Вы тут

На Магілёўшчыне адкрылі ўнікальны музей, прысвечаны савецкаму мінуламу


Бюсты правадыроў камуністычнага руху, патэфоны, першыя фотаапараты, грошы, нават сеткі, з якімі савецкія грамадзяне хадзілі ў краму — у незвычайным музеі знайшлося месца для 3 тысяч рэчаў часоў СССР. Такі падарунак сабе і ўсім, каму цікавая савецкая эпоха, зрабіла круглянская ПМК-266.


— Ідэя належыць непасрэдна нашаму начальніку Мікалаю Патрончыку, а мы ўсе з задавальненнем яе падтрымалі. Экспанаты сабралі вельмі хутка, нават далёка не выязджаючы з раёна. Людзі, калі чулі, для якіх мэт мы ўсё гэта збіраем, аддавалі без шкадавання. Або прадавалі за сімвалічную цану. У аднаго пенсіянера, напрыклад, захавалася статуэтка Сталіна ў поўны рост. Ён спачатку яе не хацеў аддаваць, але потым пагадзіўся. Экспанат убачыць шмат людзей, ды і захаваецца ён лепш. Мы скампанавалі ўсе рэчы па раздзелах, і цяпер яны самі расказваюць, як мы жылі, — паведаміў намеснік начальніка ПМК-266 па сацыяльных пытаннях Уладзімір Аляхновіч.

Экспазіцыя вяртае ў эпоху татальных чэргаў, павальнага захаплення фотамастацтвам і добрага пазітыўнага кіно. Нават зроблена ў выглядзе кадраў з кінахронікі. Тут сабрана добрая калекцыя савецкіх грошай, фотаапаратаў, радыёл, магнітафонаў. Адзін з раздзелаў прысвечаны дзейнасці самой ПМК, якая адзначыла сёлета паўстагоддзя. Уласна кажучы, яна таксама родам з СССР.

Руплівыя захавальнікі гісторыі знайшлі месца нават для дэманціраванага з плошчы райцэнтра помніка Леніну. Пасля рэканструкцыі ён заняў месца побач з будынкам музея, запрашаючы павандраваць па савецкай мінуўшчыне.

Дарэчы, гэты музей не адзіны на тэрыторыі этнатуркомплексу «Мікалаеўскія сажалкі», які размешчаны на месцы былой вёскі Лыскаўшчына ў Круглянскім раёне. Гэта месца вядома яшчэ і тым, што тут правёў апошнія гады свайго жыцця і быў пахаваны вядомы рускі мастак Мікалай Неўраў. ПМК-266 аднавіла домік, дзе ён жыў, і цяпер там можна ўбачыць майстэрню жывапісца і копіі яго славутых карцін. Побач створаны яшчэ і этнаграфічны музей.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Праз Круглае ў СССР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».