Вы тут

З-за чаго выміраюць абарыгенныя беларускія ракі?


Небяспечнае захворванне, занесенае чужароднымі відамі ракаў, пагражае смерцю абарыгенным жыхарам беларускіх рэк і азёр.


Каб спыніць распаўсюджванне чумы, захаваць і аднавіць пагалоўе гэтага каштоўнага прамысловага аб'екта ў жывой прыродзе, спецыялісты навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах заклікаюць грамадскасць паведамляць пра з'яўленне ў ракаў сімптомаў гэтага захворвання ці рэзкае зніжэнне іх колькасці ў вадаёмах краіны.

Ракі — самыя буйныя беспазваночныя прадстаўнікі жывёльнага свету ў прэсных вадаёмах. Папуляцыі гэтых жывёл ужо не адно стагоддзе запар эксплуатуюцца чалавекам у якасці далікатэснага прадукта харчавання. Але апошнім часам колькасць ракаў няўхільна скарачаецца. На працягу апошніх 150 гадоў у краінах Еўропы іх уловы зменшыліся на 95%. Адбываецца гэта з-за шматлікіх прычын антрапагеннага і прыроднага характару. Акрамя забруджвання вадаёмаў прамысловымі і бытавымі адходамі і моцнага эксплуатацыйнага прэса, ракі таксама пакутуюць ад усялення ў вадаёмы чужародных амерыканскіх відаў ракаў. Адбываецца гэта не толькі ў сувязі з канкурэнцыяй за харчаванне і так званае месца пад сонцам, але і з-за магчымага распаўсюджвання замежнымі «гасцямі» рачынай чумы.

Як расказала вучоны сакратар НПЦ па біярэсурсах Кацярына Хейдарава, у Беларусі жывуць усяго тры віды ракаў, з якіх два — абарыгенныя (шыракапалы і даўгапалы ракі) і адзін чужародны (амерыканскі паласаты рак). У перспектыве вучоныя чакаюць з'яўлення яшчэ аднаго чужароднага для беларускай фаўны віду — амерыканскага сігнальнага рака. «Амерыканцы» падчас эвалюцыі выпрацавалі ўстойлівасць да рачынай чумы: яны з'яўляюцца пераносчыкамі ўзбуджальнікаў гэтага захворвання, аднак самі ад яго не гінуць. У абарыгенных ракаў чума, як правіла, невылечная і прыводзіць да смяротнага зыходу. Аднак апошнія даныя навукоўцаў сведчаць пра існаванне некалькіх разнавіднасцяў штамаў узбуджальніка рачынай чумы, якія адрозніваюцца ступенню сваёй патагеннасці. Таму пошук новых звестак пра механізмы перадачы і распаўсюджвання рачынай чумы, генетычныя перадумовы ўстойлівасці да гэтага захворвання — вельмі важная задача для распрацоўкі дзейсных мер па захаванні і аднаўленні пагалоўя ракаў у жывой прыродзе.

Рачыная чума ўзнікае з-за пасялення на панцыры ракаў патагенных ааміцэтаў (у народзе завуцца «воднымі цвілямі»), якія разбураюць хіцін і пашкоджваюць нервовую сістэму. У заражаных жывёл з'яўляюцца адхіленні ў паводзінах, парушаецца рухальная актыўнасць, змяняецца знешні выгляд. Сярод асноўных сімптомаў захворвання навукоўцы вылучаюць наступныя: актыўнасць у светлы час сутак, парушэнне каардынацыі, хаджэнне на прамых нагах, адсутнасць рэфлексу ўцёкаў, страта некаторых канечнасцяў, параліч усяго цела ці некаторых яго частак, асвятленне вачэй і мышцаў, з'яўленне цёмных плям на панцыры і ніжнім баку брушка. Не ўсе прыкметы рачынай чумы выяўляюцца ў ракаў адначасова.

Пры выяўленні нават некаторых з пералічаных сімптомаў ці ў выпадку рэзкага зніжэння колькасці ракаў у зусім нядаўна багатым імі вадаёме паведаміце, калі ласка, спецыялістам ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах» (220072, г. Мінск, вул. Акадэмічная, 27; www.bіobel.by) па тэл./факсе +375 (17) 284-15-93 ці на электронную пошту zoology@bіobel.by. Давайце разам дапаможам нашым ракам!

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zviazda.by

Загаловак у газеце: Спыніць рачыную чуму

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?