Вы тут

Раман Падаляка: хацеў бы сыграць Гамлета


Любы акцёр можа трапіць у амплуа, з якога цяжка выйсці: яго бачаць ці толькі сур’ёзным, моцным духам змагаром, ці, наадварот, аднолькава камедыйным і легкадумным персанажам. Акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (і, дарэчы, кіно) Раман Падаляка не баіцца гэтага, бо заўсёды імкнецца выйсці за звыклыя межы ― прафесіяналізму, праблематыкі, што ўзнімаецца ў спектаклях, трактоўкі вобразаў. Жорсткі, з моцным напорам і энергетыкай Кастусь Каліноўскі ў аднайменным фільме, непастаянны, нерашучы і схільны да рэфлексіі Ігнат у «Дзвюх душах», нямецкі салдат, які шчыра кахае насуперак выпрабаванням вайны, ці філасофкі Чэхаў, які разважае пра лёс чалавецтва… Акцёр з такім дыяпазонам амплуа ведае, у чым праяўляецца дваістасць, неадназначнасць лёсу беларускага тэатра і кіно, як знайсці баланс паміж сапраўдным мастацтвам і прагай «перавыканаць план», дзе хаваюцца актуальныя для сучасных людзей тэмы.


— Ці гарманічна, на ваш погляд, сумяшчаецца класіка з сучаснымі пастаноўкамі у беларускім тэатры? Чаго вы чакаеце ад сучаснай беларускай драматургіі?

― У беларускай драматургіі, нягледзячы на пазітыўныя моманты, ёсць вялікая праблема: больш за 90 працэнтаў твораў, якія становяцца асновай для спектакляў, пішуцца на рускай мове. Літаратурная база менавіта для сучаснага тэатра ў нас пакуль не вельмі трывалая, так што лепш, на маю думку, карыстацца класічнымі творамі. Мне, напрыклад, куды цікавей іграць Чэхава, чым нейкага хіпстэра, фрыка ці іншага псеўдамоднага персанажа. Заўсёды актуальнымі будуць такія спектаклі, як «Дзве душы» па Максіму Гарэцкаму. Пошук уласнай ідэнтычнасці на скрыжаванні Еўропы ― тэма вечная для беларусаў. Хтосьці скажа, што яна ўжо надакучыла, але мы так і не зразумелі да канца, хто мы і куды ідзём. Той жа білінгвізм пра гэта сведчыць. Родная мова павінна стаць больш даступнай, але нам па-ранейшаму прасцей так, як прызвычаіліся. З’ява білінгвізму ўжо стала комплексам. Нацыянальны тэатр, такі як Купалаўскі, увогуле не павінен працаваць на дзвюх мовах, бо гэта пачатак канца. Галоўнае ― рабіць якасны прадукт. А людзі падцягнуцца. Што тычыцца твораў, то чакае свайго часу для тэатра Караткевіч. Цяжка іх уціснуць у тэатральную прастору, абмежаваць, але гэта было б бяспройгрышнай і актуальнай пастаноўкай. Нядаўна мяне зацікавіў і наш малады аўтар Андрусь Горват, які піша нататкі пра беларускую вёску. Іх бы таксама перанесці на сцэну. Вельмі ж каларытныя і тонка прапісаныя характары.

Як вы ўвогуле ставіцеся да рэпертуару нашых тэатраў? Зараз якраз пара адкрыцця сезонаў…

― Не буду аналізаваць кожны тэатр, але ёсць агульная тэндэнцыя ў рэпертуарах: дысананс паміж неабходнасцю зарабіць грошы і тым, што лічыцца сапраўдным мастацтвам. Калі арыенцір на першую мэту ― атрымліваюцца нязмушаныя камедыі з няхітрымі жартамі, калі на другую ― ёсць рызыка, што не ўся публіка цябе зразумее, і спектакль не акупіцца. Калі гаварыць пра Купалаўскі тэатр, то я хацеў бы бачыць тут больш сур’ёзных акцёрскіх роляў, так званых чалавечых спектакляў з жывымі шчырымі героямі, чым людзей, уціснутых у прыгожыя касцюмы і пампезныя дэкарацыі. Добра было б паездзіць, абмяняцца вопытам з трупамі іншых краін, але з гастролямі цяжка. Яны вымагаюць фінансавых выдаткаў. Фінансаванне Нацыянальнага тэатру скарацілася, таму гастролі ўвогуле не да месца. Раней Купалаўскі мог выпусціць тры прэм’еры на год, зараз толькі адну… З-за грашовых перабояў спыніў сваё існаванне і праект «Тэатр Чэ», у якім я адыграў у спектаклі «Дзяды», вельмі нацыянальным, нашым, але… Ён, на жаль, ужо год не паказваецца.

Тым не менш, ці ёсць у вас новыя акцёрскія праекты? Каго марыце ўвасобіць на сцэне?

― Пакуль, з пачаткам сезона, мала што мяняецца. Няма такой работы, якую б я назваў новым крокам у творчасці. Мару сустрэць добрага рэжысёра, сапраўднага генія, паўдзельнічаць у міжнароднымі праекце, падыхаць новым творчым паветрам… Сыграць хацеў бы, напрыклад, Гамлета, хоць гэта і распаўсюджанае сярод акцёраў жаданне. Але галоўнае ― чалавек, які з’явіцца на шляху і памяняе штосьці ў тваім светабачанні, разуменні прафесіі, дасць стымул для росту, натхніць. Роля ― другаснае пытанне.

Ці шукаеце ў персанажах, якіх паказваеце на сцэне, нешта агульнае з уласным характарам?

