Вы тут

Жыццёвы шлях мінскага князя Глеба Усяславіча (? — 1119)


Ён мог зрабіць шмат. Але мэты, якія менскі князь Глеб Усяславіч ставіў перад сабою, аказаліся яму не пад сілу, і жыццё ягонае закончылася не ў славе, не ў велічы здзейсненага, а на чужыне, у няволі.


З усіх сыноў Усяслава Брачыславіча Глеб праявіў унаследаваную ад бацькі энергію і неспакойны характар. Дзейсны, часам нястрыманы, ён быў народжаны для вайны, яго баявы дух гібеў у мірны час. Як ні дзіўна, менавіта ваяўнічасць Глеба і зрабілася яго слабым месцам. Не ўсё вырашаецца сілай і зброяй, асабліва ў палітыцы, дзе патрэбна і мудрасць, і вытрымка, і проста хітрасць, каб не толькі дачакацца зручнага моманту, а стварыць яго і скарыстацца плёнам на сваю карысць. І ўсё ж трэба прызнаць выключную ролю Глеба ў гісторыі Менска, як ягонага першага князя, які змог разгледзець выключнае значэнне гэтага горада ў будучыні як цэнтра яднання крыўскіх і дрыгавіцкіх земляў, адкуль можна было асвойваць землі Верхняга Панямоння. Зразумела, цяжка разважаць аб чалавеку і яго дзейнасці, калі пра яго ў летапісах захавалася некалькі радкоў. Але сам факт, што пра яго напісана ў кіеўскім летапісе, даволі знамянальны. Значыць, асоба менскага князя на той час была задужа значнай, каб ігнараваць яе, а пасля пры шматлікіх рэдагаваннях летапісаў выкінуць яго імя з гісторыі.

Такім чынам, што мы ведаем пра Глеба? У 1104 годзе Глеб сеў у Менску замест князя Давыда Усяславіча. Яго нібыта выгнаў полацкі князь Барыс-Рагвалод з прычыны сепаратнай палітыкі супрацоўніцтва з Кіевам, што не адпавядала полацкім інтарэсам. Апошнім часам выказана думка, што тагачасны Менск быў адміністрацыйным цэнтрам кіравання Нёманскага адгалінавання гандлёвага шляху «З варагаў у грэкі». Зразумела, самому Менску супрацоўніцтва з Кіевам было выгаднае, але не Полацку. Відаць, таму і быў заменены Давыд на Глеба, які павінен быў праводзіць палітыку ў агульнадзяржаўных інтарэсах. Выхад Менска з-пад кантролю Кіева не мог не занепакоіць кіеўскага князя Святаполка Ізяславіча, які ў 1104 годзе і выправіў у паход на Глеба кааліцыю паўднёва-рускіх дружын. Менск вытрымаў дзевяцімесячную аблогу, і ворагі беспаспяхова адступілі ад горада.

Па­ход паўд­нё­ва­р­ус­кіх кня­зёў на Менск  у 1104 го­дзе.

Глеб, замацаваўшыся ў Менску, пачаў мэтанакіраваную палітыку пераарыентацыі Нёманскага шляху праз крывіцкія землі па Свіслачы да Дняпра. У гэты час узнікаюць гарадзішчы Свіслач, Полацкае, Ялізава. Пэўна, будаўніцтвам гэтых гарадзішчаў і займаўся Глеб. Насупраць Оршы, якая належала Смаленскай зямлі, Глеб закладвае Копысь і ўрэшце авалодвае і гэтым важным цэнтрам на Дняпры на шляху «З варагаў у грэкі». Такім чынам, у руках менскага князя апынуліся ключы ад двух найважнейшых адгалінаванняў славутага гандлёвага шляху — Нёманскага і Дняпроўскага. Гэта адразу ж парушыла кіеўскую гегемонію на ўсходнеславянскіх землях. Паўстаў новы цэнтр Менск, і яго трэба было абавязкова знішчыць, што і рабілася кіеўскімі князямі раней, у 1067 і 1089 гадах. А разбурэнне ў 1116 годзе Глебам Слуцка і вывад адтуль жыхароў у Кіеве ўспрынялі не толькі як замах на кіеўскую ўладу на дрыгавіцкіх землях, але і прамы выклік. Глеб не стаў слухаць перасцярогі і пагрозы новага вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Манамаха і адправіў прэч яго паслоў. Магчыма, трэба было неяк схітрыць, улагодзіць канфлікт і, можа, нават дамовіцца з Манамахам, але Глеб паказаў, што не баіцца яго. А можа, радавая ганарлівасць не дазваляла прыніжацца перад катам, які некалі паліў і рабаваў Полацкую зямлю (і не толькі яе), спаліў Менск і забіў усіх ягоных жыхароў? Як Глеб мог падаць руку зацятаму ворагу? Глеба можна зразумець, апраўдаць яго ўчынак з маральнага аспекту, а вось з рацыянальнага пункту гледжання, дзейнічаў ён безразважліва. (Добра нам казаць, калі ведаем вынікі тых падзей.)

