Вы тут

VivaItalia, VivaBelarus!


Хто не бываў у Італіі, той, магчыма, не бачыў самага галоўнага ў гэтым свеце!.. «Увидеть Париж и…», «Стамбул — город контрастов», «Нью-Ёрк — сталіца свету»… Колькі яшчэ ў нашай свядомасці культуралагічных, нават цывілізацыйных штампаў, якія ў пэўным сэнсе адпавядаюць рэальнасці і часткова містыфікуюць яе. Але «Музей пад адкрытым небам» — Італія — з’яўляецца не містыфікацыяй, а сапраўды цудам з цудаў гэтага свету! Яе сярэднявечныя і рэнесансныя Фларэнцыя і Венецыя былі ў тыя часы сусветнымі сталіцамі, цэнтрамі культуры і цывілізацыі, куды імкнуліся, на што арыентаваліся… Пра гэта, напэўна,— на мармуровай пліце з Мірскага замка, дзе напісана «Гэта мая Італія». Пра гэта сведчаць і тысячы-мільёны іншых рэмінісцэнцый і сентэнцый пра Італію — найлепшую і непаўторную!


Туды імкнуліся ўсе вялікія з іншых краін, ёю натхняліся ўсе геніяльныя, мераючы крокамі антычныя вуліцы, дзівячыся гатычным і рэнесансным шэдэўрам, здзіўляючыся бясконцасцю і багаццем барочных фантазій, смакуючы водар старадаўніх садоў і паркаў, захапляючыся культурай Рамантызму і шматграннай сучаснасці…Туды ехалі ў папскі Рым прадстаўляць свае краіны князі, курфюрсты і каралі; усімі дарогамі ішлі пілігрымы ў духоўныя цэнтры, а ў самыя старадаўніяі лепшыяеўрапейскія ўніверсітэты спяшаліся выдатныя прадстаўнікі розных народаў…

Туды лятуць, едуць, плывуць турысты з эпохі Рэнесансу. Самым знакамітым нашым земляком, турыстам-пілігрымам тады быў малады нясвіжскі князь Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка — будучы натхнёны Італіяй знакаміты стваральнік «ідэальнага горада» Нясвіжа. Рэнесансная сталіца Радзівілаў з раннебарочным фарным касцёлам — адным з самых першых у свеце храмам Барока, сама стала крыніцай натхнення многіх творцаў і «маленькім Рымам для турыстаў» у Беларусі, як і яе прататып — Італія… Адзінаццаць мільёнаў турыстаў за год толькі ў адной Венецыі — унікуме з усіх унікальных гарадоў-музеяў свету. Туды едуць, таму што там бачаць і адчуваюць не «навадзел», а сапраўдныя старадаўнія аўтэнтычныяпомнікі, якія людзі рупліва зберагаюць, засцерагаючы ад неспрыяльных умоў, салёнай вады, цэнячы кожную старую цаглінку, брус, металічную кованку-драбніцу!

Пра ўсё гэта думалася салістам беларускага ансамбля «Вытокі» Ірыне Аўдзеевай, Сяргею Махаву і аўтару гэтых радкоў, якія сёлета пачалі свае працяглыя вандроўкі па Італіі. Ідэя музычнага падарожжа нарадзілася падчас кульмінацыйных мерапрыемстваў фэсту«Год Агінскага ў Залессі» ў 2015 годзе, які заснавалі «Вытокі»ў былой княжацкай рэзідэнцыі, адрэстаўраванай ужо ў якасці сядзібы-музея Агінскіх. 10 музычных праграм, якія ансамбль прадставіў у Залессі і Мінску, а таксама ў Літве і Польшчы, і 10 экскурсійных тэматычных маршрутаў па Беларусі, прысвечаных Агінскім і падрыхтаваных да юбілею Міхала Клеафаса, падштурхнулі да ідэі ўшанаваць нашага вялікага земляка там, у далёкай Фларэнцыі, дзе ён марыў пра Радзіму, дзе быў створаны апошні паланэз і дзе яго душа ўзнеслася на неба…

Пра канцэрт у Фларэнцыі, у славутай базіліцы Санта Крочэ, пад купалам капэлы, створанай італьянскім геніем Брунелескі, дзе беларускія калектывы яшчэ ніколі не выступалі, можна распавядаць бясконца. Разам з галоўным Домскім Саборам Фларэнцыі базіліка Святога Крыжа займае выключнае месца сярод іншых шэдэўраў італьянскага «Горада-Кветкі». Унікальны ансамбль гатычнай архітэктуры, жывапісу і пластыкі, расквечаны элементамі рэнесансу і барока, цудоўны не толькі сам па сабе. Тут сфарміраваўсясапраўдны маўзалей геніяльнасцей. У базіліцы ўдастоіліся завяршыць свой зямны шлях каля 300 найвялікшых талентаў і геніяў Італіі і іншых краін. (Дарэчы, тут спачывае вялікі кампазітар Джаакіна Расіні.) Сярод іх, на асабліва адметным месцы, у найбліжэйшай да алтарнай апсіды капліцы — выдатны помнік нашаму славутаму земляку, дыпламату ікампазітару, князю і грамадзяніну сваёй краіны Міхалу Клеафасу Агінскаму. Гэтае вельмі важнае месцабазілікі Санта Крочэ, як падкрэсліла для нас навуковы куратар сабора, паказвае значную ролю нашага героя ў гісторыі і культуры Еўропы… Гукі яго музыкі ў храме зноў сталі актуальнымі, звязалі, аб’ядналі ў адным месцы розную геаграфію, розныя эпохі і лёсы, закранулі сэрцы слухачоў і, здавалася, расчулілі нават каменную музу каля яго помніка...

