Вы тут

Падводзім вынікі Алімпіяды ў Бразіліі


Гульні ў Рыа яшчэ да свайго пачатку абяцалі стаць самымі скандальнымі. Усё пачалося са скарачэння бюджэту і недабудаваных спартыўных аб'ектаў і прадоўжылася жахлівымі вірусамі, якія нібыта пагражалі жыццю спартсменаў і гасцей Бразіліі. Па прыездзе атлетаў у алімпійскую вёску ў СМІ раз-пораз з'яўляліся каментарыі спартсменаў, якія былі незадаволеныя то ўмовамі пражывання, то харчаваннем. Не сказаць, што падобных праблем не ўзнікала на мінулых Гульнях. У Лондане, напрыклад, некаторыя дэлегацыі таксама скардзіліся на алімпійскі рацыён. Але ў Бразіліі такіх казусаў было ўжо занадта шмат.


Да ўсяго гэтага дадаваліся допінгавыя скандалы і злачыннасць, ахвярамі якой станавіліся і заўзятары, і спартсмены, і журналісты. Былі, вядома, і бліскучыя перамогі атлетаў, якія ўлюблялі ў сябе ўсё больш заўзятараў, дзіўныя ўчынкі некаторых удзельнікаў і неверагодна крыўдныя паражэнні. Напэўна, гэта ўсё тое галоўнае, чым запомнілася Алімпіяда-2016, якая стала ўжо гісторыяй.

Нас, вядома, больш хвалюе ўласная зборная, вынік якой ужо ўпісаны ў алімпійскі рух Беларусі. Дасягненні нашых атлетаў перакрывалі ўсе дрэнныя навіны, а кожны медаль, нават не залаты, успрымаўся як вялікая перамога.

Мы ехалі ў Бразілію ва ўсечаным складзе, прычыны ўсім вядомыя. У выніку 124 спартсмены — антырэкорд па колькасці прадстаўнікоў Беларусі на Алімпійскіх гульнях. Кіраўніцтва спартыўнай галіны і прэзідэнт краіны ўпершыню за доўгія гады публічна не агучвалі медальны план на Рыа, не было нават намёкаў. А вось замежныя выданні ў сваіх прагнозах да старту Гульняў упэўнена аддавалі Беларусі 7 медалёў. Пасля адхілення мужчынскай зборнай па веславанні некаторыя прадракалі нам наогул 5 алімпійскіх узнагарод.

У выніку і тыя, і другія памыліліся: у скарбонцы зборнай дзевяць медалёў (1 залаты, 4 сярэбраныя і 4 бронзавыя). Гэта найменшая колькасць узнагарод з 1996 года, калі Беларусь упершыню была прадстаўлена незалежнай камандай на летніх Гульнях.

— Яшчэ перад пачаткам Алімпіяды і НАК, і Мінспорту заяўлялі, што будуць вельмі складаныя старты і неабходна выступіць так, каб беларускі народ ганарыўся сваімі спартсменамі, — сказаў Максім Рыжанкоў, першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта, падводзячы вынікі выступлення беларускіх атлетаў у Рыа. — На мой погляд, зыходзячы з умоў, у якіх аказаліся многія беларускія спартсмены не па сваёй віне перад стартам летняй Алімпіяды ў Бразіліі, наша каманда выступіла годна. Хоць дзесьці і недапрацавалі.

Ацэньваючы выступленне як дастойнае, Максім Уладзіміравіч адзначыў не толькі пераможцу і прызёраў Гульняў, але і тых атлетаў, якія ўшчыльную наблізіліся да ўзнагарод, а іх вынікі цалкам можна лічыць медальнымі.

— У першую чаргу гэта Уладзімір Самсонаў. Беларус адзіны з еўрапейцаў аказаўся ў паўфінале. І гэта ў 40-гадовым узросце, з сур'ёзнай траўмай рэбраў. Самсонаў выдатны спартсмен. Парадавала і Вольга Мазуронак, якая змагла навязаць барацьбу афрыканкам у марафоне. Хацелася б падзякаваць і Арзамасавай. Ёй складана было змагацца з трыма атлетамі незразумелай гендарнай прыналежнасці. Не стану аспрэчваць рашэнне Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі, праводзіць тэсты, але бачыць, як фактычна мужчына апярэджвае дзяўчат і атрымлівае медаль...

Першы віцэ-прэзідэнт НАК адзначыў, што да алімпійскага сходу, які хутка адбудзецца ў краіне, Прэзідэнту будуць падрыхтаваны прапановы па тым, што неабходна змяніць, каб у будучыні заваёўваць большую колькасць алімпійскіх узнагарод. Таксама, падводзячы вынікі, Максім Рыжанкоў адразу акрэсліў галоўны круг праблем сучаснага беларускага спорту.

— Самыя сур'ёзныя праблемы — трэнерскія кадры і медыцына. Нашы трэнеры прывыклі працаваць па-старому, а гэтая сістэма ўжо не спрацоўвае. Не могуць і асцерагаюцца зазірнуць у новыя метадычныя распрацоўкі, вывучыць іх. Імкнуцца знайсці лёгкія шляхі для дасягнення выніку, адсюль і пытанні з допінгам. Цяпер складана крытыкаваць нашых спартыўных лекараў. Чатыры гады таму ў Мінспорту знеслі хай і невялікі, але ўсё ж такі цэнтр спартыўнай медыцыны, а цяпер дактары туляцца ў памяшканнях па ўсім горадзе. Ідзе прыём у звычайнай гарадской паліклініцы. Выдатна разумею, калі Беларусь хоча называцца сур'ёзнай спартыўнай краінай, пытанне трэба вырашаць. Гэта толькі маленькі бытавы прыклад.

Падобнай пазіцыі прытрымліваецца і міністр спорту краіны Аляксандр Шамко. Ацэньваючы вынікі беларускай зборнай, ён адзначыў, што правальным наша выступленне назваць не ў якім выпадку нельга. І падкрэсліў, што ў параўнанні з мінулай Алімпіядай краіна была прадстаўлена значна «амалоджанным» складам, што дала вынік не толькі цяпер, але і прынясе свой плён у будучыні.

— Чатырма маладымі дэбютантамі Алімпіяды заваявана амаль палова (44,4%) медалёў. Для маладых спартсменаў гэта бясцэнны вопыт, у тым ліку ў псіхалагічным плане, і праца на перспектыву, з прыцэлам на Гульні 2020 года ў Токіа. Вынікі Алімпіяды 2016 года ў цэлым могуць сведчыць аб дастатковай канкурэнтаздольнасці сучаснай беларускай сістэмы падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву, у адрозненне ад мінулых Гульняў, дзе вынікі былі дасягнуты ў асноўным атлетамі, якія ўжо мелі вопыт удзелу ў адных або некалькіх Алімпіядах, — сказаў Аляксандр Ігаравіч.

Канчатковыя вынікі Алімпіяды-2016 будуць падведзены на Алімпійскім сходзе пасля дэталёвага аналізу выступлення кожнага спартсмена, там жа і вызначацца канкрэтныя задачы на наступны алімпійскі цыкл.

Загаловак у газеце: Поспех, правал ці сваё месца?

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.