Вы тут

Ці шмат сёння каштуе антыкварыят?


Глядзелі перадачу па канале Dіscovery, дзе два мужчыны скупляюць закінутыя склады і шукаюць, што цікавага там забылі папярэднія ўладальнікі? Раз на раз не прыходзіцца, але часта ім удаецца адкапаць сярод старых і непрыдатных да карыстання рэчаў сапраўдны антыкварыят. Магчыма, гэтыя каштоўныя знаходкі ўсяго толькі ўмелая тэлепастаноўка, але хочацца верыць, што ў жыцці такое таксама бывае. Ці шмат сёння даюць за старадаўнія рэчы? Мы вырашылі даведацца, колькі ў нашых антыкварных крамах гатовы заплаціць за рарытэты, і паспрабаваць што-небудзь прадаць.


На­шы ра­ры­тэ­ты, на жаль, ака­за­лі­ся  не та­кі­мі каш­тоў­ны­мі, як ха­це­ла­ся б.

Старая капейка па цане дзесяці новых

Мэблевага гарнітура ХVІІІ стагоддзя, які б можна было выгадна прадаць, у мяне, на жаль, не аказалася. З бабулінага сервіза, здаецца, таксама нічога антыкварнага няма — набор чарак з графінам у выглядзе рыбак ёсць, бадай, ці не ў кожнай сям'і. Але пару цікавых рэчаў з дапамогай знаёмых усё ж такі сабралі.

Лот першы — царская манета. Капейку 1903 года пазычыла для эксперымента калега. Знайшла яе неяк, перакопваючы агарод. «Калі што, 30 працэнтаў ад продажу мае», — адразу папярэдзіла мяне калега. Ведала б яна, пра якую суму пойдзе размова...

Пазелянелую медную капейку прапанавала некалькім калекцыянерам у інтэрнэце. «Куплю царскія манеты. Дорага», — абяцалася ў аб'явах. Аб'яў шмат, значыць, попыт павінен быць, наіўна вырашыла я і ўжо чакала, калі мне за рарытэт часоў Мікалая ІІ прапануюць кругленькую суму.

Большасць напісала, што ў такім стане іх манета не цікавіць, гатовы прыняць толькі тыя, якія добра захаваліся (дарэчы, з гэтай жа прычыны яе адмовіліся ўзяць у антыкварнай краме). Але адзін чалавек пагадзіўся набыць. За круглую суму — 10 капеек.

Аказалася, што, нягледзячы на свой узрост, гэтая манетка не такая каштоўная. 1 капейка 1903 года была выпушчана тыражом 74 мільёны экзэмпляраў. Для параўнання, капейка 1905-га мела тыраж у 23 мільёны. Таму такіх манетак да нашых часоў дайшло вельмі шмат (на беларускіх аўкцыёнах гэтыя лоты не надта запатрабаваныя), і нават у выдатным стане іх кошт складае 15—45 рублёў. А ў добрым, да якога наша капейка таксама не дацягвае, — усяго рубель-два.

Булённыя кубікі і мінчане

Лот другі — старая нямецкая паштоўка. Прыяцелька нядаўна атрымала яе ў падарунак. Казала, што нават паказвала яе камусьці з антыквараў і той запэўніў, што рэч каштоўная.

Пагугліла. Картка гэтая — адна з тых, што выпускаў нямецкі хімік Юстус Лібіг у канцы ХІХ стагоддзя, каб разрэкламаваць свой мясны экстракт (прататып сучасных булённых кубікаў). Тэкст на адваротным баку паштоўкі ва ўсю нахвальвае прадукт (пішуць, што ён быў вельмі высока ацэнены на першай Сусветнай выставе 1867 года) і абяцае, што ён выратуе нават самы вадкі суп і незаменны ў любым пірагу («асцерагайцеся падробак!»). На саміх картках гэтай серыі друкаваліся каляровыя малюнкі, прысвечаныя архітэктуры, жывёлам, прыродным з'явам, гісторыі. У інтэрнэце адзначаюць: усе паштоўкі выкананы ў адзіным экзэмпляры. На маёй — выява сялян у традыцыйных строях. Подпіс «Рускія нацыянальныя касцюмы», а ў іншым кутку пазначана — «Мінск».

Здаць картку ў антыкварную краму не ўдалося. Такую катэгорыю рэчаў не прымаюць. «Калі б вы прынеслі карціну, узялі б на рэалізацыю, а так — прабачце», — развяла рукамі кансультант у адным з салонаў.

У выніку змагла знайсці нейкага скупшчыка ў сеціве. Той зацікавіўся, але напісаў, што на сур'ёзныя грошы магу не разлічваць. «Напэўна, я вас расчарую, але кошт падобных картак невялікі — 2-3 долары. Толькі таму, што ёсць надпіс «Мінск», гатовы заплаціць пяць долараў», — адказаў мне патэнцыйны пакупнік. Расчараванне — не тое слова. Мо калекцыянер проста паскупіўся?

Час­цей за ўсё ў ан­ты­квар­ныя кра­мы  зда­юць са­вец­кі фар­фор.

