не ўяўляе пачатак дня без зарадкі пад голас з радыёпрыёмніка. Першы нацыянальны канал беларускага радыё не выключэнне, там ранішняя гімнастыка існуе ўжо практычна два дзясяткі гадоў. Яе вядучая і аўтар, фітнес-інструктар і актрыса Вольга Шагойка расказала пра тое, як складаюцца комплексы практыкаванняў, якія водгукі прыходзяць ад слухачоў, і раскрыла сакрэты таго, як захаваць свой голас і цела ў тонусе.


— Вольга, як прыйшла ідэя стварыць на беларускім радыё падобную перадачу?

— Па сваёй першай прафесіі я актрыса, таму ўдзельнічала і раней у тэатральных радыёпастаноўках: з радыё ужо была знаёма. Потым маё жыццё павярнулася трохі ў іншы бок і я атрымала яшчэ адну адукацыю — фітнес-інструктара. Мая родная сястра — Наталля Наважылава, даволі вядомы чалавек у спартыўнай індустрыі. Неяк размаўляючы з ёй мы падумалі, што такая ніша на тэлебачанні ўжо занятая (тады на беларускім ТБ ішла праграма «Урокі з Наталляй Наважылавай»), а вось на радыё нічога падобнага няма, чаму б гэта не выправіць.

Мы ўсе памятаем савецкія часы, гук фартэпіяна і голас з прыёмніка: «Пачынаем ранішнюю гімнастыку! Шагам марш!» Потым у Беларусі такая перадача знікла, ніша аказалася абсалютна свабоднай, я вырашыла злучыць свае прафесійныя навыкі актрысы і, на той момант, ужо дасведчанага фітнес-інструктара, каб зрабіць нешта падобнае да савецкай радыёперадачы, але сучаснае.

Зрабілі некалькі «пілотаў», аказалася, што людзі гэтага чакалі, таму пачалі пісаць ранішнюю гімнастыку і далей. Яна выходзіць у эфір штодня ў 5.30 і 6.30 раніцы.

— Што дае падобная зарадка чалавечаму арганізму?

— Правільна яе называць гігіенічнай гімнастыкай. Яна дапамагае нашаму целу гарманічна прачнуцца і прыйсці ў лёгкі тонус, у працаздольны стан. У рытме нашага жыцця чалавек часам як толькі прачнуўся, бяжыць на работу, хоць арганізм яшчэ спіць, каб яго «абудзіць», дастаткова 10 хвілін.

Са­май «доў­гай­гра­ю­чай» пе­ра­да­чай са­вец­ка­га ра­дыё бы­ла ра­ніш­няя гім­нас­ты­ка. Прак­тыч­на 50 га­доў яе вёў Мі­ка­лай Гар­дзе­еў пад акам­па­не­мент пі­я­ніс­та Ра­дзі­во­на­ва (Ва­лян­ці­на Ро­дзі­на). Героі кінафільма «Службовы раман» якраз займаюцца вытворчай гімнастыкай.

— Трохі пазней на беларускім радыё з'явілася і вытворчая гімнастыка.

— Так, яна называецца «5 хвілін здароўя» і гучыць у 11.05. Вытворчая гімнастыка створана для таго, каб выканаць разгрузачныя практыкаванні, таму што людзі на рабоце доўгі час знаходзяцца ў адным і тым жа становішчы — сядзяць або стаяць.

Я прапаную слухачам лёгкія практыкаванні, якія здымаюць назапашаны стрэс і стомленасць мышцаў. Гэта зніжае траўматызм на вытворчасці і ўзровень прафесійных захворванняў. Адным словам — вельмі карысна.

На месцы кіраўнікоў прадпрыемстваў і фірмаў, я нават заахвочвала б работнікаў, якія сочаць за сваім здароўем падобным чынам.

Я стараюся праводзіць гімнастыку ў сучасным лёгкім стылі, бяру нейкія элементы з розных напрамкаў аэробікі і фітнесу, магу дадаць штосьці з ёгі. Была нават адна зарадка спецыяльна для тых, хто працуе ў офісе і сядзіць на крэсле з колцамі. Трэба, каб людзям было не толькі карысна, але і цікава.

— Вы як аўтар праграмы і комплексы распрацоўваеце самі?

— Так, але не ўсё так проста. Да комплексаў практыкаванняў ёсць пэўныя патрабаванні, маім куратарам на пачатку быў педагог з кафедры гімнастыкі БДУФК. Ён раіў мне, кансультаваў, ухваляў ці не ўхваляў практыкаванні. У кожным комплексе павінна быць пэўная паслядоўнасць: з чаго пачынаць, якія элементы рабіць у сярэдзіне, чым завяршыць гімнастыку. Таму тут пэўная методыка злучаецца з маёй фантазіяй. У ранішняй гімнастыцы мы выкарыстоўваем шмат падручных элементаў — кнігі, бутэлькі замест гантэляў, ручнік, крэсла, стол, дзвярное палатно і нават дзвярны праём.

— Ці складана на словах растлумачыць слухачам практыкаванні?