Былі і іншыя выступленні ансамбля, творчыя сустрэчы, напрыклад, у Падуанскім універсітэце, для якога «Вытокі» падрыхтавалі праграму нашай самай даўняй музыкіXVI ст., беларуска-італьянскі канцэрт у гонар будучага юбілею Бібліі Скарыны і ўсяго ўсходнееўрапейскага кнігадрукавання…

Падчас вандраванняў шляхамі Агінскіх, Міколы Гусоўскага і ФранцыскаСкарыны ў Італіі ўдалося выявіць і некаторыя іншыя факты і артэфакты, звязаныя з Беларуссю. Так, напрыклад, у адной са старажытных залаў Падуанскага ўніверсітэта мы знайшлі герб Радзівілаў, які яшчэ не зафіксавалі беларускія даследчыкі славутага роду. Гэтая зала без вокнаў — па сутнасці, навуковая лабараторыя пры анатамічным тэатры лепшага ў свецеўніверсітэта ў галіне медыцыны. Туды дапускалася вельмі абмежаванае кола навукоўцаў і студэнтаў. Як высвятляецца, наш нясвіжскі князь Ян Юрый Радзівіл (сын згаданага на пачатку Радзівіла Сіроткі) у 1620-х гадах быў не толькі адным з «абраных» вучыцца там медыцыне, але і ўганараваны мемарыялізацыяй сваёй прысутнасці фамільным гербам на славутых старажытных сценах. Асоба з пакручастым лёсам, вартая новага Дзюма… А ў вольны ад навукі і вучобы час Радзівіл таксама падарожнічаў па Італіі, фехтаваў і іграў на лютні...

Культуралагічныя і асветніцкія ідэі ансамбля салістаў «Вытокі» даволі хутка знайшлі падтрымку ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі ў намесніка міністра Алены Мікалаеўны Купчыной і ў пасла Беларусі ў Італіі Аляксандра Яўгенавіча Гур’янава, якія пранікліся важнасцю гэтага праекта для беларускай культуры і ўмацавання сяброўскіх культурных сувязей паміж нашымі краінамі.

Варта ўзгадацьі рупліўцаў нашай культуры, працай і даследаваннямі якіх ажывае памяць пра старажытны беларускі арыстакратычны род Агінскіх, пра Міхала Клеафаса, які паяднаў сваім лёсам і творчасцю, спадчынай і нашчадкамі ўжо тры народы. Гэта класік беларусістыкі,доктар філалогіі, прафесар Адам Мальдзіс, «першая скрыпка» сярод даследчыкаў беларускай музыкі, прафесар, доктар мастацтвазнаўства Вольга Дадзіёмава, заслужаны артыст і выдатны музычны асветнік Беларусі Віктар Скорабагатаў, мастак-рэстаўратар, зберагальнік і ратавальнік Залесся ў самыя цяжкія для сядзібы гады Сяргей Верамейчык, дзяржаўны рупліўца, аўтарытэтны дыпламат і выдатны дзеяч культуры Уладзімір Шчасны, стваральніца прыгожай і змястоўнай экспазіцыі сядзібы-музея Зінаіда Кучар, аўтар найбольш разгорнутых даследаванняў пра Міхала Клеафаса, манаграфіі пра яго, кандыдат мастацтвазнаўства Святлена Немагай, маладзечанскае шырокае кола агінталюбаў і папулярызатараў яго спадчыны на чале з дырэктарам музычнага каледжа Рыгорам Сарокам. Неабходна ўзгадаць многіх нашых сяброў па той бок мяжы, асабліва выдатнага даследчыка і энтузіяста, дырэктара Рэтаўскага музея Агінскіх Вітаса Руткаўскаса. Дзякуючы ім праз вяртанне да нас спадчыны Міхала Клеафаса збліжаюцца зноў і нашы народы, і нашы культуры, якія адкрываюць большую глыбіню і высокія перспектывы.

Аляксей ФРАЛОЎ, мастацкі кіраўнік Ансамбля салістаў «Вытокі».

Беларускія музыканты ля пахавання М.-К. Агінскага ў базіліцы Санта Крочэ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».