Падробкі не пройдуць

Спіс рэчаў, якія можна прадаць праз антыкварную краму, насамрэч вялікі. Салоны прымаюць мэблю, посуд, статуэткі, абразы, гадзіннікі і шмат чаго яшчэ. Галоўныя крытэрыі — узрост (мінімум 50 гадоў) і ўнікальнасць.

Ацэншчык аглядае ваш рарытэт і рэкамендуе цану. Грошы зможаце атрымаць толькі пасля продажу. Камісія крамы — 10—30 працэнтаў. За захоўванне ў многіх салонах плаціць не патрабуюць. Калі прадмет стаіць месяц-два і ім ніхто не цікавіцца, уладальніку прапануюць забраць свой антыкварыят. Праўда, такое бывае не часта: крамы проста не бяруць на рэалізацыю рарытэты, у якіх не ўпэўнены.

Таваравед «Крамы старажытнасцяў» Ірына Шэлег кажа, што часцей за ўсё прыносяць савецкі фарфор. У цане — посуд і фігуркі розных заводаў: Пецярбургскага, Мінскага, Дулёўскага, Палонскага, мануфактуры ў Вярбілках. За невялікія статуэткі можна атрымаць на рукі каля 200 рублёў. Вырабы, прывезеныя з ГДР, ацэньваюцца крыху даражэй.

Нярэдка хочуць прадаць абразы, якія засталіся ад бабак і дзядоў. За адзін драўляны абраз пачатку ХХ стагоддзя (вышынёй каля 30 сантыметраў) у сярэднім даюць 900 рублёў.

Ці спрабуюць збыць у антыкварныя крамы падробкі? Кансультант іншага салона на вуліцы Багдановіча прызнаецца: бываюць выпадкі. Але гэта часцей па няведанні.

— Напрыклад, былі людзі за мяжой у адпачынку, набылі там сучасны фарфор за капейкі. А вярнуўшыся, вырашылі паспрабаваць прадаць яго, каб падзарабіць. Але нашых ацэншчыкаў не падманеш, — запэўнівае дзяўчына-кансультант.

Галава Леніна і сярэбраная сальніца

Што можа дазволіць сабе купіць у антыкварнай краме беларус з сярэднестатыстычным заробкам у 745 рублёў? Самыя танныя рэчы — старая біжутэрыя і дробныя савецкія фарфоравыя фігуркі. Каштуюць ад 20 рублёў. Нядорага прадаюць посуд сярэдзіны мінулага стагоддзя: за 30 рублёў можна набыць хрустальную салатніцу ці набор з шасці келіхаў.

Шукаю што-небудзь цікавейшае. За 100 рублёў гатовы аддаць велізарную галаву Леніна 50-60-х гадоў (ведаць бы, хто ж яе купіць і куды паставіць?). За 260 прапануюць сярэбраную сальніцу, крыху большую за напарстак. Масква, 1900 год, майстар Клінгерт Густаў. З цэннікам ад 500 рублёў выстаўлены дарэвалюцыйныя самавары. Праўда, на самы дарагі сярэднестатыстычнага заробку ўжо не хопіць — за яго просяць 1500 рублёў.

Антыкварная мэбля таксама не ўпісваецца ў бюджэт. Кошт шырокага мяккага крэсла з абіўкай у «турэцкія агуркі» — чатыры тысячы рублёў.

Цікаўлюся ў крамах наконт самых дарагіх рарытэтаў. У адным салоне імі аказаліся рэчы коштам па 14 тысяч. Горка, вырабленая ў ХІХ стагоддзі ў Еўропе, з разьбой і жывапісам, і бронзавая скульптура «Багіня міру» (прывезена з Францыі, датуецца 1850-мі гадамі). У іншай краме сярод найбольш каштоўных рарытэтаў — вялікая фарфоравая статуэтка бога вайны Марса (мануфактура Мэйсан, Германія). З прыватнай калекцыі. Развітацца з прыгажосцю ХVІІІ стагоддзя гатовы за 15 тысяч рублёў. А за 25 тысяч прапануюць набыць абраз ХVІІ стагоддзя.

За самы дарагі экспанат, які ўдалося знайсці ў продажы, прасілі амаль у тры разы больш — 70 тысяч! У столькі ацанілі падлогавы гадзіннік сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Двухметровы рарытэт, выкананы з масіву дрэва, быў выраблены ў Францыі і захаваўся ў выдатным стане.

Дарэчы, рарытэты ў антыкварных салонах набываюць не толькі прыватныя асобы. Часам такім чынам свае калекцыі папаўняюць раённыя музеі. У адной з крам расказалі, што ў іх куплялі рэчы, напрыклад, для музеяў у Горках, Маладзечне.

Гэта важна

Згодна з указам №485 «Аб удасканаленні аховы археалагічных аб'ектаў і археалагічных артэфактаў» забараняецца прадаваць знойдзеныя ў зямлі рэчы, узрост якіх большы за 120 гадоў і якія маюць культурнае, мастацкае ці гістарычнае значэнне.

Адпраўляць пасылкі са старадаўнімі капейкамі замежным калекцыянерам таксама нельга. Манеты, вырабленыя больш за 100 гадоў таму, незалежна ад колькасці і вартасці, лічацца культурнымі каштоўнасцямі, і высылаць іх за межы Еўразійскага эканамічнага саюза незаконна.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Прадаць антыкварыят

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?