Вы тут

Ці патрэбны ў вёсцы паслугі вывазу бытавых адходаў?


Паважаная рэдакцыя, да вас звяртаюцца многія пенсіянеры па пытаннях вывазу цвёрдых бытавых адходаў. У нас такіх — ні цвёрдых, ні мяккіх — няма. Калі якая паперчына з'яўляецца, мы выкарыстоўваем яе для распальвання печкі. У нас усё ж вясковыя дамы, а не гарадскія кватэры. Каму гэтыя паслугі па вывазе адходаў былі патрэбныя, тыя ўжо заключылі дагаворы і карыстаюцца імі. Нам шлюць паведамленні аб налічэннях, пішуць, што калі не заплацім, сума будзе спагнаная праз суд у прымусовым парадку... Няўжо мяне ў 73 гады будуць судзіць? Плаціць мне няма за што, я ні разу не карыстаўся гэтымі паслугамі і не буду, бо мне няма чаго выкідваць. Няхай абследуюць мой дом і прысядзібную тэрыторыю. Дагавор я адмовіўся заключаць, майго подпісу нідзе няма. Адмову накіроўваў у ЖКГ, але ніхто і слухаць не хоча.

Уладзімір Іванавіч РАЎЛУШЭВІЧ, вёска Воранаўка Воранаўскага раёна


Ліст чытача мы прыводзім са скарачэннямі, бо, як цалкам справядліва заўважае сам заяўнік, па гэтым пытанні ў рэдакцыю жыхары сельскіх населеных пунктаў колькі часу таму звярталіся сапраўды шмат. Таму напачатку коратка нагадаем тое, пра што ўжо неаднойчы пісалася. Некалькі гадоў таму ў краіне пачала ўвасабляцца ў жыццё дзяржаўная праграма, мэтай якой быў 100-працэнтны ахоп менавіта сельскага насельніцтва паслугамі па вывазе і абясшкоджванні камунальных адходаў. Калі ў гарадах гэтая задача вырашаецца ўжо даўно, у вёсках названая праблема часам пераўтваралася ў сапраўднае бедства, калі вакол вёсак, у лясах, на берагах вадаёмаў узнікалі стыхійныя звалкі бытавых адходаў. Што б там не гаварыў паважаны Уладзімір Іванавіч (як і ўсе ранейшыя заяўнікі, што звярталіся ў рэдакцыю па «гарачай лініі»), але наша сучаснае жыццё ўжо нельга ўявіць без такіх жа сучасных рэшткаў чалавечай жыццядзейнасці. Няхай нават у невялікай колькасці, але адходы абавязкова будуць: поліэтыленавыя пакеты, абгорткі ад прадуктаў, пластыкавыя бутэлькі, шкло... І далёка не ўсё можна спаліць у печы, а некаторыя адходы і ўвогуле з розных прычын (ад пажарных да экалагічных) рызыкоўна спальваць не толькі ў хаце, але і на прысядзібным участку. Як і ўтылізаваць іх, напрыклад, закапаўшы на тым агародзе. І якое выйсце застаецца ў гэтай сітуацыі? Правільна, ахоп насельніцтва паслугамі па зборы і вывазе бытавых адходаў. Ён можа весціся рознымі спосабамі: праз устаноўку кантэйнераў для смецця, праз аб'езд вуліц спецаўтатранспартам у пэўны час.

Менавіта па другім варыянце арганізаваны вываз бытавых адходаў у вёсцы Воранаўка, паведаміла рэдакцыі старшыня Пераганцаўскага сельвыканкама Людміла Дзекан. Іх спецаўтатранспарт забірае чатыры разы на месяц — раз на тыдзень. Кошт паслугі — крыху больш за 1,2 рубля з чалавека ў месяц. Пагадзіцеся, і зручна, і нядорага.

— Работнікі ЖКГ абыходзілі дамы ў Воранаўцы з прапановамі заключыць дагаворы на вываз бытавых адходаў. Пасля разаслалі паведамленні, што з ліпеня будзе налічвацца плата за гэтую паслугу. Ваш заяўнік сапраўды адмовіўся заключаць дагавор, — расказала Людміла Станіславаўна.

Далей па просьбе рэдакцыі работнікі сельвыканкама наведалі падворак Уладзіміра Іванавіча, каб непасрэдна на месцы разабрацца ў прычынах такога кроку вяскоўца. Па словах Людмілы Станіславаўны, з ім адбылася размова прыкладна такога зместу. «Вось вы набылі ў краме тавар у шкляной тары. Куды вы яе падзелі? — прагучала пытанне. «Вынес» — быў адказ. «Значыць, чалавек усё ж карыстаецца паслугай», — канстатавала старшыня сельвыканкама. Паводле яе далейшых слоў, пасля гэтай размовы Уладзімір Іванавіч стаў схіляцца да таго, каб заключыць дагавор на вываз бытавых адходаў. З двух членаў сям'і ў месяц гэта будзе каштаваць крыху больш чым 2,4 рубля новымі грашыма.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Пасля гутаркі заяўнік схіліўся да заключэння дагавора на вываз бытавых адходаў»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.