— Каб мяне разумелі, у першую чаргу, практыкаванні павінны быць лёгкадаступнымі, не павінны насіць камбінаваны характар, таму што слухачы могуць забыць паслядоўнасць. Вядома, вялікую ролю адыгрывае і тое, як іх падаваць, бо людзі па той бок прыёмніка мяне не бачаць.

Па першым часе асабліва добра працавала зваротная сувязь, слухачы дасылалі лісты, тэлефанавалі ў рэдакцыю, гэта дапамагло скарэктаваць стыль радыё-гімнастыкі. Дзесьці я давала хуткі тэмп і рытм, невялікую складанасць практыкаванняў, гэта ўсё мне паведамлялі, і я выпраўлялася.

— Удзячныя водгукі былі?

— Вядома. Многія мне казалі, што проста слухаюць ранішнюю гімнастыку, каб палепшыць настрой на пачатку дня. Пазітыўны звонкі голас дапамагае лёгка прачнуцца. Адна слухачка пісала мне: «Я слухаю вашу гімнастыку, хоць і не выконваю ўсе практыкаванні. Гатую сняданак, дзяцей адпраўляю ў школу, плячыма пару разоў пасоўвала, нагой тарганула і ўжо ведаю, што з вамі пазаймалася».

На мой погляд, мець такую станоўчую перадачу раніцай важна, таму што навіны сёння ў нас часцей за ўсё негатыўныя.

— Самым важным для радыёвядучых, напэўна, з'яўляецца голас. Як удаецца заўсёды захоўваць яго ў тонусе?

— Асаблівых сакрэтаў няма. У першую чаргу пазбавілася ад шкоднай звычкі. Трэнінг, які быў падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў — гэта аснова. Трэніроўкі голасу, правільнае дыханне, работа дыяфрагмай — гэта ўсё падмурак, які быў закладзены яшчэ там. Перад тым, як я іду на запіс, вядома, імкнуся не есці шакалад, не п'ю кубкамі каву (хоць вельмі люблю), не ем вострую ежу. Гэта ўсё ўплывае на голас, з'яўляецца раздражняльнікам органаў стрававання, якія цесна звязаны са звязкамі.

— На пачатку размовы вы ўжо сказалі, што ваша прафесійнае жыццё ў адзін момант рэзка павярнулася ў іншы бок.

— Справа ў тым, што з самага дзяцінства я марыла быць актрысай. З другога класа хадзіла ў гурток мастацкага чытання. Будучы яшчэ зусім малечай, сказала маме: «Адвядзі мяне туды, дзе чытаюць вершы». Мама ў мяне таксама вельмі артыстычная, у яе цудоўны голас, таму гэтую ініцыятыву яна падтрымала і адвяла мяне ў Рэспубліканскі палац піянераў. Там мы рабілі нейкія пастаноўкі, выступалі практычна на ўсіх з'ездах, дзіцем за кулісамі я бачыла першых асоб нашай краіны.

А далей было паступленне ў Акадэмію мастацтваў у Мінску, і яно далося мне вельмі складана.

— Але ўсё ж вы туды паступілі?

— Так, толькі з трэцяй спробы. А да гэтага ўжо працавала ў Дзяржаўным тэатры лялек два гады, прайшла конкурс без усялякай адукацыі.

Пасля акадэміі мая тэатральная кар'ера ў прынцыпе складвалася даволі паспяхова. Я працавала ў Гродзенскім тэатры лялек, куды атрымала размеркаванне, а потым прайшла субяседаванне ў драматычны тэатр і перайшла ў яго.

Пазней выйшла замуж, нарадзіла дачку і пераехала ў Мінск. У сталіцы паспела папрацаваць у розных тэатрах і ў розных рэжысёраў. У тэатральным рэпертуары я была занятая заўсёды добра. Паралельна спрабавала трохі здымацца ў кіно і на тэлебачанні. Два гады працавала ў Калыханцы, тым самым голасам з-пад стала.

Потым жыццё крыху змянілася, наступілі складаныя часы для творчасці, і мая сястра Наталля Наважылава прапанавала паспрабаваць сябе ў сферы фітнесу, аэробікі. Я акунулася ў гэта з галавой, прайшла курсы ва ўніверсітэце фізкультуры для інструктараў-метадыстаў і атрымала дазвол на правядзенне аздараўленчых заняткаў. Пазней у Маскве асвоіла яшчэ і ёгу і пачала яе выкладаць. А ў 2012 годзе атрымала дыплом менеджара ў сферы спорту і аздараўлення, гэта мая другая вышэйшая адукацыя.

— Такія змены ў вашым жыцці прайшлі бязбольна?

— Складанага пераходу не было, нягледзячы на тое, што я пачала займацца фітнесам толькі ў 36 гадоў. Як чалавек адказны, вядома, перажывала, як гэта ў мяне атрымаецца, бо часцей такім займаюцца былыя спартсмены. Але не ўсе спартсмены ўмеюць рабіць тое, што ўмеюць акцёры. Спалучэнне акцёрскіх навыкаў і мая любоў да руху вельмі дапамаглі. Усюды ў прынцыпе я працую для людзей.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».