― Ніводную ролю не адарваць ад сябе, ты кожны раз праносіш вобраз праз уласную душу. Гэта ты, але з адзнакай іншага чалавека. Хлусню кажуць, што будучы на сцэне, можна забыць пра сябе. Бываюць моманты, калі спектакль зацягнуты і ты адчуваеш кожнае дыханне ў зале, паглыбляешся ў стан, падобны да медытацыі. Але нельга татальна не разумець, што адбываецца навокал, і губляць сувязь с партнёрамі на сцэне.

А як вы звычайна рыхтуецеся да ролі, каб пранікнуцца атмасферай? Асабліва, калі гэта нейкі знакаміты гістарычны персанаж…

― Калі мы ставілі спектакль «Дзяды», то спецыяльна з’ездзілі ў музей-сядзібу «Завоссе» Міцкевіча, каб адчуць сувязь з майстрам. Мала проста перачытаць твор, важна зразумець звышзадачу: для чаго яго трэба ўвасабляць менавіта зараз, наколькі ўзнятыя ў ім праблемы актуальныя, звязаныя з цяперашняй рэчаіснасцю народа? Часта, каб зразумець ролю, дапамагаюць дробязі з жыцця персанажа: які каўнер ён насіў, ці меў дурныя звычкі і гэтак далей.

Вы зняліся ў некалькіх фільмах, таму ведаеце асаблівасці і нашага кінематографа. Па якім шляху ісці беларусам, каб іх кіно нарэшце заўважылі ў свеце?

― Кіно не павінна прыроўнівацца да планавай эканомікі: так, за гэтую пяцігодку трэба зняць і прадаць у Расію столькі карцін… І гэтак далей. Галоўнае ― рабіць прадукт, які будзе зразумелы на унутраным рынку, не імкнуцца канкураваць з Галівудам, бо гэтая мэта ― на ўзроўні фантастыкі. Можна пачаць з серыялаў, кшталту расійскіх, для простага народа, але з беларускім каларытам. Калі ў краіне кіно будзе мець поспех, можна выходзіць далей, за яе межы. Кіно павінна быць шчырым. Мяне вельмі радуюць незалежныя позіркі маладых рэжысёраў, але ім не хапае фінансавання. Тым не менш ужо вядуцца размовы пра экранізацыю Быкава, здымаецца фантастычны «Неруш» па беларускай міфалогіі… Вось дзе наш шлях. Трэба прасоўваць сваіх герояў, і людзі будуць хадзіць на такія фільмы, бо ім гэта блізка, зразумела. Шкада, што на «Беларусьфільме» так і не звярнулі ўвагу на сцэнарый пра Янку Купалу. Чамусьці больш вузкая тэма ЛЭПУ пераважыла.

Раман, чым захапіла вас прафесія акцёра, чаму не адпускае дагэтуль, нягледзячы на цяжкасці?

― Мяне з трох гадоў адправілі ў тэатральную студыю, куды я хадзіў пакуль не споўнілася шаснаццаць. Потым ― гуманітарны ліцэй і нарэшце Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Прафесія акцёра цікавая тым, што вучышся ўсё жыццё, кожны дзень. Няма межаў прафесійнага станаўлення. Іншая справа ― важна сустрэць педагога, які дапаможа паверыць у сябе, абудзіць у табе асобу акцёра, прагу да творчасці. Мае бацькі спартсмены, таму я таксама ў пэўны момант засумняваўся… Але сцэна перамагла. Яна валодае па-добраму наркатычнай сілай, зацягвае і не адпускае. Мне падабаецца, што можна пераўвасабляцца, пражываць, пераасэнсоўваць некакалькі лёсаў за тыдзень, і заставацца сабой. У сцэне, зараз я маю на ўвазе тэатр, крыху ўзнятай над залам, над рэчаіснасцю, ёсць сакральны сэнс. Мы мяняем свае ролі ўсё жыццё: калі становімся бацькамі ці шукаем іншае месца працы, захапляемся маляваннем ці сустракаем на сваім шляху каханага чалавека… Гэта не падман, а проста змена сцэнарыяў, рух. Толькі ў тэатры гэта ўсё ўмяшчаецца ў некалькі гадзін. Вось у чым магія. Прыцягальна яшчэ і тое, што ты валодаеш увагай людзей, быццам ілюзіяніст, і можаш праз ролю выказацца ― часам не проста па сцэнарыі, а ад сябе.

― Ці дапамагае прафесія ў зносінах з людзьмі? У сям’і? Акцёрскі шлюб ― гэта партнёрства ці канкурэнцыя?

― Акцёр апрыёры больш разняволены і лепш разбіраецца ў псіхалогіі, бачыць, хто заціснуты ў сябе, а хто адкрыты, абараняецца ці, наадварот, не супраць стасункаў. Табе не трэба пераадольваць сябе, саромецца, каб прывыкнуць да новага чалавека альбо кампаніі. Не ўсе, канечне, разумеюць нашу захапляльнасць, некаторым гэта нават падаецца нейкім вар’яцтвам (смяецца). З жонкай, Юліяй Кадушкевіч, мы працуем у розных тэатрах, таму пра канкурэнцыю і размова не ідзе. Калі разам іграем у спектаклі ― гэта таксама толькі на карысць абодвум. Відаць, усё залежыць ад узаемаразумення. Акцёрскі шлюб складаны ў іншым ― у кожнага бываюць моманты дэпрэсіі, калі цябе не заўважаюць, ты не бачыш перспектыў ці не адчуваеш натхнення. І важна, каб адзін у гэтым выпадку падтрымаў другога. Вось і ўвесь рэцэпт шчасця.

Марыя ВОЙЦІК. Фота з асабістага архіва «Акцёр Раман Падаляка».

Надрукавана ў газеце "Літаратура і мастацтва"

Загаловак у газеце: Дваістасць акцёрскага свету

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.