Вы тут

Аляксей Пяркоў: мусіў працаваць з чалавекам, які сядзеў за канібалізм


Раней я думаў, што ў міліцыі менавіта ўчастковым інспектарам па сваёй службе прыходзіцца мець справу з самымі маргінальнымі прадстаўнікамі грамадства. Цяпер разумею: не толькі ім...


«Былыя зняволеныя даволі скрытныя людзі. Лішняга не скажуць»

З Аляксеем Пярковым, старшым інспектарам крымінальна-выпраўленчай інспекцыі Першамайскага РУУС сталіцы, сустракаемся ў яго кабінеце. Малады міліцыянер паводзіць сябе даволі ветліва, але ад гісторый з праваахоўнай практыкі валасы на галаве дуба становяцца.

— Спецыфіка нашай працы ў наступным. Мы кантралюем прыбыццё былых зняволеных, ставім іх на ўлік (ад 6 месяцаў да 2 гадоў), праз прафілактыку стараемся папярэдзіць новыя злачынствы, — робіць невялічкі лікбез Аляксей. — Працую з тымі, хто знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам: паўналетнімі, якія здзейснілі цяжкае альбо асабліва цяжкае, наўмыснае злачынства і адбывалі пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. Кожны месяц яны павінны прыходзіць да мяне і адзначацца.

Суразмоўца паказвае на добры стос папак, у якіх падрабязна распісаны заганы кожнага падапечнага.

— Зараз у мяне 50 падсправаздачных. Сярод іх пераважаюць мужчыны, але ёсць і дзве жанчыны — былыя наркаманка і рабаўніца. Той, хто сядзеў за скрадзены мех бульбы, у такую кампанію не трапіць. Тут, паўтаруся, толькі тыя, хто сядзеў двойчы і больш за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы: забойцы, рабаўнікі, зладзеі, гвалтаўнікі, наркаманы...

— Кантынгент не з прыемных...

— Так, але нам з імі прыходзіцца працаваць. У крымінальна-выпраўленчай інспекцыі ёсць іншыя напрамкі, дзе кантактуюць, па вялікім рахунку, з нядрэннымі людзьмі, якія спатыкнуліся ўпершыню. А мы працуем з закаранелымі злачынцамі, якія ведаюць добра, што такое турма і калонія. Мне даводзілася мець справу з мужчынам, які правёў за кратамі 40 гадоў. Турма — гэта яго жыццё. Але такіх ужо няшмат засталося.

На сваёй пасадзе Пяркоў пяць гадоў. Кажа, што нагледзеўся і наслухаўся рознага. У свой час мусіў працаваць з чалавекам, які сядзеў за канібалізм. Сюжэт здарэння звычайны, але канцоўка — не вельмі. Кампанія, у якой былі сваякі, выпівала, а пасля сын дапамог маці ў забойстве, потым — у знішчэнні цела.

— Гутарыў з гэтым мужчынам пасля таго, як ён стаў да нас на ўлік, — узгадвае Аляксей. — У турме правёў дваццаць гадоў. За гэты час у жыцці змянілася многае, і ён нагадваў мне дзікага звера. Тым не менш яго ўладкавалі на працу — дворнікам. Не п'е. Жыве з жанчынай. Магчыма, змяніўся.

— А які працэнт тых, хто праходзіць праз вас, працаўладкоўваюцца і пачынаюць новае жыццё?

— 50 на 50. Усё залежыць ад чалавека. Ёсць гатовыя вярнуцца ў турму. Такіх нават не пераканаць, амаль немагчыма прымусіць працаваць. А некаторыя сем'і ствараюць, дзяцей нараджаюць... Многіх гэта стрымлівае, яны мяняюць погляды на жыццё, стараюцца адаптавацца да нармальнага, прыстойнага існавання.

— Мне здаецца, пасля дваццацігадовага знаходжання ў няволі зрабіць гэта надта складана.

— Складана. Адразу нават вельмі. За гэты час мяняюцца грошы, мяняецца горад. Шмат змен адбываецца ў грамадскім жыцці краіны. Добра, калі чалавек вызваліўся, і яму ёсць да каго ехаць, ёсць дзеля каго жыць. А многім пасля турмы проста няма куды ісці. Сваякі альбо паміраюць, альбо не хочуць іх бачыць. Такі чалавек застаецца сам-насам з сабой. Але, пастукаю па дрэве, выпадак, калі чалавек вярнуўся на волю і амаль адразу ўчыніў злачынства, адбыўся толькі пазалетась. Ён сядзеў за крадзеж і за крадзеж вярнуўся за краты.

— Якія пытанні хвалююць гэтых людзей?

