Вы тут

Уладзімір Гніламёдаў: «Кожны пісьменнік стварае сваю літаратуру»


Яго паважаюць. З ім раяцца. Многія маладыя літаратуразнаўцы выбіраюць менавіта яго як навуковага кіраўніка іх дысертацый. І гэта цалкам лагічна: за плячыма Уладзіміра ГНІЛАМЁДАВА, доктара філалагічных навук, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — багаты даследчыцкі і творчы досвед. Ён выхаваў больш як чатыры дзясяткі аспірантаў, стварыў звыш дзясятка літаратуразнаўчых манаграфій, з грунтоўнымі раманамі, аповесцямі выступае ў друку і як пісьменнік. Мы гутарым з Уладзімірам Васілевічам пра важнасць быць шчырым у творчасці, неабходнасць перачытвання класікі і ўменне здзіўляцца як адну з важных рысаў чалавека.


— Сёння часта кажуць пра вяртанне папулярнасці прозы вялікай формы. Вы таксама ў сваёй творчасці звярнуліся да жанру рамана, больш за тое, аб'ядналі іх у тэтралогію. Чаму аддалі перавагу гэтай форме?

— Сапраўды, ёсць вяртанне да вялікай формы ў розных літаратурах свету, але мне падаецца што беларуская не спяшаецца ў гэтым пытанні. У нас выходзіць не так і шмат раманаў. Што ж да мяне, то, магчыма, пайшоў гэтым шляхам, бо літаратуразнаўства не давала ўсіх магчымасцяў асэнсаваць свой час, усё ХХ стагоддзе, сучаснікаў, гістарычныя асобы, змену пакаленняў, якія дае белетрыстыка. Я паспрабаваў — гэта было ў час перабудовы, шмат раіўся з прафесарам Уладзімірам Калеснікам, іншымі калегамі. Яны мяне натхнілі — і пачаў пісаць. Гэта ж цікава, прыгадаць тых, з кім калісьці жыў, аднавяскоўцаў, знаёмых, землякоў, іх непаўторныя характары. Нездарма ж пісьменнік Мілан Кундэра называе раман «замкам незабыўнага». Гэта памяць, якая заўсёды жывая. Яна ажыўляе людзей і калізіі нашага жыцця.

— Як лічыце, чаму айчынныя аўтары ўсё ж такі не спяшаюцца пісаць раманы?

— З аднаго боку раман дастае глыбіні ўнутранага свету персанажаў, а з другога — гэта жанр дзяржаўны, палітычны. І ў час, калі Беларусь стала незалежнай краінай, літаратура павінна падтрымаць яе незалежнасць менавіта раманамі. Якасным сучасным эпасам, праз які варта паказаць лёс народа на пакручастых каляінах гісторыі: паказаць набыткі, страты, прыгадаць мінулае, зазірнуць у будучыню, ацаніць нашы магчымасці. Гэта вельмі адказны жанр, працаёмкі, ён патрабуе ўсяго. Магчыма, таму пісьменнікі ахвотней бяруцца за навелы, апавяданні.

— На набыткі якіх творцаў арыентуецеся? Хто для вас — ідэальны раманіст?

— Ідэальных назваць цяжка. Можа, іх і няма. Хоць кожны пісьменнік у сваёй творчасці імкнецца да напісання ідэальнага твора. Я вельмі паважаю творчасць Кузьмы Чорнага, ён таленавіты пісьменнік-этык, які выдатна ведаў гісторыю, псіхалогію, адчуваў беларускі лёс. З замежных назваў бы Томаса Мана, ён звярнуў увагу не толькі на нашу свядомасць, псіхіку на паверхні, а пайшоў у глыбіню, у падсвядомасць. Сюды дадаў бы амерыканца Уільяма Фолкнера. Яго трылогія «Вёсачка. Горад. Асабняк» — дасканалы твор. Яшчэ прыгадаў бы Джэймса Джойса, Франца Кафку, Марселя Пруста. Захапляюся Іванам Буніным, хоць ён напісаў толькі адзін раман, але несумненна выдатны. У жанравым сэнсе і ў сэнсе паэтыкі ён мне блізкі, бо паказвае не толькі жыццё душы, інтэлекту, думкі. Гэта вельмі пачуццёвы, эмацыянальны твор. Мяне таксама цікавіць і бліжэйшая да нас сучасная літаратура. Вельмі радуюся, калі бачу творчую ўдачу пісьменніка. Напрыклад, усцешылі раманы Пітэра Зюскінда «Парфюмер» і «Імя ружы» Умберта Эка.

— У чым, на вашу думку, палягае розніца ў творчых падыходах празаікаў ХХ і ХХІ стагоддзяў?

