Вы тут

Як жыве пчаляр і сырароб з Гаці


Самы адказны і клопатны час на падворку Брэкманаў — раніца і вечар. Здаецца, жыццё вясковай сям'і цалкам залежыць ад гэтых дзвюх фаз сутак, якія быццам дыктуюць гаспадарам свае непахісныя правілы і ўмовы. Сяргей і Тамара Брэкманы з вёскі Гаць вядуць традыцыйны сялянскі лад жыцця, у іхняй натуральнай гаспадарцы шмат свойскай жывёлы і птушак. І гэта вымагае асаблівага распарадку. Сустракаць дзень на досвітку ў вёсцы — няпісаны закон. Прачынацца з пеўнямі — не даніна модзе, а неабходнасць, выпрацаваная з маладых гадоў прывычка. «Хто рана ўстае, таму Бог падае!» — за народнай мудрасцю паўтараюць гаспадары.


Раніца на падворку Брэкманаў пачынаецца з манатоннага тахкання кампрэсарнага рухавіка — у хляве ідзе электрадойка. Галоўны спецыяліст па гэтай дойцы — Сяргей. Механізаваны працэс дойкі дае магчымасць эканоміць час, і гаспадар паспявае за раніцу зрабіць процьму неадкладных спраў: напаіць цялят, падсыпаць корму бычку, прынесці сена, вывесці на поле каня. А потым выправіць кароў на пашу з вясковым статкам. Ранішні сырадой неабходна працадзіць і паставіць у халоднае месца. Поруч з Сяргеем увіхаецца і яго жонка Тамара. Гаспадыня выпускае на двор птушыную чараду, корміць парсючкоў, не забывае і хатняга пестуна — ката. На плячах жанчыны ляжыць агарод і парадак у доме.

Гаспадар кажа, што да таго, каб трымаць невялікую малочную ферму на сваім падвор'і, яго падштурхнулі неэфектыўныя ўмовы сялянскай працы. У свой час за малако, якое здавалі дзяржаве, вяскоўцам плацілі мізэрныя грошы і з вялікімі затрымкамі. А залежаць ад некага і чакаць лепшых часоў — не ў правілах Сяргея. Чалавек ён працавіты і ўмелы, цяжкасцяў не баіцца. Лішкі малака стаў перапрацоўваць сам. Для гэтага давёў свой дойны статак да сямі галоў, пабудаваў невялікую сыраварню і наладзіў вытворчасць тварагу. Сырныя сакрэты ён ведаў з дзяцінства, у прыватнасці — ад маці. Раней у кожнай вясковай хаце рабілі свой тварог, сыр, смятану. Малако, якое даюць рагулі з сяргеевага падворка, тлустае, з яго выходзяць на дзіва смачныя прадукты. Пра тварог, які атрымліваецца ў Брэкмана, даведаліся гурманы з райцэнтра, і на базары за ім заўсёды ўтвараецца чарга.

Летні дзень падганяе вяскоўца, не дае адпачываць. Салодкі водар свежага сена лунае на падворку Брэкманаў. Лета — час касавіцы і загатоўкі сенных запасаў. Трэба рупіцца, пакуль стаіць спрыяльнае надвор'е, а травы набралі найвышэйшую сакавітасць. Сяргей не марудзіць. Кожную пагодную часіну ён на полі. Бо для каровы на зімні перыяд неабходна назапасіць па дзве з паловаю тоны сена, а каню і болей. Работы на полі хоць адбаўляй. Сёлета на сваім трактары Сяргей зрабіў два ўкосы, сухое сена скатаў у рулоны, перавёз на падворак, набіў сенавалы. «Запас бяды не чыніць», — зазначае руплівы гаспадар.

Але «лугавая» работа для Сяргея праходзіць у прамежках яго асноўнай службовай дзейнасці. Сяргей Брэкман — прафесійны пчаляр, працуе ў Акцябрскім лясгасе, і для яго лета — самы гарачы час, разгар медазбору. Пасля ранішніх клопатаў на сваім двары Сяргей спяшаецца на лясгасаўскі мядовы падворак. «На Беларусі пчолы — як гусі, мёд кашамі носяць», — задаволена можа сказаць Брэкман, назіраючы, як працуе яго пчаліная фабрыка. Ён ведае, як зрабіць, каб гэтая фабрыка працавала на ўсю магутнасць. У Сяргея вялікі вопыт у пчалінай справе. Амаль сорак гадоў у свае пяцьдзясят чатыры ён аддаў любімаму занятку. Сваю прафесію пачынаў асвойваць яшчэ да восьмага класа. Ён успамінае: «Не паспеў здаць выпускныя экзамены, тут жа паклікалі ў лясгас на адказную пасаду пчаляра, выпраўляць хібы папярэдніх «прафесіяналаў». Так і застаўся на ўсё жыццё ў лясной гаспадарцы». У той час у краіне больш не было ніводнага выпадку, каб школьніку даверылі кіраваць вялікай пчалінай гаспадаркай.

— Толькі на першы погляд здаецца, што сонечная пасека сярод духмяных кветак — лёгкі і прыгожы занятак вяскоўца ці дачніка, адпачынак. А духмяны мядок на сподачку — падарунак добрай і бесклапотнай пчалы. Насамрэч, толькі цярплівая праца і ўменне даюць вынікі ў гэтай карыснай справе, — кажа пчаляр і дадае. — У добрага пчалавода не бывае кепскага мёда.

У гэтыя дні Брэкман вандруе з медагонкай на калёсах ад пчальніка да пчальніка. Першы медазбор працавітыя пчолы зрабілі з кветак рапсу, маліны, крушыны, і гэты мёд пасечнік паспеў выкатаць з рамак у сярэдзіне лета. Цяпер заканчваецца другі медазбор — з грэчкі, ліпы, канюшыны і купальскіх кветак. На падыходзе мёд з верасу і жнівеньскіх кветак.

Вечарэе. Сыты статак кароў павольна брыдзе ў вёску. Жыхары Гаці чакаюць сваіх карміліц. А на падворку Брэкманаў, як і раніцай, зноў загудзе рухавік электрадойкі. Гаспадарскія клопаты Сяргея і Тамары будуць працягвацца яшчэ доўга.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

anatol@zvіazda.by

Акцябрскі раён

Загаловак у газеце: Летні дзень год корміць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».