На Менск рушылі падуладныя Манамаху князі: чарнігаўскі, смаленскі, пераяслаўскі, ноўгарад-северскі. Уся Паўднёвая Русь падалася на Менск. Князі адначасова нанеслі ўдар па Менскаму княству з трох бакоў. Смаленскі князь Вячаслаў, сын Манамаха, захапіў Оршу і Копысь. Чарнігаўскія князі Яраполк і Давыд Ольгавічы захапілі і разбурылі Друцк, а жыхароў яго вывелі ў няволю. Сам Манамах абклаў Менск. Але, не ў сілах узяць горад, схіліў Глеба да міру. Так закончылася гэтая выправа. Толькі Глеб не змірыўся з паражэннем. Паводле звестак рускага гісторыка Васіля Тацішчава, Глеб Менскі разам з палачанамі ў 1119 г. «начал воевать области Владимировых детей, Новогородскую и Смоленскую». Наконт «области» Смаленскай, дык зразумела, што Глеб адваёўваў Копысь і Оршу, а вось пад «Новогородской» трэба разумець памежную з Менскай зямлёй Наваградскую зямлю, якая, пэўна, пасля 1116 года перайшла пад кіеўскую ўладу. Глеб не мог дапусціць падобнага рабавання свайго княства. Летапісы маўчаць пра вынікі ягонага «ваявання», але трэба думаць, яно было паспяховым, бо Манамах вымушаны арганізоўваць новы паход на Менск.

Рэ­кан­струк­цыя ўсход­няй част­кі Мен­ска.

На гэты раз горад быў узяты, а Глеб трапіў у палон і адвезены ў Кіеў, дзе неўзабаве 13 верасня 1119 года памёр. Летапісцы замоўчваюць падрабязнасці гэтых падзей, а значыць, ёсць што ўтойваць. Думаецца, што Глеб зноў паверыў Манамаху і прыбыў у кіеўскі стан для перамоў, дзе яго, насуперак крыжоваму цалаванню, зняволілі, як у свой час і князя Усяслава. Але, каб не дапусціць паўтарэння падзей 1068 г. (паўстання кіян і абвяшчэнне Усяслава кіеўскім князем), Глеба проста атруцілі. Менск не знішчалі, як раней, проста яго выкарыстоўвалі як крэпасць. (Кіеўскі намеснік гэтак і не дабудаваў замацаваную Глебам мураваную царкву.) Цэнтр адміністрацыі Нёманскага шляху перайшоў у Верхняе Панямонне ў Наваградак, што спрыяла развіццю гэтага горада. Калі нагадаць, што Глеб рабіў багатыя ўклады ў Кіева-Пячэрскі манастыр, пачаў будаўніцтва мураванай царквы ў Менску, дык быў ён набожным чалавекам, карыстаўся асаблівай ласкай у Кіева-Пячэрскіх манахаў, бо пахавалі яго побач з заснавальнікам манастыра св. Фядосіем. Такога гонару не атрымаў ніводны князь, у чым бачыцца ацэнка заслуг Глеба Усяславіча ў пашырэнні хрысціянства на крывіцкіх і дрыгавіцкіх землях.

Вядома, што з жонкай, княгіняй Настассяй Яраполкаўнай, Глеб меў сыноў Расціслава, Валадара і Усевалада, такіх жа самых дзейсных і ваяўнічых, як і сам ён. Дачка Валадара зрабілася дацкай каралевай, яе нашчадкі і цяпер там жывуць, а значыць, кроў Глеба Менскага пульсуе ў венах цяперашніх еўрапейскіх манархаў.

Вітаўт ЧАРОПКА

Загаловак у газеце: Глеб Усяславіч (? — 1119)

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.