— Сёння ўзрастае індывідуальны пачатак. Ва ўсім: у культуры, літаратуры, мастацтве, у жыцці. Паняцце асобнасці, сваёй пячаткі, подпісу мае вялікае значэнне. Гэта пэўнага кшталту знак якасці. І кожны пісьменнік стварае сваю літаратуру. Раней руская, беларуская літаратура маглі ўспрымацца цэласна, як мацярык, прысутнічала нейкая саборнасць. А сёння літаратура складаецца з асобных малекул, якія нібыта звязаныя з іншымі, але кожная — свой свет уяўленняў, каштоўнасцяў, думак, перажыванняў. Хто на што здольны, хто як можа стараецца здзівіць чалавецтва. А здзівіць яго, мне думаецца, немагчыма. Але і ўменне здзіўляцца — гэта таксама талент. Чалавек, пазбаўлены гэтай здольнасці, варты жалю. Гэта сумны чалавек, залішне празаічны, ардынарны.

Хацелася б пажадаць усім, каб у іх праявіўся талент любові да жыцця і свету і здзіўлення перад ім.

— А вас лёгка здзівіць?

— Мне здаецца, у мяне захавалася магчымасць здзіўляцца — таму, што робіцца навокал, калі здзяйсняецца тое, чаго чакаў. Але што тычыцца майго досведу і ўзросту, я не задавака, я пра сябе сціплай думкі. Няма сэнсу сябе раздуваць. Які ёсць — такі ёсць, заставайся сабой, карыстайся тым, што дала прырода, што адпусціў Бог, бацькі, дзяды. Будзь рады гэтаму, удзячны, лічы, што ты не абдзелены. Я лічу сябе звычайным чалавекам.

— Вы шмат працуеце з аспірантамі, маладымі літаратуразнаўцамі. А тут ці ёсць адрозненне паміж пакаленнямі навукоўцаў?

— Вядома, сённяшняе пакаленне адрозніваецца ад папярэднікаў. Я не хачу сказаць, што яно лепшае ці горшае. Проста новае. Метадалогія літаратуразнаўства змянілася, ім даводзіцца асвойваць новыя падыходы, дысцыпліны, што суседнічаюць з літаратуразнаўствам. Сённяшнія аспіранты — таленавітыя, яны любяць і літаратуру, і навуку пра яе.

— А ў якім кірунку варта праводзіць літаратуразнаўчыя даследаванні? Якія тэмы, аспекты яшчэ застаюцца недастаткова вывучанымі?

— Працы хопіць усім. Трэба наноў перагледзець гісторыю беларускай літаратуры, асабліва ХХ стагоддзя. З пункту гледжання дзяржаўнай незалежнасці, суверэннасці, нацыянальнай самабытнасці, міжнароднага культурнага супрацоўніцтва. Варта засведчыць, што мы — паўнавартасныя члены міжнароднай супольнасці. Таму трэба развіваць кампаратывістыку, пісаць пра сувязі нашай літаратуры з замежнымі — кантактныя, якія ёсць з блізкімі суседзямі і славянскім светам, і з далёкімі краінамі — Італіяй, Францыяй, Амерыкай. Варта прааналізаваць і тыпалагічныя сувязі, бо свет, культура развіваюцца па агульных, аб'ектыўных законах, якія ў розных культурах, краінах праяўляюць сябе аднолькава.

— Сёння часта кажуць пра неабходнасць перачытвання класікі. Няўжо яе сапраўды варта штораз пераглядаць, праводзіць новыя даследаванні даўно вядомых твораў?

— Класіка мае ўласцівасць працягваць жыць праз стагоддзі. Як ні дзіўна, гэтыя творы з цягам часу крыху змяняюць сэнс. Магчыма, у семантычным свеце твора штосьці адбываецца, і мы адтуль здабываем новыя думкі, ідэі. Класіка — гэта тое, што жыве, яна ўвесь час нешта нам падказвае. Так, купалаўскую п'есу «Тутэйшыя» паставілі ў часы перабудовы — і твор аказаўся сучасным, рэжысёр яго прачытаў па-свойму ў адпаведнасці з выклікамі часу. Час выклікае ў класіцы новыя аспекты, якія мы раней не бачылі. Магчыма, нават сам аўтар, калі пісаў, іх не бачыў. Гэта таямніца слова, мовы. І сама мова адкрывае ў сабе іншыя сэнсы, падчас узбагачаецца тым, што сустракаецца з новымі рэчамі, з'явамі, шукае для іх новыя найменні, а часам звяртаецца ў архівы, у глыбіні памяці, мінулае. Таму класіка жыве.

Гэтыя тэксты створаныя не толькі на патрэбу аднаго дня, але і на вялікую перспектыву, яны — неацэнная скарбніца нашай духоўнасці, памяці, перажытага.