— Яны даволі скрытныя людзі. Лішняга стараюцца ніколі не казаць. Але нам абавязкова трэба з імі размаўляць. Нам важна ведаць, чым яны дыхаюць, якія ў іх планы на будучыню. Стаўлюся да іх спакойна. Стараюся выкарыстоўваць метад пераканання. З кожным свая спецыфіка працы. Напрыклад, наркаманам верыць трэба не заўжды. Яны гатовыя ўсё зрабіць дзеля новай дозы. Кожнаму пакідаю свае гарадскі і мабільны нумары тэлефонаў. Многія кажуць, маўляў, Лёша, навошта ты гэта робіш, яны ж уначы тэлефанаваць будуць. І звоняць сапраўды. Аднак раблю гэта дзеля таго, каб мне знайсці іх было прасцей, падтрымліваць з імі сувязь. Ніхто, дарэчы, не знікае, пастаянна прыходзяць і трымаюць справаздачу. Бо разумеюць: інакш пагражае адказнасць — штраф альбо адміністрацыйны арышт. А калі парушэнні паўтараюцца, можна заводзіць крымінальную справу.

«Я наогул супраць гвалту. Я гуманіст у душы»

Міліцыянеры мусяць не толькі прымаць былых злачынцаў, але і правяраць іх на кватэрах. Кожны павінен знаходзіцца дома ў адпаведны час. Калі іх няма, гэта ўжо падстава для спагнання. Ходзяць да экс-зняволеных звычайна ўдваіх. Кожны міліцыянер мае пры сабе табельную зброю. Усё ж такі розныя сітуацыі бываюць. Аляксей Пяркоў прыгадвае, што былі выпадкі, калі і з нажамі спрабавалі кідацца на праваахоўнікаў, але ўсё заканчвалася пазітыўна.

Сёння да паднаглядных мы накіроўваемся разам са старшым інспектарам Андрэем Лісіцынам і яго калегай — лейтэнантам Юліяй Дашчэчкай. За змену ім трэба наведаць да дваццаці адрасоў. Мы суправаджаем на трох. Усё ідзе добра. Першы чалавек, які адчыняе дзверы, выглядае бадзёра, хоць твар выдае няпростае мінулае. Размова з міліцыяй доўга не зацягваецца, і мы рушым далей. Праз хвілін пяць ужо на новым адрасе. Андрэй Лісіцын звоніць у дамафон. Доўга не адкрывалі, але потым у дынаміку ўсё ж такі загучаў мужчынскі голас. Дзверы адчынілі, але калі праваахоўнікі зайшлі ў кватэру, запоўненую цяжкім пахам, падапечнай, асуджанай раней за аліменты, там не аказалася.

— Яна выйшла, — сказаў мужчына, які аказаўся яе сужыцелем. — Але неўзабаве будзе.

Чакаць прыйшлося доўга. У выніку супрацоўнікі міліцыі не вытрымалі і самі рушылі на пошукі. Жанчына аказалася ў сяброўкі ў суседнім пад'ездзе. Была ў нецвярозым стане, ісці на кантакт з міліцыяй не надта збіралася. У выніку праваахоўнікі зафіксавалі ўжо чацвёртае парушэнне (што пагражае ёй пазбаўленнем волі) і запрасілі ў РУУС на размову. Міліцыянеры ўпэўнены: на гэту сустрэчу яна прыйдзе абавязкова.

Калі дабіраемся да кватэры наступнага паднагляднага, дзверы адчыняе дзяўчына, чуваць голас дзіцяці. Інтэр'ер выглядае даволі прыстойна. На імгненне здаецца, што мы памыліліся адрасам, аднак усё насамрэч не так проста. Неўзабаве ў пярэдні пакой выходзіць Арсень, які і з'яўляецца мэтай сённяшняга наведвання міліцыянераў. Як кажа сам, парушыў закон, бо абараніў гонар маці. Зрабіў гэта з прымяненнем фізічнай сілы. Усё дайшло да міліцыі. Вось і знаходзіцца пад наглядам.

— Атрымаў два гады «хіміі», — кажа хлопец. — Лічу пакаранне заслужаным часткова. Я ўзорны сем'янін, працую як магу. Нічога дрэннага не раблю. Адказнасць можна было б ужо і зняць. Тая сітуацыя з бойкай адбылася спантанна. Я наогул супраць гвалту. Я гуманіст у душы.

— Ці спрабаваў уладкавацца афіцыйна на працу?

— Большасць такіх, як я, не могуць знайсці сабе працу. Напэўна, нас лічаць нядобранадзейнымі. Але мы добрыя людзі. Многім проста здаецца іначай. З тым, каго пабіў, ужо памірыўся. Я ж кажу, гэта было спантанна.

— І што думаеш пра сваю будучыню?

— Сям'я. Дзеці. Дом. Праца.

Якаў ЖУРБІН

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: «На міліцыянераў кідаліся з нажамі»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.

Спорт

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы.

Культура

«Лістапад» назваў пераможцаў — усё вяртаецца ў звычайнае кола

«Лістапад» назваў пераможцаў — усё вяртаецца ў звычайнае кола

Поруч з салодкім зачараваннем кіно на «Лістападзе» заўсёды ідзе інтрыга — што і каго міжнародныя склады журы назавуць найлепшымі і з якімі фармулёўкамі.

Спорт

Як беларуска Вера Хвашчынская стала найлепшай на кантыненце ў рускіх шашках

Як беларуска Вера Хвашчынская стала найлепшай на кантыненце ў рускіх шашках

Вера Хвашчынская пачала выступаць у дарослых турнірах па шашках у 15-гадовым узросце.