— У скарбонцы напісанага вамі — больш як дзясятак манаграфій. Якая з кніг для вас найбольш знакавая як для даследчыка?

— Калі разглядаць работы манаграфічнага характару, то адзначу «Жыццё і торчасць Янкі Купалы». Лічу, што гэта карысная кніга, яна вытрымала некалькі перавыданняў. Тым не менш яе можна было б і ўзбагаціць. Мне здаецца неблагой і кніга пра паэзію «Ад старажытнасці да сучаснасці», тут я пастараўся асвятліць пытанні адметнасцяў паэзіі, беларускай перадусім, як яна развівалася, што сабой стылёва ўяўляе, разгледзець уклад буйных класікаў, такіх, як Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пятрусь Броўка, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак. Варта таксама больш пісаць пра такіх таленавітых сучасных пісьменнікаў, як Уладзімір Саламаха, Мікалай Чаргінец, Георгій Марчук, Генадзь Пашкоў, Алег Ждан, Алена Брава, Таццяна Сівец, Мікола Мятліцкі, Міхась Пазнякоў, Алесь Бадак.

— Над чым зараз працуеце?

— Я хацеў бы праналізаваць тое, як у нашай літаратуры адлюстравалася гісторыя. Пачынаючы ад «Слова пра паход Ігаравы» — я ўпэўнены, што гэты твор напісаў беларус, хоць тады яшчэ не было такой нацыі. Але ж нашы землі існавалі, было магутнае Полацкае княства. Нашы продкі — цікавы пасіянарны народ, і па ўсім відаць, што толькі зямляк мог гэта напісаць. Вельмі цікавыя і летапісы, а таксама творы, прысвечаныя гістарычным дзеячам, тая ж «Пахвала Вітаўту». Адметная літаратура XVІ—XVІІ стагоддзяў, публіцыстыка, што адлюстравала царкоўна-рэлігійную палеміку. Закат надышоў, калі ў дзяржаўным выкарыстанні забаранілі беларускую мову, але літаратура зноў узнялася ў ХІХ стагоддзі, яе моцна падтрымаў Адам Міцкевіч з паплечнікамі — філаматамі і філарэтамі, значны ўнёсак зрабілі пачынальнікі сучаснай літаратуры ў пачатку ХХ стагоддзя... Гісторыя ў літаратуры ў нас багата адлюстравалася. Яе аналіз быў бы разглядам і працэсу фарміравання беларускай нацыянальнай свядомасці, нашага менталітэту. Тэма глыбокая і маштабная, нельга ўсе пытанні вырашыць адразу, але цікава было б зрабіць заяўку.

Таксама хацеў бы напісаць пра чалавека, праблемы маралі, духоўнасці. Я калі падумаю пра сябе — бачу, што і сам нямала перажыў, шмат дзе пабываў, быў у розных жыццёвых пераплётах.

— Наколькі асоба аўтара звязаная з яго творчасцю? Ці павінен даследчык літаратуры, разглядаючы здабыткі пэўнага пісьменніка, звяртаць увагу на яго асабістыя якасці?

— Абавязкова. Біяграфія пісьменніка — адна з метадалагічных апораў даследчыка. Гэта ключык для разумення многіх яго твораў. «На ростанях» — гэта ж лёс Коласа, яго духоўная біяграфія. Тут можна згадваць іншых аўтараў, напрыклад Максіма Гарэцкага, Алеся Адамовіча. Біяграфія мае значэнне, таксама як і менталітэт аўтара, яго разуменне маралі, кахання. Важная і мера яго шчырасці: часта бывае, што пісьменнік вельмі закрыты, а ён павінен не саромецца называць рэчы сваімі імёнамі. І творца, які сёння хаваецца за нечым, для мяне мала цікавы. Я паважаю смеласць. Навошта здавацца лепшым, чым ты ёсць? Сёння людзі часта маюць патрэбу ў тым, каб паспавядацца, «дастаць» з сябе нешта з перажытага, даць сабе палёгку. Гэта тонкія рэчы, але несумненна важныя.

— Ці павінен даследчык быць строгім да сябе?

— Сваёй душы нельга даваць палёгкі. Гэта адна з характарыстык даследчыка. Гэта творца, які працуе не толькі з 9 раніцы да 5 вечара. Асаблівасць нашай працы ў тым, што ідэі, праблемы, думкі нас ніколі не пакідаюць.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Кастуся ДРОБАВА

Каментары

Цудоуны и даследчык литаратуры, и письменник. Тэтралогия ягоная - гэта бадай литаратурна-мастацкае адкрыццё у нашай беларускай литаратуры апошняга часу. Дзякуй за умела праведзенае з выдатным творцам интэрвью.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.